Пасьля аб’яўленьня перамір’я паміж ЗША і Іранам Ізраіль нанёс магутны ўдар па Лібане. Паводле апошніх зьвестак лібанскіх уладаў, колькасьць загінулых дасягнула 112 чалавек, параненых — больш за 800, перадаюць агенцтвы навінаў.
Ізраільскія вайскоўцы заявілі, што мэтай атакі былі больш яе 100 камандных пунктаў і вайсковых аб’ектаў праіранскай групоўкі «Хэзбала» у Бэйруце і іншых мясьцінах Лібану.
Паўафіцыйнае агенцтва Fars дадало, што Іран ужо спыніў рух нафтавых танкераў праз Армускую пратоку ў адказ на ізраільскія бамбаваньні.
Іранскае агенцтва Tasnim з спасылкай на ананімную крыніцу паведаміла, што Тэгеран выйдзе з пагадненьня аб перамір’і, калі Ізраіль працягне атакаваць Лібан.
Іран паведаміў пасярэднікам, што ягоны ўдзел у перамовах з прадстаўнікамі ЗША ў Ісламабадзе, анансаваны на 10 красавіка, магчымы толькі пры ўмове спыненьня агню ў Лібане, піша The Wall Street Journal са спасылкай на крыніцы, знаёмыя з сытуацыяй.
Сытуацыя ўскладняецца рознымі трактоўкамі ўмоваў угоды: прэм’ер-міністр Пакістану Шахбаз Шарыф заявіў, што Лібан уключаны ў пагадненьне пра спыненьне агню, тады як прэм’ер Ізраілю Біньямін Нэтаньягу гэта абверг.
Карэспандэнтка амэрыканскага тэлеканалу PBS у Белым доме напісала ў сацсетцы X, што прэзыдэнт Дональд Трамп 8 красавіка асабіста сказаў ёй: Лібан «не ўваходзіць у дамову» з-за прысутнасьці там «Хэзбалы», якую ЗША прызналі тэрарыстычнай арганізацыяй.
Форум