Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 21 траўня: ператрусы у менскіх кватэрах актывістаў, якія выехалі за мяжу

абноўлена
Шыльда Горадзенскага абласнога суда. Ілюстрацыйнае фота
Шыльда Горадзенскага абласнога суда. Ілюстрацыйнае фота

Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных матываў у Беларусі.

У менскай кватэры праваабаронцы «Вясны» Лабковіча ператрус

Як паведаміў сам Уладзімер Лабковіч, ператрус адбываецца ў межах новай крымінальнай справы, узбуджанай за яго дзейнасьць пасьля вызваленьня. Сутнасьць абвінавачваньня і іншыя падрабязнасьці невядомыя.

Толькі вядома, што санкцыя на ператрус выданая Генэральнай пракуратурай, што сьведчыць аб цяжкасьці абвінавачваньняў.

Экс-палітвязьня Лабковіча ў сьнежні 2025 году вызвалілі з калёніі і гвалтоўна вывезьлі за мяжу.

Агулам праваабаронцам вядома пра масавыя ператрусы сёньня ў Менску. Яны адбываюцца ў кватэрах зьехаўшых з Беларусі актывістаў. Падрабязнасьці і прычына актыўнасьці сілавікоў – высьвятляюцца.

Экс-каліноўца Шабуцкага завочна асудзілі на 19 гадоў калёніі

20 траўня ў Горадзенскім абласным судзе ў межах спэцыяльнага вядзеньня разгледзелі крымінальную справу супраць Максіма Шабуцкага. Яго абвінавацілі паводле 18 крымінальных артыкулаў, сярод якіх «зьдзек зь дзяржаўных сымбаляў», «распальваньне варожасьці», «дыскрэдытацыя Беларусі» і «стварэньне злачыннай арганізацыі».

У сукупнасьці прысудаў экс-каліноўцу прызначылі 19 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму і штраф 3 500 базавых велічыняў (157 500 рублёў).

Раней Сьледчы камітэт паведамляў, што ў выніку «супрацьпраўных дзеяньняў Шабуцкага дзяржаве нанесены маёмасны ўрон у памеры прыблізна 31 мільён рублёў, які падлягае спагнаньню з абвінавачанага».

«Экстрэмісцкіх» матэрыялаў стала больш

У праваабарончым цэнтры «Вясна» паведамілі, што ўлады Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі» шэраг старонак у сацыяльных сетках.

У прыватнасьці, у сьпіс цяпер дадазеныя старонка ў Threads julia_tarasevich, старонка ў Facebook «Беларусы в Бельско-Бяла», старонка ў Instagram yahorau_a.

Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.

Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.

Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.

Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.

На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.

Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».

Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG