Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Архаічнасьць Лукашэнкі ўсё больш кідаецца ў вочы, — Карбалевіч

Лукашэнка падчас паездкі ў Нараўлянскі раён Гомельскай вобласьці. 27 красавіка 2026
Лукашэнка падчас паездкі ў Нараўлянскі раён Гомельскай вобласьці. 27 красавіка 2026

Сьцісла

  • Львіную долю ўвагі і свайго працоўнага часу Лукашэнка надае сельскай гаспадарцы, доля якой складае менш 7% ВУП Беларусі.
  • Ва ўсіх сваіх дзеяньнях і разважаньнях Лукашэнка ня можа выйсьці за межы ўласнага жыцьцёвага досьведу.
  • Архаічныя ўяўленьні Лукашэнкі становяцца праблемай для краіны, блякуюць яе разьвіцьцё.

Падчас чатырохдзённага турнэ Аляксандра Лукашэнкі па Гомельскай вобласьці найбольш кідалася ў вочы ягоная несучаснасьць, архаічнасьць у падыходах да гаспадарчых праблем, насьцярожанасьць да прагрэсу, да моладзі, якая валодае сучаснымі тэхналёгіямі.

Паездка па рэгіёнах — рэалізацыя мадэлі ручнога кіраваньня

24-27 красавіка Аляксандр Лукашэнка зьдзейсьніў вялікае турнэ па Гомельскай вобласьці. За чатыры дні ён наведаў Мазырскі, Петрыкаўскі і Нараўлянскі раёны.

Увогуле Лукашэнка нярэдка наведвае рэгіёны. Для яго ручное кіраваньне дзяржапаратам і эканамічнымі працэсамі — арганічная мадэль паводзін.

У гэтым працэсе ёсьць свае правілы. Напрыклад, звычайна ён наведвае пасьпяховыя прадпрыемствы ці адкрывае нейкія новыя аб’екты. Бо трэба паказваць, што ў краіне ўсё квітнее. Таксама заўважна, што Лукашэнка часта наведвае Шклоўскі і Копыльскі раёны — радзіму.

Паездка на Гомельшчыну — даніна традыцыі. Звычайна ў гадавіну Чарнобыльскай катастрофы Лукашэнка наведвае рэгіёны, найбольш пацярпелыя ад аварыі. Традыцыя бярэ пачатак з 1990-х гадоў. Гэта такая сымбалічная процівага апазыцыі, Чарнобыльскаму шляху, які яна ладзіла. Маўляў, апазыцыянэры ходзяць па менскіх вуліцах, а я еду ў Чарнобыльскую зону, каб дапамагчы тамтэйшым жыхарам.

Адмаўленьне праблем з наступствамі Чарнобыля

Гэтым разам, нягледзячы на 40-гадовы юбілей Чарнобыльскай катастрофы, Лукашэнка падчас паездкі па Гомельшчыне толькі адзін раз узгадаў гэтую трагедыю. «Трэба адраджаць гэтыя землі. Чаго б нам ні каштавала — трэба вярнуцца да тых земляў, якія ў нас былі ў савецкія часы. І мы можам гэта зрабіць. Гэтыя так званыя чарнобыльскія землі… Так званыя, таму што я памятаю, як тады палітыку рабілі на гэтым…», — сказаў ён.

Лукашэнка лічыць, што вывад забруджаных зямель з сельскагаспадарчага абароту было памылкай, якую ён выпраўляе

Гэта ягоная палітыка, якую ён праводзіць шмат гадоў. Лукашэнка лічыць, што вывад забруджаных зямель з сельскагаспадарчага абароту, высяленьне людзей з заражанай зоны было памылкай, якую ён выпраўляе. Большую частку чарнобыльскіх праграм улады згарнулі.

Лукашэнка лічыць, што калі адмаўляць існаваньне праблемы, то яе нібыта і няма. Так было з ковідам, так адбываецца і з наступствамі Чарнобыльскай катастрофы.

Яшчэ гэтым разам Лукашэнка настойліва рабіў акцэнт на тым, што пры рэалізацыі розных праектаў трэба эканоміць. Што сьведчыць пра напружаную сытуацыю з грашыма ў бюджэце.

Архаічнасьць Лукашэнкі

Што найбольш кідалася ў вочы падчас гэтага турнэ, якое актыўна асьвятлялі дзяржаўныя мэдыя, гэта несучаснасьць Лукашэнкі, ягоная архаічнасьць у падыходах да гаспадарчых праблем, рэтраграднасьць, насьцярожанасьць да прагрэсу, да людзей, якія яго ўвасабляюць, у прыватнасьці, да моладзі, якая валодае сучаснымі тэхналёгіямі.

Вось, напрыклад, ён заявіў: «Мужыкі, трэба хутка зрабіць тое, што мы ўмеем рабіць. Нашыя дзеці гэтага ня зробяць. Яны добрыя, з інтэрнэтам разьбіраюцца і іншае. Яны разумныя і разумнейшыя за нас па асобных кірунках. Але бязь ежы і вопраткі нічога ня будзе ні ў іх, ні ў каго».

Інтэрнэт — гэта нешта ня вельмі важнае, галоўнае, накарміць і адзець людзей

То бок, інтэрнэт — гэта нешта ня вельмі важнае, галоўнае, накарміць і адзець людзей. Але адзеньне і харчаваньне — гэта пытаньні індустрыяльнай эпохі, якая даўно закончылася. У Беларусі такой праблемы не існуе.

Львіную долю ўвагі і свайго працоўнага часу Лукашэнка аддае сельскай гаспадарцы, лічыць яе амаль галоўнай сфэрай эканомікі. Але насамрэч, доля сельскай гаспадаркі складае менш за 7% ВУП Беларусі, там працуе каля 9% занятых.

Апошнім часам Лукашэнку найбольш займае тэма гібелі цялят. Вось яна — галоўная праблема Беларусі ў эпоху штучнага інтэлекту. У лютым Лукашэнка анансаваў вялізную праграму будаўніцтва прафілякторыяў для цялят. Але, падаецца, для беларускай сацыяльнай мадэлі — гэта невырашальная праблема.

Ва ўсіх сваіх дзеяньнях і разважаньнях Лукашэнка ня можа выйсьці за межы свайго ўласнага жыцьцёвага досьведу. Ён увесь час узгадвае, спрабуе рэалізаваць тое, што ён засвоіў у часы сваёй маладосьці.

Аднаўленьне арганізацый «Сельгастэхніка»

Падчас наведваньня ААТ «Мазыртэхсэрвіс» Лукашэнка заклікаў аднавіць дзейнасьць арганізацый «Сельгастэхніка», якія існавалі ў савецкія часы і займаліся абслугоўваньнем і забесьпячэньнем сельскагаспадарчых прадпрыемстваў тэхнікай і запаснымі часткамі. Ён запатрабаваў: «Нам трэба кроў з носа аднавіць сельгастэхнікі. Працаваць, працаваць і аднавіць у кожным раёне».

Цяпер Лукашэнка нічога лепшага не прыдумаў, як вярнуцца да савецкіх часоў

Праблема ў тым, што сельгаспрадпрыемствам няма за што купляць новую тэхніку, яны бедныя, стратныя. Таму загадана вярнуцца да савецкай практыкі — арэндаваць машыны і абсталяваньне ў спэцыялізаваных арганізацый «Сельгазтэхніка».

З пачаткам рынкавых рэформ у 1990-я гады іх ліквідавалі з прычыны эканамічнай неэфэктыўнасьці. І вось цяпер Лукашэнка нічога лепшага не прыдумаў, як вярнуцца да савецкіх часоў. Ня дзіва, што замест творчасьці, свабоды, эканамічнага разьнявольваньня, уключэньня рынкавых мэханізмаў і стымулаў, Лукашэнка робіць стаўку на дысцыпліну, пагрозу пасадзіць за краты як галоўны спосаб вырашэньня ўсіх праблем.

Але такія асабістыя ўяўленьні Лукашэнкі становяцца праблемай для краіны. Ён блякуе разьвіцьцё, глядзіць не наперад, а назад, як у палітычнай сфэры, гэтак і ў эканоміцы.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Палітычны аглядальнік Радыё Свабода

    Кандыдат гістарычных навук, аўтар кнігі «Александр Лукашенко. Политический портрет» (2010), адзін з самых цытаваных палітычных камэнтатараў Беларусі.

    На Свабодзе — ад 1999 году.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG