Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: дзень памяці Севярына Налівайкі

Падзеі 21 красавіка ў беларускай і ўсясьветнай гісторыі.

Дата дня

21 красавіка 1597 году быў пакараны сьмерцю Севярын Налівайка. Правадыр казацкага паўстаньня быў выгнаны ўрадавымі войскамі з Украіны на тэрыторыю цяперашняй Беларусі, дзе распачаў сапраўдную вайну. Паўстанцы захапілі Слуцак, Магілёў, Пінск ды іншыя гарады. Урэшце іх разьбілі, а Налівайка быў схоплены.

Таксама ў гэты дзень

1863Зыгмунт Серакоўскі разьбіў расейцаў у бітве пад Генетынамі (цяпер у Панявескім раёне, Літва).

1914 — у Беларусі адбылася першая авіяцыйная катастрофа на вайсковым лётнішчы ў Лідзе. У ёй загінулі падпаручнік Вятчынкін і мэханік Кавальчук. Яны выпрабоўвалі самалёт Nieuport IV, які з вышыні 300 мэтраў раптам пайшоў уніз.

1919 — войскі генэрала Жалігоўскага авалодалі Вільняй. У выніку спыніла сваё існаваньне Літоўска-Беларуская савецкая рэспубліка, бальшавікі паўцякалі, а Вільня на 20 гадоў апынулася ў складзе Польшчы.

1921 — выйшаў першы нумар газэты «Чырвоная зьмена». Выходзіла самастойным выданьнем да 2002 году, цяпер — дадатак да газэты «Звязда».

1996 — расейскія фэдэральныя войскі забілі першага прэзыдэнта Чачэнскай рэспублікі Ічкерыя генэрала Джахара Дудаева. Паводле афіцыйных зьвестак, Дудаеў загінуў ад ракеты, наведзенай на сыгнал ягонага спадарожнікавага тэлефона.

У гэты дзень нарадзіліся

1833 Віктар Отан Каліноўскі, гісторык, археограф, бібліяфіл, удзельнік нацыянальна-вызвольнага руху, брат Кастуся Каліноўскага.

1835Ялегі Пранціш Вуль, паэт, удзельнік паўстаньня 1863–64 гадоў.

Што табе, дудар, прысьпела
Сьмелы песьні завадзіць?
Ці то лёгкае, брат, дзела,
Нашу брацьцю прасьвяціць?
Крыкнуць на цябе панове,
Што ты шкоднік і місьцюк. —
Страціш голас і здароўе
І дуду упусьціш з рук.

1902 — нарадзіўся Вацлаў Пянткоўскі, каталіцкі сьвятар, вязень ГУЛАГУ, арганізатар падпольнай сэмінарыі на Палесьсі, аўтар мэмуараў.

1903 Мікола Аляхновіч, беларускі літаратурны крытык.

1926 Лізавета II, каралева Вялікай Брытаніі ад 1952 году.

1968Аляксей Андрэеў, стваральнік альманаху «Монолог», папулярызатар беларускай культуры ў расейскамоўным сьвеце.

У памяці

1910 — памёр Марк Твэн, амэрыканскі пісьменьнік.

Марк Твэн
Марк Твэн

1923 — памёр Ігнат Канчэўскі (Абдзіраловіч), беларускі паэт, філёзаф і публіцыст.

2019 — падчас экамаратону ў Гомелі (забег на 21 км) за некалькі мэтраў да фінішу памёр Юры Бліноў, піяніст, першы беларускі музыка, які выступіў з сольным канцэртам у Карнэгі-Голе ў Нью-Ёрку, быў сузаснавальнікам футбольнага клюбу «Крумкачы».

2022 Анатоль Вярцінскі, паэт, рэдактар, палітык.

Гэты боль асаблівы —
Боль за родныя нівы.
Асабліва шчымлівы.
Асабліва журлівы…
Не скажу: апраметны.
Не зазначу: сьмяротны.
Ды ён дужа адметны —
боль за край наш родны.
Яго носіш дзе ты?
У душы? За грудзінай?
Знаеш толькі: боль гэты —
боль за лёс Радзімы.


Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG