Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Cпыненьне агню ва Ўкраіне можа ўзмацніць расейскую пагрозу для Балтыі, — Дзярждэпартамэнт ЗША

Крыстафэр Сьміт. Архіўнае фота
Крыстафэр Сьміт. Архіўнае фота

Сьцісла

  • Амэрыканскія заканадаўцы і чыноўнікі папярэджваюць, што спыненьне агню ва Ўкраіне не абавязкова зьменшыць расейскую пагрозу
  • На слуханьнях у Кангрэсе асобна гаварылася пра рост гібрыдных пагроз з боку Расеі і Беларусі
  • Краіны Балтыі ўжо цалкам адмовіліся ад расейскіх энэрганосьбітаў і ўсё больш насцярожана ставяцца да Кітаю праз падтрымку расейскага ваенна-прамысловага комплексу

Высокапастаўлены прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША папярэдзіў, што Расея, імаверна, перакіне свае сілы да ўсходняга флянгу NATO пасьля заканчэньня вайны ва Ўкраіне. Гэта выклікае асьцярогі, што краіны Балтыі ў найбліжэйшыя гады могуць сутыкнуцца з узмацненьнем вайсковага і гібрыднага ціску з боку Масквы, піша вашынгтонскі карэспандэнт Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода Алекс Раўфоглу.

Крыстафэр Сьміт, намесьнік памочніка дзяржаўнага сакратара ў эўрапейскіх і эўразійскіх справах, 14 траўня заявіў Кангрэсу ЗША, што хоць цяпер Расея задзейнічала ва Ўкраіне «каля 90 працэнтаў сваёй баявой магутнасьці», Масква ўрэшце паспрабуе «перабалянсаваць свае сілы і шукаць магчымасьці для праекцыі моцы, а таксама стварэньня дылемаў для NATO».

«Гэта асабліва востра адчуваецца ў балтыйскім рэгіёне», — сказаў Сьміт падчас слуханьняў у падкамітэце Палаты прадстаўнікоў у замежных справах, прысьвечаных пагрозам бясьпецы для Эстоніі, Латвіі і Літвы.

Хоць амэрыканскія чыноўнікі ўжо шмат гадоў папярэджваюць пра пагрозы, якія Расея ўяўляе для краінаў Балтыі і ўсходняга флянгу NATO, слуханьні паказалі рост занепакоенасьці ў Вашынгтоне і сярод саюзьнікаў па NATO, што такая небясьпека можа стаць значна больш рэальнай у выпадку спыненьня агню або дасягненьня дамоўленасьці ва Ўкраіне.

Рэспубліканец Кіт Сэлф з Тэхасу, які ўзначальвае падкамітэт у справах Эўропы, заявіў, што Расея ўжо аднаўляе сваю армію, працягваючы пры гэтым вайну ва Ўкраіне.

«Калі гэтая вайна скончыцца, існуе рэальная рызыка, што Расея разьмесьціць свае загартаваныя ў баях войскі на межах балтыйскіх рэспублік», — сказаў Сэлф. «Гісторыя паказвае, што спыненьне канфлікту ва Ўкраіне не паменшыць расейскую пагрозу. Наадварот, яна можа проста зьмяніць свой кірунак».

Сьміт адзначыў, што пагроза ўжо праяўляецца праз расейскія кібэратакі, дывэрсійныя апэрацыі і гібрыдныя тактыкі, скіраваныя супраць Балтыйскага рэгіёну. «Мы мусім чакаць, што Расея перабалянсуе свае сілы», — сказаў ён, дадаўшы, што Масква ўжо выкарыстоўвае «гібрыдныя апэрацыі супраць краінаў Балтыі», каб ціснуць на саюзьнікаў па NATO.

Пярэдняя лінія NATO

Заканадаўцы ад абедзьвюх амэрыканскіх партый неаднаразова называлі Эстонію, Латвію і Літву ўзорнымі саюзьнікамі ў NATO, адзначаючы высокі ўзровень іх выдаткаў на абарону і моцную падтрымку Ўкраіны.

Паводле Сьміта, усе тры балтыйскія дзяржавы ідуць да выкананьня патрабаваньня прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа, каб краіны NATO выдаткоўвалі на абарону 5 працэнтаў валавога ўнутранага прадукту. Латвія стала першай краінай NATO, якая юрыдычна замацавала такую мэту.

Краіны Балтыі таксама ахвяравалі Ўкраіне значную частку сваіх абаронных бюджэтаў пасьля расейскага ўварваньня ў 2022 годзе.

Дэмакрат Біл Кітынг з Масачусэтсу сказаў, што гэтыя тры краіны аказалі дапамогу, эквівалентную прыблізна 13 працэнтам сваіх гадавых абаронных выдаткаў.

«Каб адпавядаць дапамозе Ўкраіне з боку Эстоніі ў працэнтных суадносінах да ВУП, Злучаным Штатам трэба было б выдаткаваць больш за трыльён даляраў», — сказаў Кітынг.

Сьміт назваў краіны Балтыі «аднымі з найбольш пратрансатлянтычных і праамэрыканскіх галасоў у Эўропе» і сказаў, што яны пасьлядоўна падтрымліваюць Вашынгтон у пытаньнях выдаткаў NATO, энэргетычнай бясьпекі і падтрымкі Ўкраіны.

«Партнэрства Злучаных Штатаў з балтыйскімі краінамі моцнае, трывалае і стратэгічна важнае», — сказаў ён.

Чыноўнік таксама адзначыў разьмяшчэньне нямецкай брыгады ў Літве, місіі паветранага патруляваньня NATO і шматнацыянальныя баявыя групы ў Балтыі як прыклады таго, што альянс узмацняе стрымліваньне ў рэгіёне.

«Плянаваньне сілаў NATO мае ключавое значэньне», — сказаў Сьміт. «Важна, што NATO пераразьмеркавала сілы для стварэньня магчымасьці перадавога стрымліваньня».

Разам з тым некалькі дэмакратаў неаднаразова распытвалі намесьніка памочніка дзяржсакратара Сьміта пра паведамленьні, што некаторыя пастаўкі ўзбраеньняў у краіны Балтыі былі затрыманыя праз амэрыканскія вайсковыя абавязаньні, зьвязаныя з канфліктам вакол Ірану.

Сьміт прызнаў затрымкі, якія закранулі «пэўныя боепрыпасы», але заявіў, што Вашынгтон застаецца прыхільным да паставак узбраеньняў, закупленых балтыйскімі саюзьнікамі.

«Мы вельмі інтэнсіўна працуем, каб гэтыя пастаўкі былі адноўленыя як мага хутчэй», — сказаў ён.

Гібрыдная вайна

Значная частка слуханьняў была прысьвечаная гібрыдным пагрозам, у тым ліку кібэратакам, пранікненьню дронаў, дывэрсіям супраць падводнай інфраструктуры і кампаніям дэзынфармацыі, у якіх вінавацяць Расею і Беларусь.

Сьміт сказаў, што NATO і краіны Балтыі ўсё больш увагі надаюць абароне ад дронавай вайны і кібэрапэрацыяў, выкарыстоўваючы ўрокі, вынесеныя непасрэдна з вайны ва Ўкраіне.

«Латвія, напрыклад, цяпер зьяўляецца найбуйнейшым вытворцам дронаў у Эўропе пасьля самой Украіны», — сказаў ён.

Паводле заканадаўцаў і чыноўнікаў, краіны Балтыі таксама актыўна скарачаюць залежнасьць ад Расеі і Кітаю.

Сьміт паведаміў, што балтыйскія краіны цалкам адмовіліся ад імпарту расейскіх энэрганосьбітаў у лютым 2025 году і цяпер атрымліваюць каля 80 працэнтаў імпарту звадкаванага прыроднага газу са Злучаных Штатаў.

Ён таксама папярэдзіў, што ўрады балтыйскіх краінаў усё часьцей глядзяць на Кітай праз прызму падтрымкі Пэкінам расейскай ваеннай машыны.

«Кітай пастаўляе каля 80 працэнтаў тавараў падвойнага прызначэньня для расейскага ваенна-прамысловага комплексу», — сказаў Сьміт. «Яны робяць высновы і праз гэта астуджваюць свае эканамічныя адносіны з Кітаем».

Перамовы пра мір ва Ўкраіне

Слуханьні таксама выявілі рознагалосьсі адносна таго, як адміністрацыя Трампа вядзе перамовы аб спыненьні вайны ва Ўкраіне.

Дэмакраты неаднаразова ставілі пад сумнеў, ці дастаткова моцна Вашынгтон цісьне на прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна.

На пытаньне, ці могуць Украіна або NATO давяраць Пуціну ў выкананьні мірнага пагадненьня, Сьміт адказаў, што Кіеў, хутчэй за ўсё, будзе абапірацца на гарантыі бясьпекі, а не толькі на абяцаньні Масквы.

«Я, безумоўна, сумняваюся, што Ўкраіна будзе давяраць слову Пуціна ў рамках нейкага пагадненьня», — сказаў Сьміт.

Ён адзначыў, што найбольш эфэктыўным доўгатэрміновым фактарам стрымліваньня будзе «моцнае, добра ўзброенае і тэхналягічна разьвітае ўкраінскае войска».

Сьміт адмовіўся абмяркоўваць дэталі цяперашніх перамоваў, але сказаў, што дасягнуты прагрэс у абменах палоннымі і ў дыскусіях вакол «бясьпечнага міру».

15 траўня Ўкраіна і Расея пацьвердзілі, што ў рамках дамоўленасьці, зьвязанай з часовым спыненьнем агню, узгодненым летась Трампам, адбыўся абмен 205 палоннымі з кожнага боку.

«Мы на 100 працэнтаў адданыя дасягненьню мірнага ўрэгуляваньня гэтай вайны», — сказаў Сьміт.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG