Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікола Дзядок за 6 дзён напісаў кнігу пра сваю няволю і больш не плянуе вяртацца да турэмнай тэмы

Мікола Дзядок. 12 верасьня 2025
Мікола Дзядок. 12 верасьня 2025

Мікалай Дзядок, былы палітвязень і журналіст, выпусьціў кнігу турэмных успамінаў «Апавяданьні з кішэні. Горадзенская крытая ў імёнах і тварах».

Кніга цалкам прысьвечаная яго знаходжаньню ў гарадзенскай турме, дзе аўтара трымалі зь ліпеня 2022 па пачатак 2025 году. Яна мае маркер 18+, то бок не рэкамэндаваная для чытаньня непаўналетнім асобам.

Кніга былога палітвязьня Міколы Дзядка
Кніга былога палітвязьня Міколы Дзядка

Як распавёў Свабодзе Мікалай Дзядок, за 5 год зьняволеньня ў яго было некалькі месцаў няволі: будынак ГУБАЗіКа ў Менску, дзе яго катавалі электрашокерам, магілёўская сьледчая турма № 4, дзе адмаўлялі ў лячэньні, ПК-9 ў Горках, дзе каралі штрафным ізалятарам, горадзенская турма нумар 1.

Былы палітвязень абраў для сваёй кнігі толькі горадзенскую турму.

«Гэта месца ўнікальнае, зь гісторыяй вялікіх пакутаў. І пра сябе магу сказаць, што там ужывалі мноства досыць унікальных карных практык. Пакуль ішоў гэты моцны псыхалягічны, маральны і фізычны ціск, у мяне ў галаве сасьпела ладная колькасьць думак. Спрабаваў асэнсаваць і прыдумляў ды выпрабоўваў розныя стратэгіі і тактыкі супраціву гэтаму ўсяму. Вядома, як у чалавека, які ўсё жыцьцё працуе з тэкстамі, было жаданьне гэтыя думкі запісаць, але разумеў, што ніхто мне не дасьць вынесьці мае прыватныя запісы, таму запісваў іх, так бы мовіць, у сябе ў галаве. Потым, як апынуўся на волі, наступіў час іх запісаць у кнігу і цяпер яе выдаць», — распавёў Мікалай Дзядок.

Мова турмы — расейская

Паводле аўтара, для працы над кнігай яму хапіла 6 дзён. Атрымалася 92 старонкі тэксту. Наклад 500 асобнікаў, палова з накладу — беларускі варыянт кнігі, другая палова — расейскі. Першапачаткова кніга была напісана па-расейску і потым перакладзеная на родную мову, прызнаўся аўтар і патлумачыў, чаму гэтак атрымалася.

«Бо расейская мова — гэта насамрэч мова турмы. Яна там найбольш распаўсюджаная і больш гарманічная, як той казаў, слова з песьні не выкінеш. З гэтай прычыны насуперак маёй завядзёнцы напісаў кнігу адразу па-расейску і нават пэўны час сумняваўся, ці перакладаць на беларускую мову. Усё ж вырашыў перакласьці, але там вялікія цытаты і кавалкі засталіся па-расейску, каб не губляўся „крымінальна-рускамірны“ антураж. Пакідаў і моцныя выразы», — прызнаўся Мікола Дзядок.

Паводле Мікалая Дзядка ягоная кніга прызначаная для аўдыторыі 18+ ня толькі праз наяўнасьць нецэнзурных словаў.

«Што выразы? Там апісаньні гвалту, зьдзекаў, апісаньні цяжкіх псыхалягічных станаў. Даваў кнігу пачытаць на рэцэнзію пяці сваім знаёмым, усе адгукнуліся і сказалі, што ім было даволі цяжка чытаць. Ня тое, што кніга атрымалася сумная альбо нецікавая, а проста яна вусьцішная па сваім зьмесьце», — мяркуе аўтар пра свой твор.

На гэтых успамінах Мікалай Дзядок, як прызнаецца, паспрабуе паставіць кропку ў сваёй турэмнай літаратуры.

«Для сябе вырашыў, што трэба закончыць пісаць пра турму і пераключыцца на праблемы палітыкі, ператварэньня грамадзтва, на развагі пра глябальныя праблемы. Але тое, што ў мяне ўжо было запісана ў галаве, мяркую, будзе карысным тым, хто хоча падрыхтаваць сябе да магчымых наступстваў палітычнай барацьбы. Яшчэ кніга будзе карысная як дакумэнт, які сьведчыць пра злачынствы супраць чалавечнасьці. Спадзяюся, яна яшчэ прыдасца для будучых судоў над гэтымі людзьмі. Я веру, што такія суды адбудуцца», — падзяліўся Мікалай Дзядок.

У ягонай кнізе названыя імёны ня толькі палітвязьняў, з якімі актывіст адбываў пакараньне ў гарадзенскай турме, але і імёны міліцыянтаў і турэмшчыкаў.

Паводле Мікалая Дзядка ён у анархіскім руху ўжо 23 гады, з 15-гадовагу ўзросту падзяляў гэтыя погляды, але цяпер гэты актывізм для яго ў мінулым, ён проста блогер і палітоляг.

«У нейкі момант зразумеў, што ніводная ідэалёгія, нават такая сьветлая і пазытыўная, як анархізм, ня здольная даць адказы на ўсе пытаньні і вызначыць шлях, які вырашыць праблемы перад чалавецтвам. А яшчэ з таго часу, як я далучыўся да анархізму, ён ідэалягічна эвалюцыянаваў у бок, які мне ня вельмі падабаецца. Пры гэтым зазначу, што ўсе каштоўнасьці, якіх я падзяляў, засталіся пры мне», — кажа Мікалай Дзядок.

Гэта ня першая турэмная кніга Мікалая Дзядка. У 2011 годзе Заводзкі раённы суд Менску асудзіў Дзядка па артыкуле аб «хуліганстве» на 4,5 года пазбаўленьня волі за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі ля будынку Генштабу. Па вызваленьні, якое адбылося ў 2015 годзе, Мікалай Дзядок выпусьціў кнігу «Фарбы паралельнага сьвету». Тады кнігу пра зьдзекі, якія ён зьведаў у вязьніцах, ён прэзэнтаваў у Менску.

У 2020 годзе Мікалая Дзядка зноў арыштавалі і судзілі паводле трох палітычных артыкулаў. З улікам новага суду, якія адбыўся ў калёніі па 411 артыкуле КК усяго ён быў асуджаны на 5 гадоў зьняволеньня. У верасьні 2025 году Мікалай Дзядок быў вызвалены і прымусова вывезены з Беларусі ў складзе групы з 52 палітвязьняў.

Кніга Мікалая Дзядка «Апавяданьні з кішэняў» выйшла ў выдавецтве Kamunikat.org. У Вільні прэзэнтацыя кнігі адбудзецца 31 траўня а 18.00 у прасторы «Золак».

Супраць Дзядка ў Беларусі завялі новую крымінальную справу

Мікола Дзядок у сваім тэлеграм-канале напісаў, што «ягоным родным паведамілі аб завядзеньні супраць яго новай крымінальнай справы».

«Падрабязнасьці сьледчы не раскрывае: нібы за мае „экстрэмісцкія“ публікацыі ці выказваньні. Прытым чамусьці ў Віцебску. Бацькоў цягаюць на допыты», — паведаміў Дзядок.

Хто такі Мікола Дзядок

  • Мікола Дзядок, беларускі грамадзка-палітычны дзяяч, анархіст, журналіст і публіцыст, палітвязень у 2010–2015 і зь лістапада 2020 году па верасень 2025 году.
    • 10 лістапада 2021 году Дзядка асудзілі на 5 гадоў зьняволеньня, прызнаўшы вінаватым паводле трох артыкулаў.
    • Ён меў выйсьці на волю 4 красавіка 2024 году, але яго перавялі ў СІЗА № 1 у новай крымінальнай справе.
    • У верасьні 2024 году стала вядома, што на Міколу Дзядка завялі новую крымінальную справу паводле арт. 411 Крымінальнага кодэксу — «Злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы».
    • Міколу Дзядка вызвалілі з турмы ў выніку дыпляматычных намаганьняў ЗША і вывезьлі ў Літву 13 верасьня 2025 году.
Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG