Міністэрства абароны ААЭ 8 красавіка апублікавала заяву, у якой адзначалася: «Проціпаветраная абарона ААЭ супрацьдзейнічае ракетным нападам і атакам беспілётнікаў з Ірана».
Кувэйцкія вайскоўцы таксама абвясьцілі, што супрацьпаветраная абарона краіны адбіла хвалю нападаў беспілётнікаў з боку Ірану, пачынаючы з 8 раніцы па мясцовым часе. Паводле заявы, было перахоплена 28 дронаў, накіраваных супраць Кувэйта.
Па дадзеных Узброеных сіл Кувэйта, некалькі беспілётнікаў атакавалі жыцьцёва важныя нафтавыя абʼекты і электрастанцыі на поўдні краіны, што прывяло да «значнай матэрыяльнай шкоды» нафтавай інфраструктуры, электрастанцыям і апрасняльных устаноўках.
Генэральны штаб арміі Кувэйта падкрэсьліў, што былі прыняты ўсе неабходныя меры па маніторынгу і супрацьдзеяньні гэтым атакам.
З Бахрэйна таксама сёньня паступалі паведамленьні аб ракетных ударах і аб выбухах і дыме над востравам Сітра, на якім разьмешчаныя нафтаздабыўныя абʼекты. Міністэрства ўнутраных справаў краіны заявіла ў сацсетцы X, што пажар, выкліканы «іранскай агрэсіяй», быў патушаны. Паводле зьвестак ведамства, у выніку атак два чалавекі атрымалі раненьні і некалькі дамоў былі пашкоджаныя.
Са свайго боку Нацыянальная іранская кампанія па перапрацоўцы і разьмеркаваньні нафты абвясьціла, што нафтаперапрацоўчы завод, разьмешчаны на востраве Лаван, быў атакаваны ў 10 гадзінаў раніцы па мясцовым часе.
Згодна з заявай кампаніі, у выніку ўдару ніхто не пацярпеў, а каманды сіл бясьпекі і пажарных працуюць на месцы і тушаць агонь.
Пакуль няма паведамленьняў аб крыніцы гэтых нападаў, але інфармацыйнае агенцтва Tasnim, зьвязанае з Корпусам вартавых Ісламскай рэвалюцыі, паведаміла аб двух атаках у кароткім рэпартажы навін так: «Ракетныя і дронавыя атакі на ААЭ і Кувейт адбыліся празь некалькі гадзін пасьля таго, як былі атакаваныя нафтавыя абʼекты на востраве».
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп 8 красавіка абвясьціў, што Злучаныя Штаты пагадзіліся на двухтыднёвае спыненьне агню з Іранам, на працягу якога бакі будуць весьці перамовы па паўнавартасным мірным пагадненьні.
Міністар замежных спраў Ірану Абас Аракчы таксама пацьвердзіў згоду Тэгерана. У Іране заявілі, што на працягу двух тыдняў бясьпечны праход праз Армускую пратоку будзе магчымы.
Па дадзеных СМІ, першы раўнд перамоваў паміж Злучанымі Штатамі і Іранам па дамове аб спыненьні вайны заплянаваны на пятніцу, 10 красавіка, у Ісламабадзе — гэта будуць першыя асабістыя перамовы з пачатку вайны.
Форум