Як паведаміла выданьне «Флагшток», самалёт меў прызямліцца ў Гомлі а 16:20, але, даляцеўшы да Беларусі, ён пачаў кружляць у Магілёўскай вобласьці, у раёне Слаўгараду (Прапойску). Там ён знаходзіўся прыблізна 35 хвілін, урэшце яго накіравалі ў Менск.
Раніцай 18 траўня ні «Белавія», ні «Белаэранавігацыя» (Гомельскі аэрапорт — яе філія) так і не патлумачылі прычыны інцыдэнту.
Выданьне з спасылкай на крыніцу паведаміла, што самалёт ня змог прызямліцца ў Гомлі празь небясьпеку ад дронаў, імаверна, расейскіх. Гэтую ж інфармацыю пацьвердзілі і пасажыры самалёту.
Карыстальнікі сацыяльных сетак паведамлялі, што ў той час над Гомлем пралятаў вайсковы самалёт.
Гэты інцыдэнт з рэйсам «Белавія» адбыўся якраз у пачатку чарговай расейскай атакі Ўкраіны дронамі. Першыя расейскія бесьпілётнікі над Чарнігаўскай вобласьцю, якая мяжуе з Гомельшчынай, зьявіліся а 15:50 17 траўня.
Перавозьнік пакуль таксама не паведаміў, якім чынам пасажыраў самалёту перавозілі зь Менску ў Гомель. Пасажыры ў сацыяльных сетках паведамілі, што іх адправілі на аўтобусе пасьля трохгадзіннага чаканьня.
Чаму гэта важна
У Беларусь пэрыядычна залятаюць дроны, якія ў вайне адзін супраць аднаго выкарыстоўваюць Расея і Ўкраіна.
Як заяўлялі беларускія вайскоўцы, летась адбылося нібыта больш за 1 400 парушэньняў правілаў выкарыстаньня паветранай прасторы Беларусі.
Улады рэдка паведамляюць пра ўварваньне бесьпілётнікаў, якія, як правіла, залятаюць у Беларусь пры паветраных нападах Расеі на Ўкраіну — гэта адбываецца, калі інфармацыя перш зьяўляецца ў сацыяльных сетках, незалежных СМІ. Так было, напрыклад, у выпадку зьнішчэньня дронаў над Гомлем у верасьні 2024 году і падзеньнем бесьпілётніка ў спальным раёне Менску ў ліпені 2025-га.
Паводле намесьніка міністра ўнутраных справаў Мікалая Карпянкова, за 2025 год у Беларусі было разьмінавана каля 520 дронаў, кожны трэці — баявы.
Сёлета ў сакавіку прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што Расея плянуе надалей разгортваць наземныя станцыі кіраваньня бесьпілётнікамі далёкага дзеяньня як на часова акупаванай тэрыторыі Ўкраіны, так і на тэрыторыі Беларусі (чатыры станцыі). Пазьней украінскі бок паведаміў пра зьняшкоджаньне такіх станцыяў у Беларусі.
У красавіку 2026 году Сяргей Бяскрэснаў, дарадца міністра абароны Ўкраіны, заявіў, што ў расейскіх дронах выяўляюць sim-карты расейскага апэратара Т2, роўмінг для якіх заблякавалі ва Ўкраіне, але іх сувязь для палёту ва ўкраінскім кірунку могуць забясьпечваць мабільныя апэратары Беларусі, Польшчы і Румыніі.
Форум