У нядзелю 24 траўня прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон патэлефанаваў Аляксандру Лукашэнку. Падзея нечаканая і незвычайная. Бо пасьля 2020 году заходнія лідэры размаўляюць з Лукашэнкам вельмі рэдка. У 2021 годзе яму тэлефанавала Ангела Мэркель, праз год — той жа Эманюэль Макрон, а летась — Дональд Трамп.
Паколькі краіны Эўразьвязу не прызнаюць Лукашэнку законным прэзыдэнтам Беларусі і ўстрымліваюцца ад кантактаў зь ім, то для афіцыйнага Менску надзвычай важныя камунікацыі на высокім узроўні. Каб прымусіць Літву правесьці перамовы на ўзроўні міністра замежных справаў ці хоць бы ягонага намесьніка, Менск жорстка цісьне на літоўскі бок (балёны, мігранты і інш.). Улады Беларусі настойліва намякалі Варшаве, што яны былі гатовыя вызваліць Анджэя Пачобута ў абмен на візыт у беларускую сталіцу міністра замежных справаў Польшчы Радослава Сікорскага.
На такім тле званок Макрона выглядае амаль сэнсацыяй.
Найперш тут варта зьвярнуць увагу на асобу Эманюэля Макрона. Прэзыдэнт Францыі спрабуе ўзяць на сябе ролю галоўнай фігуры эўрапейскай палітыкі. Ён імкнецца гаварыць ад імя Эўропы. Гэтая роля ўзрастае ў час вострага міжнароднага крызісу.
І тут варта правесьці паралелі з падзеямі чатырохгадовай даўніны, калі Макрон двойчы тэлефанаваў Лукашэнку: 20 лютага 2022 году (перад расейскім уварваньнем ва Ўкраіну) і 26 лютага (на трэці дзень вайны). У тыя дні на Захадзе існавала сур’ёзная трывога, што Лукашэнка пад ціскам Крамля прыме рашэньне аб беспасярэднім уступленьні беларускага войска ў вайну і адкрытым уварваньні ва Ўкраіну супольна з расейскімі сіламі. І званок прэзыдэнта Францыі ў Менск быў жорсткім папярэджаньнем пра нэгатыўныя наступствы для Беларусі ў выпадку такога разьвіцьця падзеяў.
І вось цяпер зноў Макрон выступае як крызісны мэнэджар. Гэтым разам ягоны званок выкліканы крызісам у беларуска-ўкраінскіх адносінах. Можна казаць, што ў пэўным сэнсе ён стаў посьпехам дыпляматыі Ўкраіны.
Ужо месяц як афіцыйны Кіеў вядзе палітычную, дыпляматычную, псыхалягічную атаку супраць рэжыму Лукашэнкі. Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі і іншыя ўкраінскія афіцыйныя асобы ці ня кожны дзень кажуць, што, маўляў, Расея ўцягвае Беларусь у вайну, што рыхтуецца напад зь беларускай тэрыторыі. Пры гэтым Кіеў апэлюе да Захаду, заклікае яго аказаць ціск на Менск.
Аднак дасюль гэтыя захады ня мелі асаблівага плёну, бо не было нейкіх новых фактаў удзелу Беларусі ў вайне ці дадатковых пагрозаў ад яе на адрас Эўропы. А вось апошнім часам такія факты зьявіліся. Гэта сумесныя беларуска-расейскія вучэньні ў прымяненьні ядзернай зброі. Затым адбыўся адзін з самых маштабных абстрэлаў Украіны дронамі й ракетамі, у тым ліку «Арэшнікам». Нагадаю, Лукашэнка хваліцца тым, што гэты ракетны комплекс разьмешчаны на беларускай тэрыторыі.
Перад званком у Менск Эманюэль Макрон правёў размову з Уладзімірам Зяленскім. Падобна, прэзыдэнт Украіны пераканаў суразмоўцу ў рэальнасьці пагрозы з боку Беларусі. І той далучыўся да ўкраінскага ціску на Лукашэнку.
Інфармацыйнае агенцтва AFP, спасылаючыся на крыніцу ў атачэньні Эманюэля Макрона, раскрыла зьмест цяперашняй тэлефоннай размовы паміж Парыжам і Менскам. Прэзыдэнт Францыі перасьцярог Лукашэнку ад якіх-хаця спробаў уцягнуць Беларусь у вайну супраць Украіны на баку РФ, падкрэсьліў рызыкі для Беларусі ў такім выпадку. Францускія крыніцы адзначаюць вельмі сур’ёзны і напружаны характар размовы. Можа, з гэтай прычыны беларускія дзяржаўныя мэдыя пакуль не разгортваюць паўнавартасную прапагандысцкую кампанію вакол гэтага тэлефанаваньня.
Пытаньне ў тым, якія высновы зробіць Лукашэнка з гэтай падзеі. Напрыклад, ён можа прыйсьці да думкі, што эўрапейскія палітыкі размаўляюць зь ім толькі тады, калі ягоны рэжым стварае сур’ёзную праблему бясьпекі для суседзяў. Мэркель тэлефанавала яму ў 2021 годзе на піку мігранцкага крызісу. Макрон і ў 2022 годзе, і цяпер зьвяртаецца да Менску ў момант абвастрэньня ваеннага крызісу. То бок у Эўропе Лукашэнку заўважаюць тады, калі ён стварае вялікую праблему.
Але галоўнае пытаньне палягае ў іншай плашчыні: ці засталіся ў Лукашэнкі свабода выбару і поле для манэўру?
Форум