Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што трэба ведаць пра марскую блякаду Ірану з боку ЗША

Зьнішчальнік F/A-18E Super Hornet з складу 14-й ударнай зьнішчальнай эскадрыльлі вяртаецца на авіяносец USS Abraham Lincoln, сакавік 2026 году
Зьнішчальнік F/A-18E Super Hornet з складу 14-й ударнай зьнішчальнай эскадрыльлі вяртаецца на авіяносец USS Abraham Lincoln, сакавік 2026 году

Пасьля правалу мірных перамоваў на мінулых выходных ЗША аб’явілі марскую блякаду іранскіх партоў і прыбярэжных раёнаў. Але як яе ажыцьцявіць: ці паблізу Армускай пратокі зь небясьпекай трапіць пад іранскі агонь, ці наводдаль — у спадзеве перахапіць парушальнікаў блякады ў адкрытым моры?

Гэты крок — чарговая спроба прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа прымусіць Іран пайсьці на саступкі, уключна з абавязаньнем не імкнуцца да валоданьня ядзернай зброяй ці сродкамі яе стварэньня. Блякада пачалася праз больш як месяц авіяўдараў і працяглых эканамічных санкцыяў, піша міжнародны карэспандэнт Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Рэй Фурлонг.

Вашынгтон мае значныя вайскова-марскія і паветраныя сілы ў рэгіёне, якія можна задзейнічаць для блякады. Для некаторых падразьдзяленьняў гэта будзе азначаць пераход ад авіяўдараў да перахопу цывільных суднаў.

Спроба рабіць гэта ў вузкай Армускай пратоцы ці каля яе можа паставіць караблі ЗША пад удар іранскага войска.

Некалькі тыдняў амэрыканскіх і ізраільскіх авіяўдараў моцна падарвалі патэнцыял Ірану, але Корпус вартавых ісламскай рэвалюцыі мае падразьдзяленьні з малымі катэрамі, якія працягваюць пагражаць караблям у Пэрсыдзкай затоцы.

Трамп прыгразіў ім ліквідацыяй, калі яны наблізяцца да амэрыканскіх сілаў, што забясьпечваюць блякаду. Але рызыкі іранскіх атак можна мінімізаваць.

Каля 90% іранскай нафты ідзе ў Кітай, і заблякаваць гэты трафік сілы ЗША маглі б на аддаленьні. Нафтавыя даходы ад продажу нафты ў Кітай складаюць каля 45% дзяржаўнага бюджэту Ірану, гаворыцца ў інфармацыйным бюлетэні Кангрэсу ЗША.

Аднак гэта запатрабавала б патруляваньня значна шырэйшых марскіх адлегласьцяў, чым 30-кілямэтровая пратока.

Але Іран мае чым адказаць. Атакі падтрыманых Тэгеранам хусітаў у Емэне могуць прывесьці да закрыцьця Баб-эль-Мандэбскай пратокі — і страты рынкам каля 12% сусьветных паставак энэргіі, кажа лектар Унівэрсытэту Джорджа Вашынгтона Махамад Гаэдзі.

Паводле Трампа, блякада закране і судны, якія плацяць Ірану збор за праход цераз Армускую пратоку. «Ніхто, хто плаціць незаконны збор, ня будзе мець бясьпечнага праходу ў адкрытым моры», — заявіў ён.

Але такі падыход можа прывесьці да непрадказальных дыпляматычных наступстваў. Напрыклад, 10 красавіка з пратокі выйшлі два кітайскія караблі, паведаміла кампанія Windward. Невядома, ці плацілі яны Ірану па 2 мільёны даляраў за карабель. Дый такую аплату амаль немагчыма адсачыць, калі яе зрабілі ў крыптавалюце. Але захоп або агляд судна пад кітайскім сьцягам можа выклікаць сур’ёзную дыпляматычную напружанасьць акурат перад візытам Трампа ў Пэкін для сустрэчы зь Сі Цзіньпінам, заплянаванай на травень.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG