«Для мяне, для ўсіх нас гэта вялікая радасьць. Ён, наш калега, працаваў у „Газэце выборчай“, вельмі мужны і сьмелы чалавек, усё вытрымаў. Фантастыка! А Лукашэнка трымаў яго гэтак доўга, каб мець за яго выкуп некалькі шпіёнаў. Вось гэта цяпер і атрымаў», — сказаў Адам Міхнік Свабодзе. На ягоную думку, Эўразьвязу належыць надалей падтрымліваць дэмакратычныя сілы Беларусі, якія апынуліся за межамі краіны, але думаць і пра свабодалюбівых беларусаў, якія жывуць у Беларусі. «Так, у вас фактычна акупацыя, цяжка, але трэба шукаць магчымасьці ім таксама дапамагаць», — сказаў былы рэдактар «Газэты выборчай».
Міхнік мяркуе, што пасьля адыходу ад улады рэжыму Лукашэнкі адносіны Польшчы з Беларусьсю палепшацца. «Мы ўсе бачылі беларускую рэвалюцыю ў 2020 годзе, дзясяткі тысяч людзей, якія падтрымлівалі свабоду. Гэта вялікі патэнцыял, які паказвае, што ў беларусаў таксама можа атрымацца прыйсьці да свабоды», — сказаў Адам Міхнік пра пэрспэктывы дэмакратызацыі Беларусі і наладжваньня добрасуседзкіх адносін з Польшчай і ЭЗ.
Пра гэта Адам Міхнік заявіў Свабодзе напярэдадні адкрыцьця імпрэзы ў Вільні, прысьвечанай Ежы Гедройцю.
Форум