Радыё Свабода пакуль ня мае іншага пацьверджаньня гэтаму.
Польскі прэм’ер Дональд Туск напісаў, што першымі словамі журналіста было пытаньне «Ці змагу я туды вярнуцца?» «Толькі табе вырашаць. Цяпер ты вольны чалавек», — адказаў яму Туск, пра што напісаў у сваім Х.
У артыкуле польскай «Газэты выборчай» падаюцца словы Пачобута пра тое, як ён даведаўся пра вызваленьне.
Па словах журналіста, пасьля вызваленьня ён спачатку адмовіўся ехаць у Польшчу. «Я папрасіў гарантыі, што мне дазволяць вярнуцца. Яны прывялі чыноўніка з Адміністрацыі прэзыдэнта і патэлефанавалі польскаму часоваму паверанаму ў справах. Я спытаўся, ці магу я вярнуцца ў Беларусь. Ён пацьвердзіў гэта. Беларускія чыноўнікі таксама пацьвердзілі гэта», — распавядаў ён «Выборчай»
Як піша польскае выданьне, Пачобут мае права вярнуцца ў Беларусь. Ён выразна заяўляе: «У мяне ёсьць пашпарт, і я хачу вярнуцца ў Беларусь. Там засталіся людзі, якія ў мяне вераць».
Як паведаміла дзяржаўнае агенцтва БелТА, «з улікам «асабістай просьбы» маці Анджэя Пачобута і актывісткі польскай меншасьці ў Беларусі Анжалікі Борыс, Аляксандар Лукашэнка ўключыў Анджэя Пачобута ў сьпіс для абмену».
Раней частку вызваленых палітвязьняў у выніку перамоўнага працэсу ЗША і ўладаў Беларусі вывезьлі зь Беларусі без пашпартоў. Іншыя палітвязьні, якія былі дэпартаваныя з пашпартамі, пазьней даведваліся, што іхныя дакумэнты былі прызнаныя несапраўднымі ў Беларусі.
Хто такі Анджэй Пачобут
- Анджэй Пачобут — вядомы журналіст і грамадзкі дзеяч, сябра незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі.
- Нарадзіўся 17 красавіка 1973 году ў Вялікай Бераставіцы (Горадзенская вобласьць). Яму 49 гадоў. Жыве ў Горадні. Жанаты, двое дзяцей: старэйшая дачка вучыцца ў Горадні ў мэдычным унівэрсытэце, малодшы сын ходзіць у школу.
- У 2002 годзе прыйшоў у журналістыку. Працаваў у першых незалежных горадзенскіх газэтах «Пагоня», «Дзень», «Мясцовы час», рэспубліканскай газэце «Народная воля», газэце СПБ на польскай мове Głos znad Niemna («Голас з-над Нёману»). Быў рэдактарам часопіса СПБ Magazyn Polski na uchodźstwie, карэспандэнтам буйнога польскага выданьня Gazeta Wyborcza. Займаўся тэмамі, зьвязанымі з гісторый спэцслужбаў СССР, антысавецкага супраціву ў Заходняй Беларусі, Арміяй Краёвай.
- 25 сакавіка 2021 году Андрэя Пачобута затрымалі, прыйшоўшы да яго зь ператрусам.
- Трох фігурантак «польскай справы» Ірэну Бярнацкую, Марыю Цішкоўскую і Ганну Панішаву у траўні 2021 вызвалілі ўзамен на выезд зь Беларусі. Пачобут адмовіўся ад такой прапановы. Старшыню Анжаліку Борыс у сакавіку 2022 вызвалілі зь СІЗА пад хатні арышт.
- У Анджэя хворае сэрца. Раней, асабліва ў сьпёку, у яго часта здараліся прыступы, ён слабеў, клаўся ў шпіталь праз парушаны рытм сэрца.
- За артыкул пра напад СССР на Польшчу ў верасьні 1939-га Анджэя Пачобута абвінавацілі ў «распальваньні варожасьці па нацыянальнай прыкмеце». У публікацыі Пачобут назваў напад СССР на Польшчу 17 верасьня 1939 году агрэсіяй. Таксама ў матэрыялах крымінальнай справы фігуравалі заявы журналіста ў абарону польскай меншасьці ў Беларусі, артыкул пра здушэньне беларускіх пратэстаў у 2020 годзе і тэкст 2006 году пра аднаго з камандзіраў польскага антыкамуністычнага падпольля на Горадзеншчыне.
- У 2023-м Пачобуту вынесьлі прысуд — 8 гадоў калёніі. 21 чэрвеня стала вядома, што палітвязьня перавялі ў наваполацкую калёнію № 1.
- 28 красавіка 2026 году быў вызвалены і вывезены ў Польшчу ў рамках абмену зьняволенымі.
Форум