Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: у Яўгена Скочкі ў СІЗА праблемы са здароўем, чакае этапу ў калёнію

Яўген Скочка, архіўнае фота
Яўген Скочка, архіўнае фота

На 6 траўня ў Беларусі было як мінімум 840 палітвязьняў, прызнаных такімі праваабарончай супольнасьцю, а паводле Dissidentby.com іх 917. Рэальна зьняволеных з палітычных матываў у краіне можа быць больш.

Былога намесьніка старшыні «Маладога Фронту» Яўгена Скочку, які даўно адышоў ад палітыкі, цяпер асудзілі на тры гады зьняволеньня.

Паводле зьвестак «Вясны», Яўгена Скочку абвінавацілі ў «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці» (арт. 361‑4 Крымінальнага кодэксу), у «паклёпе» і «абразе Лукашэнкі» (арт. 367 і 368 КК), а таксама ў «дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь» (арт. 369-1 КК).

З падрабязнасьцяў справы Яўгена Скочкі вядома хіба тое, што ў камэнтары ў сацыяльных сетках ён ужыў слова «калхазан» і аспрэчыў тое, што «Беларусь — прававая краіна». Пасьля суду, які адбыўся ў пачатку лютага, беларускія праваабаронцы прызналі Скочку палітвязьнем.

Дасьведчаная ў справах Яўгена Скочкі крыніца расказала пра ўмовы ягонага ўтрыманьня і настрой палітвязьня.

«За паўгоду СІЗА яму тройчы мянялі камэру, цяпер сядзіць у невялікай, на 10 чалавек. Казаў, што ягонае месца на верхнім ярусе і што там усе, хто наверсе, з жоўтымі біркамі, то бок палітычныя. Збольшага на ўмовы ня скардзіўся, настрой у яго нармальны. Наракае толькі на турэмнае харчаваньне, бо на некаторыя стравы ў яго алергія», — расказала крыніца.

Вярхоўны суд Беларусі ў красавіку пацьвердзіў прысуд Яўгену Скочку. Гэта азначае, што неўзабаве з гомельскага СІЗА палітвязьня перавядуць у калёнію, але ў якую, пакуль не паведамілі.

Паводле крыніцы, галоўная праблема для Яўгена — тое, што ягоны стан можа пагоршыцца праз больш складаныя ўмовы ў калёніі.

«У яго павышаны ціск, паводле рэцэпту перадаюць адмысловыя лекі, і ён іх атрымлівае, гэта дакладна. Яшчэ ў яго нестабільнасьць шыйных хрыбетак, праз што таксама патрэбныя пэўныя мэдычныя захады — яму трэба насіць адмысловы „каўнер“. У СІЗА гэта ўсё робіцца, але як будзе ў калёніі, невядома. І зрок пагоршыўся. Шмат чытае, між тым асьвятленьня там недастаткова. Усё гэта разумее, але пры гэтым прасіў за яго асабліва не перажываць, казаў, што ўсё вытрывае, да ўсяго падрыхтаваны», — апавяла крыніца аб праблемах Яўгена Скочкі са здароўем.

Чым вядомы Яўген Скочка

У канцы 90-х цягам некалькіх гадоў Яўгена Скочку выбіралі намесьнікам старшыні «Маладога Фронту» — моладзевай грамадзкай арганізацыі, якая была ў эпіцэнтры барацьбы з дыктатурай Лукашэнкі і змагалася за захаваньне незалежнасьці Беларусі.

Тагачасны старшыня «Маладога Фронту» Павал Севярынец назваў Яўгена Скочку «вельмі харызматычным і крэатыўным палітыкам, зь якім заўсёды было цікава працаваць побач».

Віктар Жагунь, Яўген Скочка і Ўладзь Лабковіч, Менск, 1998 год
Віктар Жагунь, Яўген Скочка і Ўладзь Лабковіч, Менск, 1998 год

«Гэта разам зь ім на дзень Сьвятога Валянціна мы ладзілі шэсьці да эўрапейскіх амбасадаў, ён асабіста прыдумляў і праводзіў пэрформансы, пра якія нават расейская тэлевізія згадвала ў вечаровых навінах. Вельмі крэатыўны, харызматычны. За адзін выпадак, калі незаплянавана ўзарваўся пачак фаервэркаў, на яго завялі крымінальную справу і асудзілі на год умоўна. Ён зьехаў у Гомель, адкуль плянаваў вярнуцца ў Менск, але сустрэў там сваю палавінку, завёў сям’ю, пайшлі дзеці і ён там застаўся», — расказаў пра Яўгена Скочку Павал Севярынец.

Палітык ня ўзяўся вызначыць, чаму праз больш як 20 гадоў улады Беларусі згадалі пра былога маладафронтаўца і вырашылі пакараць яго пазбаўленьнем волі.

«Калі ў 2000 годзе першы раз Скочку судзілі за тыя фаервэркі, яшчэ бывала, што справы развальваліся празь недахоп доказаў. Цяпер такое немагчыма. Знойдуць непажаданы допіс у тэлефоне — і гэтага хопіць, каб кожнага адправіць за краты, а ня тое што вядомага апазыцыянэра», — мяркуе Павал Севярынец.

У кастрычніку 2026 Яўгену Скочку споўніцца 50 гадоў. Да арышту ён жыў зь сям’ёй ў Гомлі, займаўся прадпрымальніцтвам. У яго трое дзяцей.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG