Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі імітавалі ракетныя пускі і паказалі, як на месцы манэўраў дастаўлялі ядзерную зброю

абноўлена
У ядзерных вучэньнях у Беларусі задзейнічалі апэратыўна-тактычныя комплексы «Іскандэр-М». Ілюстрацыйнае фота
У ядзерных вучэньнях у Беларусі задзейнічалі апэратыўна-тактычныя комплексы «Іскандэр-М». Ілюстрацыйнае фота

Аб выкарыстаньні комплексу «Арэшнік» пакуль не паведамілі. 21 траўня — апошні дзень супольных з Расеяй ядзерных вучэньняў. Міністэрствы абароны Беларусі і Расеі паказалі, як у Беларусі нібыта дастаўлялі ядзерныя боепрыпасы ў месцы правядзеньня вучэньняў.

У Міністэрстве абароны Беларусі паведамілі, што баявыя разьлікі аднаго зь беларускіх ракетных падразьдзелаў на ядзерных вучэньнях падрыхтаваліся да атрыманьня спэцыяльных боепрыпасаў для апэратыўна-тактычнага комплексу «Іскандэр-М» і зараду імі ракет-носьбітаў.

«Потым, пасьля загрузкі ракет-носьбітаў на пускавыя ўстаноўкі і транспартна-зарадныя машыны прыхавана рушылі ў новы раён. Па яго заняцьці ракетны падразьдзел ажыцьцявіў імітацыю ракетных пускаў па вызначаных мэтах», — адзначаецца ў паведамленьні.

У гэтай частцы вучэньняў задзейнічалі авіяцыю, якая зьдзейсьніла ўзьлёт і заняла прызначаныя зоны дзяжурства ў паветры. Пасьля атрыманьня адпаведнай каманды, авіяцыя імітавала бамбаваньне адмысловымі боепрыпасамі па ўмоўным праціўніку і вярнулася на аэрадром базаваньня.

Раніцай 21 траўня Мінабароны Беларусі апублікавала відэазапіс, як адпрацоўвалі дастаўку ядзерных боепрыпасаў у палявыя пункты заховаўньня пазыцыйнага раёну ракетнай вайсковай часткі.

У Міністэрстве абароны Расеі таксама заявілі, што забясьпечылі дастаўку ядзерных боепрыпасаў у Беларусь і ілюстравалаі гэта тым самым відэазапісам, што і Міністэрства абароны Беларусі.

19 траўня ўкраінскія маніторынгавыя каналы зафіксавалі перадысьлякацыю ў Беларусь двух расейкіх зьнішчальнікаў.

Што папярэднічала

18 траўня ў Беларусі паведамілі аб пачатку ядзерных вучэньнях, супольных з Расеяй. У Расеі заявілі аб пачатку сваіх трэнаваньняў 19 траўня.

21 траўня — апошні дзень гэтых вучэньняў.

Бакі, у адрозьненьне ад іншых вайсковых манэўраў, не абнародавалі іх легенду. Па якіх цэлях імітавалі запуск ракет беларускія падразьдзелы таксама невядома.

Чаму гэта важна

Улады Беларусі і Расеі праводзяць такія супольныя трэнаваньні з 2023 году і заяўляюць, што такім чынам яны адпрацоўваюць мэханізмы ядзернага стрымліваньня. Хоць абодва бакі ня раз пагражалі сапраўдным выкарыстаньнем ядзернай зброі.

Апошні раз такія манэўры праходзілі ў верасьні 2025 году ў межах беларуска-расейскіх вучэньняў «Захад-2025».

У 2024 годзе яны праходзілі ў два этапы — у траўні і чэрвені. Тады абвясьцілі раптоўную праверку боегатоўнасьці, а на другім этапе практыкаваліся ў вынасе спэцыяльных боепрыпасаў з сховішчаў і іх дастаўцы на аэрадромы і стартавыя пазыцыі.

У красавіку 2023 году беларускія вайсковыя лётнікі і ракетнікі прайшлі ў Расеі поўны цыкль тэарэтычнай і практычнай падрыхтоўкі паводле праграмы эксплюатацыі і выкарыстаньня тактычнай ядзернай зброі.

У той жа час пакуль няма пацьверджанай інфармацыі аб тым, што Расея перадала Беларусі тактычную ядзерную зброю.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG