Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ізраіль спыніў удары па Іране, але працягвае баявыя дзеяньні ў Лібане

Сталіца Лібану Бэйрут, 5 красавіка 2026 году
Сталіца Лібану Бэйрут, 5 красавіка 2026 году

Армія Ізраілю заявіла, што спыніла ўдары па Іране — пасьля таго, як і ўлады Ірану, і прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп абвясьцілі пра спыненьне агню тэрмінам на 14 дзён для правядзеньня мірных перамоваў.

Як гаворыцца ў паведамленьні ізраільскай арміі, якое цытуе расейскай служба Свабоды, па ўказаньні палітычнага кіраўніцтва ўдары па Іране прыпыненыя, войска застаецца ў рэжыме падвышанай гатоўнасьці. У ноч на 8 красавіка, калі было абвешчана пра замірэньне, Іран і Ізраіль яшчэ абменьваліся ўдарамі — ад удару іранскай балістычнай ракеты на поўначы Ізраілю былі параненыя 3 чалавекі, ВПС Ізраілю наносілі ўдары па месцах запуску ракет.

Удары, як паведамляецца, спыніліся каля 3-й гадзіны мясцовага часу. Паводле ізраільскага боку, Іран выпусьціў апошнюю ракету ў 3:30, ужо пасьля таго, як было абвешчана спыненьне агню.

У Ізраілі падкрэсьліваюць, што войска працягвае біць па абʼектах групоўкі «Хезбала» (прызнана тэрарыстычнай у Ізраілі і ЗША) у Лібане і вядзе наземную апэрацыю на поўдні гэтай краіны. Пры гэтым у Пакістане, які выступае ў ролі пасярэдніка ў перамовах ЗША і Ірану, раней заяўлялі, што замірэньне павінна распаўсюджвацца і на Лібан. У Іране спыненьне апэрацыі Ізраілю супраць «Хезбалы» называюць адной з умоваў для заключэньня міру.

Пра 14-дзённую паўзу ў баявых дзеяньнях абʼявілі ў ноч на 8 красавіка прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп і ўлады Ірану. Лідэры многіх краін сьвету віталі спыненьне агню, заклікаючы пры гэтым дасягнуць сталага пагадненьня аб міры. Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі прывітаў спыненьне агню, адзначыўшы, што Ўкраіна таксама прапануе Расеі пайсьці на такі крок, каб стварыць умовы для дыпляматычнага разьвязаньня канфлікту.

Чакаецца, што 10 красавіка ў пакістанскім Ісламабадзе пройдуць амэрыканска-іранскія перамовы. Абодва бакі заяўляюць пра сваю перамогу ў вайне, якая ідзе з канца лютага.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG