У эфіры таксама прадстаўніца «Хрысьціянскай візіі» Натальля Васілевіч і мікрабіёляг Вікторыя Дароніна.
Глядзіце размову на відэа цалкам
0:00 Амэрыканцы ў Менску: Фрэнклін Грэм, Лукашэнка і місія Коўла. Аляксандар Фрыдман
7:34 Калі будуць новыя вызваленьні палітвязьняў? Чаго чакаюць ад прыезду Коўла
13:15 Коўл і Ціханоўская: навошта ЗША дэманструюць кантакты з дэмсіламі
19:02 Выбары ў КР, вяртаньне Бабарыкі і рыторыка Лукашэнкі пра вайну
27:02 Пратэстанцкі фэст у Менску – палітычнае рашэньне. Натальля Васілевіч
40:50 Хантавірус: ці можа паўтарыцца пандэмія накшталт COVID-19. Вікторыя Дароніна
Тут фрагмэнты гутаркі
— На просьбу Джона Коўла Аляксандар Лукашэнка дазволіў правесьці ў Менску «Фэстываль надзеі» з удзелам вядомага амэрыканскага прапаведніка Фрэнкліна Грэма. Грэм шчыльна зьвязаны з адміністрацыяй Дональда Трампа, ён сябра сям’і спэцпасланьніка ЗША Джона Коўла. На пытаньне пра тое, як прымалася рашэньне, Джон Коўл у электронным лісьце для Свабоды адказаў: «Я толькі спытаў у Лукашэнкі, ці можа Франклін прыехаць і прапаведаваць. Ён сказаў „так“». Сёньня адбылася сустрэча Грэма з Лукашэнкам. Ці вы назвалі б візыт вядомага эвангелісцкага прапаведніка палітычным?
— Безумоўна, палітычная кампанэнта тут прысутнічае. Перш за ўсё — зь беларускага боку. Грэм выкарыстоўвае гэтую сытуацыю для распаўсюду сваіх рэлігійных поглядаў, для мабілізацыі пратэстантаў у Беларусі. Ён гэтага нават не хавае і адкрыта пра гэта кажа. Што да Лукашэнкі і беларускіх уладаў, то для іх Грэм — чалавек, блізкі да адміністрацыі Дональда Трампа. Лукашэнка ў сваіх сёньняшніх заявах гэтага таксама не хаваў і падкрэсьліваў, што прымае Грэма менавіта як чалавека, блізкага да Трампа. Таму палітычны чыньнік тут найперш ідзе зь беларускага боку. У цэлым гэта сьведчыць пра далейшае зьбліжэньне паміж беларускімі ўладамі і адміністрацыяй Трампа.
— Падчас сустрэчы Грэм сказаў, што будзе маліцца за Лукашэнку. Ці могуць палепшацца ўмовы для пратэстанцкіх вернікаў у Беларусі пасьля візыту? На сустрэчы Лукашэнка казаў пра міжканфесійны мір у Беларусі і адзначыў вялікую колькасць пратэстанцкіх супольнасцяў — 850 пратэстанцкіх грамадаў, 20 місіяў і 5 навучальных установаў. На пачатку 2024 году ў Беларусі былі зарэгістраваныя 1038 пратэстанцкіх грамадаў. То бок абавязковую перарэгістрацыю рэлігійных супольнасьцяў, якая скончылася ў 2025 годзе, не перажылі амаль дзьве сотні пратэстанцкіх суполак.
— Ці палепшыцца сытуацыя для пратэстантаў цяпер, залежыць ад таго, ці пабачаць беларускія ўлады ў гэтым выгаду для сябе. Калі яны вырашаць, што праз узаемадзеяньне з пратэстанцкімі супольнасьцямі можна палепшыць адносіны са Злучанымі Штатамі, тады, магчыма, пэўныя зьмены і будуць. Мэты эвангелістаў тут цалкам зразумелыя — распаўсюджваць свае погляды і скарыстацца спрыяльнай палітычнай сытуацыяй. Цяпер такая магчымасьць ёсьць, і яны будуць імкнуцца яе выкарыстаць.
Лукашэнка ж у гэтым сэнсе абсалютны прагматык. Ён робіць тое, што, на яго думку, можа прынесьці карысьць ягонай уладзе. Але пры гэтым Фрэнклін Грэм у мінулым даволі рэзка выказваўся пра мусульманаў. Таму словы пра міжканфэсійны мір выглядаць даволі супярэчліва. Грэма наўрад ці вельмі цікавіць сама ідэя міжканфэсійнага дыялёгу. Яго галоўная задача — каб у пратэстантаў і эвангелістаў у Беларусі не было праблемаў і каб яны маглі прыцягваць як мага больш людзей. Ён сам казаў, што цяпер спрыяльны момант для правядзеньня такіх мерапрыемстваў у Беларусі. Беларускія ўлады цяпер не супраць, але ніхто ня ведае, ці будзе такая магчымасьць пазьней. Таму яны імкнуцца выкарыстаць гэты шанец.
«ПіК Свабоды»
«ПіК Свабоды» — гэты YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць істотныя падзеі з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
• Наш сайт
• Apple Podcasts
• Spotify
• Soundcloud
• Podcast Republic
Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.
Форум