Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп заявіў, што ўсе амэрыканскія войскі застануцца каля Ірану, пакуль ня будзе дасягнута «сапраўдная дамоўленасьць»

Дональд Трамп
Дональд Трамп

Прэзыдэнт ЗША, які днём раней паведаміў пра дасягненьне замірэньня з Іранам, цяпер сказаў, што яно не працуе і далейшае разьвіцьцё баявых дзеяньняў вельмі магчымае. Ён зноў выступіў з пагрозамі на адрас Тэгерану і сказаў, што Іран «істотна аслаблены».

Дональд Трамп позна ўвечары 8 красавіка напісаў у сацыяльных сетках, што ўсе амэрыканскія караблі, самалёты і вайскоўцы застануцца ў Іране і вакол яго, пакуль ня будзе цалкам выкананая дасягнутая дамоўленасьць.

«Усе амэрыканскія караблі, самалёты і вайскоўцы, а таксама дадатковыя боепрыпасы, зброя і ўсё астатняе, што неабходна для сьмяротнага перасьледу і зьнішчэньня ўжо істотна аслабленага ворага, застануцца на месцах у Іране і вакол яго, пакуль ня будзе цалкам выкананая дасягнутая сапраўдная дамоўленасьць», — напісаў ён у Truth Social.

Калі зь якой-небудзь прычыны гэтага не адбудзецца, тады «пачнецца страляніна — большая, лепшая і мацнейшая, чым хто-небудзь калі-небудзь бачыў раней», зноў пагражае Трамп.

«Гэта было ўзгоднена даўно, і, нягледзячы на ўсю фальшывую рыторыку пра адваротнае — ніякай ядзернай зброі, і Армуская пратока будзе адкрытая і бясьпечная. Тым часам нашае вялікае войска сілкуецца і адпачывае, зь нецярпеньнем чакаючы, па сутнасьці, свайго наступнага заваяваньня. Амэрыка вярнулася!» — тон Трампа застаўся ваяўнічым.

Напярэдадні СМІ паведамілі пра тое, што замірэньне дасягнутае на паўмесяца.

Незадоўга да гэтага Трамп напісаў, што апублікаваныя паведамленьні пра 10-пунктавы мірны плян Ірана былі «цалкам фальшывымі». Ён абвінаваціў газэту New York Times і канал CNN у дэзынфармацыі пра гэты плян і напісаў, што публікацыі былі створаныя для дыскрэдытацыі людзей, якія ўдзельнічалі ў мірным працэсе.

8 красавіка паведамлялася, што мірнае пагадненьне паміж ЗША і Іранам можа быць сарванае празь дзеяньні Ізраілю, які падтрымаў крокі амэрыканцаў, але адразу падкрэсьліў, што ўгода не распаўсюджваецца на Лібан. Як заяўляе Тэль-Авіў, на поўдні Лібану засяроджана шмат баевікоў і тэхнікі тэрарыстычнай праіранскай арганізацыі «Хэзбала», якая пагражае Ізраілю.

Яшчэ ў першы дзень пасьля падпісаньня замірэньня Ізраіль з паветра інтэнсіўна атакаваў Лібан. Міністэрства аховы здароўя Лібану паведаміла, што ў выніку ізраільскіх удараў, нанесеных па ўсёй краіне ў сераду, загінулі прынамсі 182 чалавекі і 890 атрымалі раненьні. Пры гэтым у Бэйруце папярэдзілі, што лічбы застаюцца толькі папярэднімі, сапраўдная колькасьць ахвяраў і пацярпелых можа быць большай.

Улады Ірану пасьля ізраільскіх заяваў 8 красавіка сказалі, што ў такім выпадку ня лічаць патрэбным трымацца замірэньня. Іранскія войскі абстралялі ААЭ, Бахрэйн і Кувэйт.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG