Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Махляры ў Беларусі «палітызуюцца», цяпер яны абяцаюць выплаты да Дня Перамогі

Мабільны тэлефон, архіўнае фота
Мабільны тэлефон, архіўнае фота

Тэлефонныя званкі махляроў ад імя дзяржаўных структураў, у тым ліку сілавых, выйшлі на першае месца сярод кібэрзлачынстваў.

Перад Днём Перамогі, які адзначаецца ў Беларусі 9 траўня, вэтэраны атрымліваюць матэрыяльную дапамогу. З гэтай нагоды актывізаваліся і махляры.

Як паведамляюць дзяржаўныя рэсурсы, афэрысты тэлефануюць пажылым людзям, называюцца супрацоўнікамі органаў сацыяльнай абароны ці іншых дзяржаўных органаў і кажуць:

«Вам належыць выплата да Дня Перамогі. Назавіце рэквізыты карты для залічэньня».

Часам просяць перавесьці суму «для актывацыі выплатаў».

Як паведаміла агенцтва БелТА, у міліцыю за мінулы дзень паступіла больш за 500 паведамленьняў пра тэлефонныя званкі ад махляроў. Паводле МУС Беларусі, «вішынг» — тэлефонныя званкі ад імя супрацоўнікаў дзяржаўных структураў — выйшаў на першае месца сярод кібэрзлачынстваў.

Сапраўдныя выплаты вэтэранам пачаліся ад 5 траўня. Інваліды і ветэраны вайны маюць атрымаць па 5 тысяч рублёў.

«Палітызацыя» махляроў у Беларусі

Сілавыя органы Беларусі паведамляюць, што махляры ўсё часьцей выкарыстоўваюць штучны інтэлект для сваіх схемаў выманьваньня грошай. Яны часта выступаюць ад імя сілавых структураў, пагражаючы вобшукам і арыштам, прапануюць паслугі хуткага афармленьня візаў або замены лічыльнікаў ці дамафонаў.

Апошнім часам у інфармацыйнай прасторы зьявілася рэкляма махляроў з выкарыстаньнем штучнага інтэлекту: махляры выкарыстоўваюць імёны вядомых асобаў, каб выклікаць давер у людзей.

Згодна з інфармацыяй УУС Менскага гарвыканкаму, летась у Менску крадзяжоў праз тэлефон і інтэрнэт стала больш, чым па лініі крымінальнага вышуку.

Як паведаміў Сьледчы камітэт Беларусі, напрыклад, малады чалавек зь Сьветлагорску паверыў махлярам і вырашыў «супрацоўнічаць з Камітэтам дзяржаўнага кантролю».

У Нясьвіжы зламысьнікі выдавалі сябе за супрацоўнікаў КДБ, банку і пошты і пагражалі грамадзянам крымінальным перасьледам за «спрыяньне тэрарызму».

У іншым выпадку малады чалавек, упэўнены, што стаў «рэгіянальным прадстаўніком КДБ», забраў нібыта «на праверку» 84 тысячы рублёў у браслаўскай пэнсіянэркі.

У Менску фіктыўны «супрацоўнік Сьледчага камітэту» прымусіў пэнсіянэра аддаць ашчаджэньні кур’еру, якая сама думала, што дапамагае пэнсіянэрам з інваліднасьцю «ўнікнуць крымінальнага перасьледу», перадае тэлеграм-канал МУС Беларусі.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG