Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КДБ правёў у беларускіх кватэрах удзельнікаў сьвяткаваньня Дня Волі за мяжой больш за 20 ператрусаў

 Павал Севярынец. Вільня, 25 сакавіка 2026
Павал Севярынец. Вільня, 25 сакавіка 2026

25 траўня на менскай кватэры Паўла Севярынца супрацоўнікі Сьледчага камітэту правялі ператрус і паведамілі маці палітыка пра завядзеньня супраць яго крымінальнай справы за ўдзел у сьвяткаваньні Дня Волі ў Вільні 25 сакавіка.

Пра гэта Павал Севярынец паведаміў Свабодзе і распавёў, у чым яго вінавацяць.

«Дакладна матуля запомніла, што фігуруе абвінавачаньне ў „экстрэмісцкай дзейнасьці“, але артыкулаў больш. Яна звычайна хвалюецца і гэтым разам тое ж самае было. Мяркую, гэта помста за Дзень Волі», — сказаў Павал Севярынец.

Паводле праваабаронцы Ўладзімера Лабковіча ў «Вясьне» зарэгістравалі ўжо 23 паведамленьня пра ператрусы ў кватэрах актывістаў у розных гарадах Беларусі, якія бралі ўдзел у сьвяткаваньні Дня Волі за мяжой.

«Гэта пачалося 21 траўня і ў пасьля аднаго дня мы ўжо мелі 10 ператрусаў. Іх рабілі супрацоўнікі КДБ, а цяпер даходзяць зьвесткі і пра такія ж дзеяньні супрацоўнікаў Сьледчага камітэту. Шмат у якіх выпадках абвінавачваюць ня толькі паводле экстрэмісцкіх артыкулаў, але і ў „здрадзе дзяржаве“. Пагражаюць, некаторым перадаюць, каб вярталіся і калі павіняцца ды пакрыюць нанесеныя страты, дык нібыта гэта будзе ўлічана. Хаця страты яшчэ нават ня вызначаныя і судоў не было. Гэтая практыка паказвае, што трансмежны перасьлед беларусаў узмацніўся, але і ў Беларусі ціск на сваякоў таксама вялікі. Людзей запалохваюць. Тым больш цынічна гэта выглядае, бо пачалася кампанія 21 сакавіка, калі дэмакратычныя сілы адзначвалі Дзень палітвязьня. Пасланьне ад уладаў зразумелае, яно добра чытаецца», — сказаў Свабодзе Ўладзімер Лабковіч.

Праваабаронца Лабковіч сам таксама апынуўся сярод тых, на каго ў Беларусі завялі крымінальныя справы пасьля 25 сакавіка і правялі ператрусы па іх адрасах у Беларусі.

Праваабаронцы фіксуюць таксама выпадкі завядзеньня крымінальных спраў на актывістаў, якія вылучаліся ў Каардынацыйную Раду. Гэтак, «Вясьне» стала вядома пра былога жыхара Мікалая Ляпешку, які жыве ў Варшаве.

«На пачатку траўня 2026 году прыехалі з КДБ да майго брата і цешчы. Правялі ператрус у маёй кватэры ў Ваўкавыску і апячаталі яе. Вядома, што супраць мяне распачатыя некалькі крымінальных спраў, у тым ліку „за здраду дзяржаве“. У КДБ мне перадалі, што калі я не прыеду, то сядзе мой брат замест мяне», — распавёў Мікалай.

Што кажа юрыст

Паводле юрыста Дзьмітрыя Лепрэтара ператрусы кватэр актывістаў і запалохваньні іх сваякоў, якія адбываліся ў Беларусі, могуць зацікавіць юрыстаў Міжнароднага крымінальнага суду ў Гаазе.

«Падобныя выпадкі могуць разглядацца МКС у сукупнасьці зь іншымі фактамі перасьледу і запалохваньня грамадзянскага насельніцтва. Гэта частка агульнай карціны сыстэматычнага перасьледу палітычных апанэнтаў. Важна падкрэсьліць, што расьсьледаваньне МКС па сытуацыі «Літва — Беларусь» датычыцца злачынстваў супраць чалавечнасьці, уключаючы дэпартацыю і перасьлед, якія пачаліся на тэрыторыі Беларусі і былі завершаны або працягнуты на тэрыторыі Літвы. Таму, калі гаворка ідзе аб перасьледзе і запалохваньні сваякоў асоб, якія знаходзяцца ў Літве, такія дзеяньні патэнцыйна могуць атрымаць адпаведную прававую ацэнку і кваліфікацыю ў рамках расьсьледаваньня МКС, — цытуе юрыста Дзьмітрыя Лепрэтара выданьне «Люстэрка».

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG