Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навошта патрэбная Каардынацыйная рада. Расказваем пра яе напярэдадні чарговых выбараў

Прэзентацыя Каардынацыйнай рады ў Менску, 18 жніўня 2020 году. Павал Латушка (зьлева), Марыя Калесьнікава, Вольга Кавалькова, Максім Знак, Сяргей Дылеўскі
Прэзентацыя Каардынацыйнай рады ў Менску, 18 жніўня 2020 году. Павал Латушка (зьлева), Марыя Калесьнікава, Вольга Кавалькова, Максім Знак, Сяргей Дылеўскі

Створаны ў 2020 годзе орган павінен быў дапамагчы Лукашэнку перадаць уладу апазыцыі. Зараз у ім не засталося ніводнага чалавека, які жыве ў Беларусі.

11 траўня пачнуцца выбары ў Каардынацыйную раду, якія працягнуцца роўна тыдзень і павінны вызначыць новы склад 80-асабовага органу, які выконвае функцыі альтэрнатыўнага беларускага парлямэнту. Аднак першапачаткова Каардынацыйная рада не была выбарнай і мела іншыя функцыі. Расказваем, як разьвіваўся орган, вакол якога цяпер так шмат самых разнастайных спрэчак. Як яна стваралася і чым займаецца зараз.

Трансфэр улады і крымінальная справа

Аб стварэньні Каардынацыйнай рады па забесьпячэньні трансфэру ўлады (менавіта так напачатку называўся орган. — РС) было абвешчана 18 жніўня 2020 году. Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў прайшло крыху больш за тыдзень, міліцэйскі гвалт на вуліцах часова спыніўся, працягваліся масавыя шэсьці прыхільнікаў апазыцыі. Шмат хто з актыўных апазыцыйных палітыкаў быў за кратамі і фізычна ня мог выказвацца. У такіх акалічнасьцях у Менску паўстаў орган, мэтай якога было пераадолець палітычны крызіс. У першы склад Каардынацыйнай рады ўвайшлі каля 70 чалавек, якія 19 жніўня абралі прэзыдыюм КР. Ён складаўся зь сямі асобаў, якія ініцыявалі стварэньне КР. Гэта былі Сьвятлана Алексіевіч, тагачасны лідэр страйкаму МТЗ Сяргей Дылеўскі, юрыст выбарчага штабу Віктара Бабарыкі Максім Знак, давераная асоба Сьвятланы Ціханоўскай Вольга Кавалькова, кіраўніца штабу Віктара Бабарыкі Марыя Калесьнікава, экс-міністар культуры Павал Латушка і юрыстка Лілія Ўласава.

Прэзентацыя Каардынацыйнай рады. 18 жніўня 2020 году
Прэзентацыя Каардынацыйнай рады. 18 жніўня 2020 году

У першым складзе КР былі іншыя вельмі вядомыя ў Беларусі людзі, якіх раней не заўважалі ў цесных сувязях з апазыцыяй. Напрыклад, туды ўвайшлі віцэ-прэзыдэнт EPAM Systems Максім Баграцоў, лідэр J: Mors Уладзімер Пугач.

Рэакцыя ўладаў была хуткай. Замест таго, каб пераадольваць крызіс, Генэральная пракуратура ўжо 20 жніўня завяла супраць Каардынацыйнай рады крымінальную справу паводле артыкулу 361 Крымінальнага кодэксу («заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь»). Пачалі запрашаць на допыты ў цэнтральны апарат СК сяброў прэзыдыюму і шараговых удзельнікаў КР, у тым ліку нобэлеўскую ляўрэатку Сьвятлану Алексіевіч. На працягу месяца частку чальцоў прэзыдыюму арыштавалі — як Марыю Калесьнікаву і Максіма Знака. Іншыя зьехалі за мяжу.

Сьвятлана Алексіевіч перад допытам у Сьледчым камітэце па справе Каардынацыйнай рады, 26 жніўня 2020
Сьвятлана Алексіевіч перад допытам у Сьледчым камітэце па справе Каардынацыйнай рады, 26 жніўня 2020

Дзейнасьць першай Каардынацыйнай рады фактычна была спыненая. Да 2024 году старая КР існавала ў неакрэсьленым выглядзе, складаючыся часткова зь людзей, што ўвайшлі ў яе склад яшчэ ў Менску, часткова з новых, якія далучыліся ўжо ў эміграцыі.

Першыя выбары і трэці склад

Да лета 2024 году орган займеў новую назву — Каардынацыйная рада па арганізацыі працэсу пераадоленьня крызісу. У траўні таго ж году прайшлі першыя выбары ў склад КР. У склад органу абралі 80 дэлегатаў, прагаласавалі на выбарах 6723 чалавекі. Сьледчы камітэт у Менску завёў крымінальныя справы на ўсіх, хто вырашыў удзельнічаць у выбарах у якасьці кандыдата.

Перамог на першых выбарах аб’яднаны сьпіс каманды Паўла Латушкі і руху «За Свабоду», яны агулам атрымалі 28 мандатаў. На другім месцы быў сьпіс «Блёк Пракоп’ева — Ягорава» з 13 пазыцыямі.

Андрэй Ягораў на паседжаньні Каардынацыйнай рады
Андрэй Ягораў на паседжаньні Каардынацыйнай рады

Першай сьпікеркай Каардынацыйнай рады новага фармату стала Анжаліка Мельнікава з каманды Латушкі, якая ўжо ў сакавіку 2025 году зьнікла і з Рады, і з Эўразьвязу пры дагэтуль ня высьветленых абставінах. Яе замяніў Арцём Брухан.

80 чалавек, якія ўвайшлі ў першую абраную Каардынацыйную раду (а ў сутнасьці, ужо ў трэцюю яе рэінкарнацыю), фізычна знаходзяцца ў розных краінах. З словаў сьпікера КР Арцёма Брухана, большасьць дэлегатаў жывуць у Польшчы і Літве, ёсьць актыўныя ў ЗША.

«Большасьць паседжаньняў Каардынацыйнай рады адбываецца онлайн, але і офлайнавыя слуханьні бываюць, — расказвае ў размове з Свабодай сьпікер Каардынацыйнай рады Арцём Брухан. — Вось як, напрыклад, былі слуханьні Ціханоўскай, слуханьні Аб’яднанага пераходнага кабінэту. Гэта орган парлямэнцкага тыпу, дзе людзі аб’ядноўваюцца, дэбатуюць і выступаюць».

Чатыры кірункі

Паводле сьпікера КР Арцёма Брухана, зараз дзейнасьць органу можна падзяліць на чатыры галоўныя кірункі. Першы — прадстаўнічы. Каардынацыйная рада як орган парлямэнцкага тыпу можа наладжваць кантакты зь іншымі парлямэнтамі. У якасьці прыкладу Брухан называе супрацу з Парлямэнцкай асамблеяй Рады Эўропы, куды запрашаюць і прадстаўнікоў беларускай Каардынацыйнай рады.

Арцём Брухан стаў сьпікерам Каардынацыйнай рады пасьля зьнікненьня Анжалікі Мельнікавай
Арцём Брухан стаў сьпікерам Каардынацыйнай рады пасьля зьнікненьня Анжалікі Мельнікавай

«Таксама выпрацоўка пазыцыяў, заяваў, зь якімі мы выступаем на міжнародным узроўні, — дадае Брухан. — Палітычнае пазыцыянаваньне. Другі кірунак — практычная дзейнасьць. У нас існуе некалькі камісіяў — юрыдычная, сацыяльная, міжнародная. Яны займаюцца пытаньнямі беларусаў — візавымі, пытаньнямі легалізацыі, сацыяльнай дапамогай, арганізацыяй імпрэзаў».

Трэцім кірункам Арцём Брухан называе абмеркаваньне праектаў рэформаў, якія могуць быць праведзеныя ў будучыні ў Беларусі. А чацьвёртым — уплыў на ўнутраныя працэсы ў беларускім дэмакратычным руху.

«Тут якраз можна згадаць падсправаздачнасьць Аб’яднанага пераходнага кабінэту і яго кіраўніцы Сьвятланы Ціханоўскай, — гаворыць Брухан. — Абмеркаваньне пытаньняў, зьвязаных з Васілём Верамейчыкам. Праз слуханьні прайшлі восем прадстаўнікоў АПК. Яны былі рэкамэндаваныя ў склад АПК — усе».

Ці можна разьлічваць на падтрымку тых дэлегатаў, за якіх ты галасаваў?

«Безумоўна, гэта магчыма, — абяцае сьпікер Каардынацыйнай рады. — Для гэтага яна і існуе ў тым ліку. Гэта цалкам нармальная практыка. Я ўпэўнены, што ніводны дэлегат ня будзе адмаўляцца дапамагаць таму, хто за яго галасаваў».

Адна з афлайнавых сустрэч дэлегатаў Каардынацыйнай рады.
Адна з афлайнавых сустрэч дэлегатаў Каардынацыйнай рады.

Арцём Брухан расказвае, што ведае пра такія звароты з уласнага досьведу (ён дэлегат ад каманды Латушкі. — РС). Людзі пішуць і праз чат-бот, і асабіста. Пры гэтым, з словаў сьпікера, Каардынацыйная рада спрабуе разьвязваць і праблемы тых людзей, якія не галасавалі на выбарах.

«Дэлегаты Каардынацыйнай рады за сваю працу не атрымліваюць ніякіх заробкаў, — кажа Арцём Брухан. — Гэта цалкам валянтэрская праца. Што тычыцца апарату, то сакратарыят, людзі, якія забясьпечваюць тэхнічную частку працы, атрымоўваюць заробкі. Але яны невялікія. У апараце пастаянна працуюць 3–4 чалавекі. Мэдыя-група Каардынацыйнай рады атрымлівае заробкі, там 4–5 чалавек».

Самастойна балятавацца ў КР ня ўдасца. Каб увайсьці ў склад гэтага органу праз выбары, трэба належаць да сфармаванай палітычнай групоўкі, якая налічвае мінімум 10 чалавек. Або самому сабраць яшчэ дзевяць чалавек вакол сябе.

«Акрамя гэтага, трэба як мінімум на час кадэнцыі мець сваю палітычную праграму, — тлумачыць Арцём Брухан. — А таксама выканаць патрабаваньні, зьвязаныя з гендэрнымі квотамі (у вашай групе з 10 чалавек павінна быць ня менш за чатыры жанчыны. — РС). Гэта тры ключавыя рэчы. Ці прагаласуюць людзі, ці падтрымаюць — гэта іншае пытаньне».

Склад, скандалы і новыя выбары

На новых выбарах у КР зараз найбольшы сьпіс мае кааліцыя Паўла Латушкі з рухам «За Свабоду» — 37 чалавек. Вялікія групы маюць «Закон і правапарадак» і «Блёк палітычных зьняволеных». Чальцоў Каардынацыйнай рады, якія б знаходзіліся зараз у Беларусі, няма. Ананімна выбірацца нельга, а ўсе «партыйныя» сьпісы прызнаныя «экстрэмісцкімі фармаваньнямі».

Анжаліка Мельнікава на форуме Касьцюшкі ў Гданьску незадоўга да свайго зьнікненьня
Анжаліка Мельнікава на форуме Касьцюшкі ў Гданьску незадоўга да свайго зьнікненьня

За апошні год Каардынацыйную раду скаланула некалькі скандалаў. Найбольшы — зьнікненьне сьпікеркі Анжалікі Мельнікавай, якая прыхапіла з сабой каля 100 тысяч эўра, прызначаных на працу мэдыякаманды КР. Што адбылося зь сьпікеркай, так да канца і не зразумела. Сярод найбольш імаверных вэрсіяў — яе супрацоўніцтва зь беларускімі спэцслужбамі і вяртаньне ў Беларусь.

Адзін з апошніх скандалаў зьвязаны з выхадам са складу органу блёку Пракоп’ева — Ягорава, які на выбарах два гады таму атрымаў другое месца. Канкрэтнай прычыны выхаду прадстаўнікі блёку не назвалі.

Новыя выбары ў КР пройдуць з 11 па 17 траўня. Як будзе праходзіць галасаваньне і чаму арганізатары выбараў называюць яго цалкам бясьпечным, можна пабачыць тут. Уласьнікі «чырвоных» пашпартоў новай Беларусі змогуць скарыстацца сваім дакумэнтам ня толькі як сувэнірам, арганізатары выбараў прадугледзелі магчымасьць галасаваньня зь яго дапамогай.

На сайце «Тры сланы», дзе зьбіраецца інфармацыя аб кандыдатах, на раніцу суботы 9 траўня можна пабачыць восем выбарчых сьпісаў. Сярод іх блёк Паўла Латушкі і руху «За свабоду», «Аб’яднаная грамадзянская плятформа», «Эўрапейскі выбар» і іншыя. Вынікі выбараў і новы склад органу абвесьцяць 18 траўня.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG