Па словах Трампа, Іран ня будзе ўзбагачаць уран, а Злучаныя Штаты ў супрацоўніцтве з Іранам забясьпечаць захаванасьць наяўнага ўрану. Акрамя таго, паводле словаў прэзыдэнта, абмяркоўваецца зьняцьце з Ірана мытаў і санкцыяў. «Многія з 15 пунктаў» мірнага пляну ЗША ўжо ўзгодненыя — напісаў Трамп у сацсетцы Truth Social.
Пры гэтым у іншым пасьце ён зазначыў, што супраць краінаў, якія пастаўляюць Ірану ўзбраеньне, будзе ўведзенае мыта ў памеры 50%. Што гэта за краіны, ён не назваў. СМІ раней паведамлялі, што ў прыватнасьці Расея пастаўляе ў Іран бесьпілётнікі.
Трамп у сваіх пастах не пракамэнтаваў тэму Армускай пратокі, адкрыцьця якой ён патрабаваў ад Ірана, пагражаючы ў адваротным выпадку разбамбаваць ключавыя абʼекты інфраструктуры гэтай краіны. Як сьцьвярджае карэспандэнт ABC News, у размове зь ім Трамп падтрымаў ідэю сумеснага амэрыкана-іранскага прадпрыемства, якое спаганяла б з суднаў трэціх краін плату за праход праз пратоку.
Раней Трамп патрабаваў ад Ірана адкрыць пратоку без папярэдніх умоваў. У Іране заявілі, што гатовыя зрабіць гэта на пэрыяд перамірʼя, але ў той жа час там далі зразумець, што хочуць кантраляваць стратэгічна важную пратоку і, імаверна, спаганяць з суднаў плату за праход.
Абодва бакі канфлікту пасьля абвяшчэньня аб перамірʼі заявілі аб сваёй перамозе. У Іране заяўляюць, што Трамп ня выканаў свае пагрозы і ў прынцыпе пагадзіўся на іранскія мірныя ініцыятывы з 10 пунктаў, якія прадугледжваюць у тым ліку зьняцьце з Ірана санкцыяў і іранскі кантроль над Армускай пратокай.
У адміністрацыі ЗША заяўляюць, што дасягнулі ўсіх вайсковых мэтаў. Міністар абароны Піт Гэгсэт заявіў, што падчас распачатай 28 лютага апэрацыі былі зьнішчаныя ВМФ Ірану і супрацьпаветраная абарона як эфэктыўная сіла.
Па словах Гэгсета, ЗША маглі зьнішчыць эканоміку Ірана за некалькі хвілін, але Трамп «выбраў міласэрнасьць», паколькі Іран пагадзіўся на «ўгоду». Кіраўнік Пэнтагону таксама заявіў, што Іран ці сам перадасьць узбагачаны ўран ЗША, ці Злучаныя Штаты забяруць яго сілай. У Тэгеране не пацьвердзілі, што згодныя на адмову ад узбагачэньня ўрану і перадачу яго ЗША.
Віцэ-прэзыдэнт ЗША Джэй Дзі Вэнс раней назваў «крохкім» дасягнутае паміж ЗША і Іранам пагадненьне аб спыненьні агню на 14 дзён. Выступаючы ў Будапэшце 8 красавіка, Вэнс адзначыў, што прэзыдэнт Дональд Трамп «зь нецярпеньнем» чакае далейшага прасоўваньня да мірнага пагадненьня падчас перамоваў, якія, як паведамляецца, могуць прайсьці 10 красавіка ў Пакістане. Шэраг СМІ са спасылкай на крыніцы пішуць, што Вэнс узначаліць амэрыканскую дэлегацыю.
Пакістан адыграў ключавую пасярэдніцкую ролю ў заключэньні перамірʼя. Прэмʼер-міністар краіны Шэхбаз Шарыф пацьвердзіў, што мірныя перамовы пройдуць у Іслямабадзе. Ён таксама падзякаваў Кітаю, Саудаўскай Арабіі, Турэччыне, Эгіпту і Катару за пасярэдніцкія намаганьні.
Форум