Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп заявіў аб адпраўцы ў Польшчу 5 тысяч амэрыканскіх вайскоўцаў. Як адрэагавалі ў NATO, Польшчы і краінах Балтыі

Караль Наўроцкі і Дональд Трамп, жнівень 2025 году. Ілюстрацыйнае фота
Караль Наўроцкі і Дональд Трамп, жнівень 2025 году. Ілюстрацыйнае фота

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў аб накіраваньні ў Польшчу 5 тысяч амэрыканскіх вайскоўцаў.

«Улічваючы пасьпяховыя выбары цяперашняга прэзыдэнта Польшчы Караля Наўроцкага, якога я меў гонар падтрымаць, і нашых дачыненьняў зь ім, я рады паведаміць, што Злучаныя Штаты накіруюць у Польшчу дадатковыя 5 000 вайскоўцаў», — паведаміў Дональд Трамп у сваёй сацыяльнай сетцы Truth.

22 траўня ў швэдзкім горадзе Гэльсынгборг праходзіць нарада міністраў абароны краін NATO. Генэральны сакратар арганізацыі Марк Рутэ прывітаў рашэньне Дональда Трампа і адзначыў пры гэтым, што тэндэнцыя, скіраваная на меншую залежнасьць краін Эўропы ад ЗША ў пытаньнях абароны, будзе працягвацца.

Міністар абароны Польшчы, а таксама прадстаўнікі Эстоніі і Латвіі таксама віталі гэтае рашэньне прэзыдэнта ЗША.

У сустрэчы ўдзельнічае дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё. Перад сустрэчай ён сказаў, што надзвычай расчараваны падыходам краін NATO да пытаньня дапамогі ЗША ў канфлікце з Іранам, у прыватнасьці, Гішпаніі, якая адмовіла надаць свае базы для выкарыстаньня Злучанымі Штатамі. Пры гэтым Рубіё пахваліў шэраг іншых дзяржаваў NATO.

Што папярэднічала і чаму гэта важна

Раней прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп абвясьціў аб плянах вываду 5000 вайскоўцаў зь Нямеччыны. Пазьней Пэнтагон пацьвердзіў, што скасоўвае заплянаванае ратацыйнае разгортваньне каля 4000 вайскоўцаў ЗША ў Польшчы і адкладвае пляны разгортваньня батальёну крылатых ракет «Тамагаўк» наземнага базаваньня ў Нямеччыне.

Польшча, як і краіны Балтыі, сутыкаецца з гібрыднымі атакамі Беларусі і Расеі. Пасьля мігранцкага крызісу і пачатку Расеяй поўнамаштабнай вайны супраць Украіны на тэрыторыю суседніх зь Беларусьсю дзяржаваў залятаюць дроны. Ва Ўкраіне перакананыя, што Расея пры дапамозе Беларусі наўмысна ўзьдзейнічае на ўкраінскія дроны радыёэлектроннымі сродкамі і накіроўвае іх у эўрапейскія краіны.

За апошнія два дні ў Латвіі і Літве некалькі разоў абвяшчалі паветраную трывогу праз парушэньне дронамі паветранай прасторы. Адметна, што аб пралёце дронаў літоўскі бок атрымаў папярэджаньне ад Менску.

У той жа час 21 траўня ў Міністэрства замежных справаў Беларусі выклікалі часовага паверанага Літвы ў Беларусі Эрыкаса Вілканецаса і заявілі яму рашучы пратэст праз тое, што, маўляў, Літва нічога не зрабіла, каб папярэдзіць пранікненьне на беларускую тэрыторыю ўкраінскага дрону, які першапачаткова накіроўваўся ў бок Расеі. У пратэсьце ішлося пра інцыдэнт, што нібыта меў месца 17 траўня.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG