Раніцай 20 траўня пад Рыгай (Латвія) праз пагрозу бесьпілётнікаў спынілі пасажырскі цягнік літоўскай кампаніі LTG Link, што накіроўваўся зь Вільні праз Рыгу да мяжы з Эстоніяй.
З прычыны парушэньняў паветранай прасторы дронам ў Латвіі спынялі таксама іншыя цягнікі. Рух аднавілі праз гадзіну, паведаміла агенцтва BNS.
У Вільні празь бесьпілётнік, які, імаверна, заляцеў з тэрыторыі Беларусі, на гадзіну спынялі працу аэрапорту. Паветраную трывогу абвяшчалі ў пяці раёнах Літвы — Віленскім, Ігналінскім, Уцянскім, Сьвянцянскім і Езяроскім. Ува ўсіх раёнах людзям рэкамэндавалі зайсьці ў сховішчы.
«Прычына ў тым, што на тэрыторыі Беларусі каля літоўскай мяжы цяпер фіксуецца радыёлякацыйны сыгнал з характарыстыкамі, уласьцівымі бесьпілётным паветраным апаратам. З нашага боку былі актываваныя зьнішчальнікі, якія выконваюць місію патруляваньня паветранай прасторы NATO», — паведамілі ў літоўскай арміі.
Літоўскія вайскоўцы адзначылі, што гэты інцыдэнт падобны да тых, што апошнімі днямі адбыліся ў Латвіі і Эстоніі.
Сьляды дрону ў Літве не знайшлі
Пасьля скасаваньня паветранай трывогі камандуючы Сухапутнымі войскамі Літоўскага войска Нерыюс Станкявічус паведаміў, што інфармацыю аб дроне, які рухаўся ў кірунку Літвы, атрымалі зь Менску.
«Раніцай мы атрымалі паведамленьні ад беларускіх узброеных сіл аб магчымым руху дронаў у бок тэрыторыі Літвы. Аналягічную інфармацыю атрымалі і нашыя суседзі латвійцы», — працытавала выданьне LRT Станкявічуса.
Паводле яго, пакуль невядома, дзе знаходзіцца бесьпілётнік — ён недзе ўпаў ці проста пакінуў паветраную прастору Літвы. Яго пошукі працягваюць пры дапамозе верталёту Ваенна-паветраных сіл і наземных сіл.
Фон дэр Ляен: «Расея і Беларусь «нясуць непасрэдную адказнасьць»
Кіраўніца Эўрапейскага зьвязу Урзуля фон дэр Ляен заявіла ў сераду, што Расея і Беларусь «нясуць непасрэдную адказнасьць» за сэрыю ўварваньняў бесьпілётнікаў ва ўсходнія краіны ЭЗ пасьля папярэджаньня аб бесьпілётніках у Літве.
«Публічныя пагрозы Расеі на адрас нашых балтыйскіх дзяржаў цалкам непрымальныя», — напісала фон дэр Ляен у сацсетцы X.
«Расея і Беларусь нясуць непасрэдную адказнасьць за бесьпілётнікі, якія пагражаюць жыцьцю і бясьпецы людзей на нашым усходнім флянгу».
Чаму гэта важна
15 траўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі правёў нараду з кіраўнікамі выведных структураў Узброеных сілаў, Міністэрства абароны і Службы бясьпекі, а пасьля нарады заявіў, што Расея плянуе ўдары з тэрыторыі Беларусі па Ўкраіне або па адной з краін NATO. Раней ужо гучалі папярэджаньні Кіева, што Расея можа паўтарыць такі досьвед 2022 году.
Паводле Зяленскага, Украіне вядома, што паміж расейцамі і Аляксандрам Лукашэнкам адбыліся «дадатковыя кантакты, накіраваныя на тое, каб пераканаць яго далучыцца да новых расейскіх агрэсіўных апэрацыяў».
Апроч таго, у Беларусь пэрыядычна залятаюць дроны, якія ў вайне выкарыстоўваюць Расея і Ўкраіна. Як заяўлялі беларускія вайскоўцы, летась адбылося нібыта больш за 1400 парушэньняў правілаў выкарыстаньня паветранай прасторы Беларусі. Паводле намесьніка міністра ўнутраных справаў Мікалая Карпянкова, за 2025 год у Беларусі было разьмінавана каля 520 дронаў, кожны трэці — баявы.
Улады рэдка паведамляюць пра ўварваньне бесьпілётнікаў, якія, як правіла, залятаюць у Беларусь пры паветраных нападах Расеі на Ўкраіну — гэта адбываецца, калі інфармацыя перш зьяўляецца ў сацыяльных сетках, у незалежных мэдыя. Так было, напрыклад, у выпадку зьнішчэньня дронаў над Гомлем у верасьні 2024 году і падзеньнем бесьпілётніка ў спальным раёне Менску ў ліпені 2025-га.
Сёлета ўсё часьцей дроны залятаюць у Літву, Латвію і Эстонію. Ва Ўкраіне мяркуюць, што Расея пры спрыяньні Беларусі робіць гэта наўмысна.
Форум