Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз павітаў вызваленьне Пачобута і заклікаў адпусьціць іншых палітвязьняў

Вызвалены і вывезены зь Беларусі 28 красавіка 2026 году Анджэй Пачобут, журналіст і актывіст польскай меншасьці ў Беларусі
Вызвалены і вывезены зь Беларусі 28 красавіка 2026 году Анджэй Пачобут, журналіст і актывіст польскай меншасьці ў Беларусі

Паводле праваабаронцаў, цяпер 831 чалавек несправядліва знаходзіцца ў турмах Беларусі з палітычных прычын.

Эўрапейская служба вонкавых дзеяньняў вітала вызваленьне журналіста Анджэя Пачобута, чыя справа «сымбалізавала шырэйшыя рэпрэсіі ў Беларусі». Пра гэта заявіла сьпікерка дыпляматычнага ведамства ЭЗ у пытаньнях замежнай палітыкі і палітыкі бясьпекі Аніта Гіпэр, піша Позірк.

«Хоць мы вітаем яго вызваленьне, мы заклікаем да неадкладнага і безумоўнага вызваленьня ўсіх тых, хто па-ранейшаму несправядліва знаходзіцца ў зьняволеньні ў Беларусі», — адзначыла яна на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х.

Дэлегацыя Эўрапарлямэнту для сувязяў зь Беларусьсю, вітаючы вызваленьне Пачобута, заявіла:

«Яго балючы досьвед служыць выразным напамінам пра цану, якую плацяць тыя, хто адважваецца казаць праўду. Цягам многіх гадоў ён быў бясстрашным і прынцыповым голасам за свабоду думкі, незалежнай журналістыкі, правы польскай меншасьці, працягваючы сваю працу з годнасьцю і мужнасьцю, нягледзячы на ўзмацненьне рэпрэсіяў і асабістую рызыку.

Па ўсёй краіне незалежныя журналісты, праваабаронцы, актывісты грамадзянскай супольнасьці і звычайныя грамадзяне працягваюць цярпець ад перасьледу проста за рэалізацыю сваіх асноўных правоў, іх паддаюць адвольным арыштам, жорсткім умовам утрыманьня, жорсткаму абыходжаньню і глыбока палітызаваным судовым працэсам.

Мы надалей выказваем нязьменную салідарнасьць з усімі несправядліва затрыманымі ў Беларусі і паўтараем наш тэрміновы заклік да неадкладнага і безумоўнага вызваленьня ўсіх палітычных зьняволеных і іх поўнай рэабілітацыі».

Кіраўніца МЗС Латвіі Байба Бражэ таксама вітала намаганьні адміністрацыі ЗША, у той жа час нагадаўшы, што «рэпрэсіі і арышты з боку рэжыму Лукашэнкі працягваюцца, больш за 800 палітычных зьняволеных застаюцца за кратамі».

28 красавіка прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск адзначыў, што «абмен на польска-беларускай мяжы», у рамках якога быў вызвалены Пачобут, стаў фіналам «складанай дыпляматычнай гульні, якая доўжылася два гады, поўнай драматычных паваротаў».

«Гэта ўдалося дзякуючы выдатнай рабоце нашых службаў, дыпляматаў і пракуратуры, а таксама вялікай дапамозе амэрыканскіх, румынскіх і малдоўскіх сяброў», — паведаміў ён.

Спэцыяльны пасланьнік ЗША для Беларусі Джон Коўл заявіў 28 красавіка, што спадзяецца дамагчыся вызваленьня новых вязьняў з Беларусі цягам наступнага месяца. Заява прагучала пасьля вызваленьня польска-беларускага журналіста і актывіста Анджэя Пачобута ў рамках абмену зьняволенымі на мяжы з Польшчай.

Раней Джон Коўл казаў, што дамагаецца вызваленьня ўсіх палітвязьняў у Беларусі.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG