Гэтыя ды іншыя падзеі тыдня Ганна Соўсь абмяркоўвае з мэдыяэкспэртам Міхаілам Дарашэвічам, тэалягіняй, прадстаўніцай «Хрысьціянскай візіі» Натальляй Васілевіч, новай прадстаўніцай Аб’яднанага пераходнага кабінэту, вэтэранам вайны ва Ўкраіне Анастасіяй «Север» Махамет. У нашай праграме таксама – ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі Сьвятлана Алексіевіч і старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла.
00:00 Новыя прызначэньні ва ўрадзе: Мінкульт і Мінінфарм
5:25 Ці гатовыя ўлады Беларусі да блякады Youtube. Міхаіл Дарашэвіч
22:06 Як зьняволеныя прыходзяць да веры. Натальля Васілевіч
34:36 «Сёньня людзі пагружаюцца ў Сярэднявечча». Сьвятлана Алексіевіч
38:41 Ці можа Зяленскі дапамагчы беларусам ва Ўкраіне. Анастасія Махамет
47:27 Найлепшы падарунак да 90-годзьдзя. Івонка Сурвіла
Тут фрагмэнты перадачы
— У чацьвер Лукашэнка прызначыў новым кіраўніком Міністэрства культуры Беларусі вядомага прапагандыста і былога кіраўніка тэлеканалу АНТ Марата Маркава. На месца Маркава міністрам інфармацыі Лукашэнка прызначыў Дзьмітрыя Жука. Той таксама зь дзяржаўных прапагандыстаў. Да нядаўняга часу Жук узначальваў выдавецкі дом «Беларусь сегодня», быў там дырэктарам — галоўным рэдактарам. Жука Лукашэнка назваў чалавекам, які «разумее, што рабіць», а таксама «ідэалягічна граматным». Ці могуць новыя прызначэньні быць зьвязаныя з тым, што YouTube цягам тыдня амаль адключыў тры прапагандысцкія каналы? Ці ёсьць тут нейкая сувязь?
— Я б не шукаў тут прамой сувязі. Калі шчыра, гэта хутчэй звычайная ратацыя, якая адбываецца і адбывалася раней. Я не думаю, што гэта былі сынхронныя рашэньні — што адначасова YouTube выдаляе каналы, і ў гэты ж момант прымаюцца кадравыя рашэньні. Трэба разумець, што такія прызначэньні — гэта працэдура: узгадненьні, прапанаваньне пасадаў, згода або адмова кандыдатаў. Гэта не робіцца за адзін тыдзень. Таму я сумняваюся, што гэта можа быць непасрэдна зьвязана.
— Нагадаем, што амаль тыдзень таму YouTube выдаліў каналы беларускіх дзяржаўных мэдыя — БелТА, АНТ і СТБ. Прычыны адміністрацыя сэрвісу не патлумачыла. Раней на гэтыя каналы паступалі скаргі за распальваньне варожасьці, раскрыцьцё пэрсанальных дадзеных і іншыя парушэньні. Таксама ў красавіку быў выдалены новы канал СТВ, які спрабавалі разьвіваць пасьля выдаленьня старога. Як вы мяркуеце, якой можа быць рэакцыя ўладаў Беларусі? Ці могуць яны заблякаваць YouTube у краіне?
— Тэхнічна заблакаваць YouTube можна. Інфраструктура інтэрнэту ў Беларусі такая, што адключэньне ад глябальных сетак, ад зьнешніх магістраляў можа быць зроблена даволі лёгка. Мы гэта ўжо бачылі ў дні палітычнай актыўнасьці. Тэарэтычна гэта можна зрабіць нават на пастаяннай аснове. Але на практыцы гэта не самае эфэктыўнае рашэньне. YouTube — гэта частка вялікай інфраструктуры кампаніі Google, дакладней кампаніі Alphabet. Ён зьвязаны зь вялікай колькасьцю сэрвісаў, у тым ліку з Android-прыладамі. Гэта і анлайн, — і афлайн-сэрвісы. Таму простая блякіроўка YouTube можа выклікаць шмат праблем — для працы прыкладаньняў, сэрвісаў і ўвогуле для карыстальнікаў. Тэхнічна гэта лёгка, але з практычнага пункту гледжаньня — ня вельмі выгадна. Калі глядзець на досьвед Расеі, дзе спрабавалі запавольваць YouTube, гэта не прывяло да істотнага пераходу карыстальнікаў на расейскія плятформы, такія як Rutube ці іншыя. Людзі проста цярпелі павольную загрузку або карысталіся VPN. У выніку доступ да інфармацыі ўсё роўна заставаўся.
— Ці могуць у Беларусі заблякаваць Telegram і прымусіць уладныя каналы перайсьці на плятформу Max? Спадар Міхаіл, як вы лічыце, ці магчымы такі сцэнар?
— Тэарэтычна блякіроўка Telegram магчымая, як і ў выпадку з YouTube. Але практычна гэта вельмі складана. Telegram — гэта ключавы інструмэнт камунікацыі, у тым ліку і для самой улады. Прымусова перавесьці ўсіх на іншую плятформу вельмі цяжка. Акрамя таго, карыстальнікі зноў жа будуць шукаць абыходныя шляхі — VPN і іншыя тэхнічныя рашэньні. Таму такія крокі могуць быць, але іх эфэктыўнасьць будзе абмежаваная.
«ПіК Свабоды»
«ПіК Свабоды» — гэты YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць істотныя падзеі з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
• Наш сайт
• Apple Podcasts
• Spotify
• Soundcloud
• Podcast Republic
Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.
Форум