«Расьсьледаваньні даказалі, што яны (інцыдэнты. — РС) сталі вынікам наўмыснага адхіленьня ўкраінскіх дронаў расейскімі сродкамі радыёэлектроннай барацьбы ад іхных цэляў у Расеі», — заявіў міністар замежных справаў Украіны Андрэй Сыбіга.
У размове з сваёй латвійскай калегай Байбай Бражэ кіраўнік замежнапалітычнага ведамства Ўкраіны пацьвердзіў «гатоўнасьць Украіны працаваць разам з краінамі Балтыі і Фінляндыяй для перадухіленьня такіх інцыдэнтаў».
«Наша мэта — максымальная бясьпека Латвіі, іншых краін Балтыі і Фінляндыі. Па-першае, шляхам эфэктыўнага супрацьдзеяньня расейскай агрэсіі і паслабленьня расейскай вайсковай машыны. Па-другое, шляхам спрыяньня ўзмацненьню абароны паветранай прасторы нашых сяброў», — сказаў Андрэй Сыбіга.
Крызіс у Латвіі празь неэфэктыўнае кіраваньне ў сфэры абароны
У ноч на 7 траўня Паветраныя сілы Латвіі зафіксавалі пранікненьне замежных бесьпілётных апаратаў у паветраную прастору краіны з боку Расеі. Два ўкраінскія дроны ўпалі ў памежным зь Беларусьсю рэгіёне Латгалія, адзін зь іх упаў на пусты рэзэрвуар для нафтапрадуктаў у Рэжыцы.
Праз брак рэакцыі Міністэрства абароны кіраўніца ўраду Латвіі Эвіка Сіліня запатрабавала адстаўкі кіраўніка вайсковага ведамства і прапанавала пасаду міністра свайму няштатнаму дарадцу ў вайсковай супрацы Райвісу Мелнісу, які раней прадстаўляў Міністэрства абароны Латвіі ва Ўкраіне, паведаміла выданьне delfi.lv.
Увечары 10 траўня міністар абароны Латвіі Андрыс Спрудс заявіў на прэсавай канфэрэнцыі аб сваёй адстаўцы, «каб не дазволіць уцягнуць латвійскую армію ў палітычную кампанію». Празь яго адстаўку можа разваліцца ўрадавая кааліцыя і пачацца палітычны крызіс.
У той жа час прэм’ерка Латвіі Эвіка Сіліня заявіла, што Андрыс Спрудс не паінфармаваў яе аб сваёй адстаўцы.
Чаму гэта важна
З пачатку актыўнага выкарыстаньня дронаў абодвума бакамі вайны пабольшала інцыдэнтаў, зьвязаных з прылётам бесьпілётнікаў — расейскіх і ўкраінскіх — у суседнія эўрапейскія краіны.
За апошнія два гады такія выпадкі фіксавалі ў Польшчы, Літве, Эстоніі, Фінляндыі, Румыніі й Малдове.
Пэрыядычна зьяўляецца інфармацыя аб парушэньні дронамі паветранай прасторы Беларусі, але ўлады прыхоўваюць інфармацыю аб такіх інцыдэнтах. За ўвесь час вайны прадстаўнікі сілавых органаў толькі некалькі разоў паведамлялі аб агульнай колькасьці бесьпілётнікаў, якія трапілі на беларускую тэрыторыю. Аляксандар Лукашэнка ў пачатку 2026 году прызнаў, што сыстэма абароны Беларусі прапускае чужыя бесьпілётнікі, і выказаў сумнеў, ці здольныя такія сыстэмы зьліквідаваць пагрозу ў 100% выпадкаў. Тады ж стала вядома, што Мазырскі НПЗ атачылі сыстэмамі проціпаветранай абароны.
Сёлета ў красавіку начальнік управы камунікацыяў камандаваньня Паветраных сілаў Украіны Юрый Ігнат заявіў, што расейскія войскі для забесьпячэньня пралёту сваіх ударных бесьпілётнікаў выкарыстоўваюць паветраную прастору Беларусі, а таксама тэрыторыю Малдовы, непрызнанага Прыднястроўя і Румыніі.
2 траўня адзін з украінскіх маніторынгавых каналаў паведамляў аб запуску зь Беларусі дронаў. Тады ж у Беларусі нібыта паднялі ў паветра некалькі верталётаў, якія пэўны час ляталі прыблізна за 5 кілямэтраў ад мяжы з Украінай.
Трэцяга траўня расейскі дрон пасьля ўзьдзеяньня сродкаў супрацьпаветранай абароны Ўкраіны заляцеў у Беларусь з боку Чарнігаўскай вобласьці.
Згодна з інфармацыяй яшчэ аднаго ўкраінскага каналу, 2 траўня з тэрыторыі Беларусі запусьцілі паветраны балён у кірунку Жытомірскай вобласьці, а ў чарнобыльскую зону з тэрыторыі Беларусі заляцеў адзін расейскі дрон.
Некалькі такіх інцыдэнтаў адбылося і ў красавіку.
Раней стала вядома, што Расея ў другой палове 2025 году разьмясьціла на тэрыторыі Беларусі сыстэмы рэтрансьлятараў для кіраваньня ўдарнымі бесьпілётнікамі, якімі расейскія войскі атакуюць Украіну.
Форум