15 палітвязьняў, вызваленых 19 сакавіка, адразу вывезьлі ў Вільню. 235 чалавек мусілі вярнуцца дадому. Якім чынам улады вызначалі, каму зьехаць, каму застацца ў Беларусі, — невядома.
15 вязьняў з розных калёніяў зьвезьлі спачатку ў новае СІЗА № 1 у Калядзічах, адтуль даставілі ў Літву.
Праваабаронцы апэратыўна апублікавалі меркаваны сьпіс тых, каго мусілі вызваліць і пакінуць у Беларусі, яшчэ ўдзень 19 сакавіка. Спачатку ён быў не зусім дакладны.
7 красавіка стала вядома, што праваабаронцам выявілі блытаніну ў сьпісах вызваленых 19 сакавіка палітвязьняў
Так, у першапачатковых сьпісах значыўся фігурант «справы Гаюна» Аляксандр Махнач — аднак з калёніі ён так і ня выйшаў. Затое на волі апынуўся палітзьняволены Ўладзімер Махнач, асуджаны паводле шэрагу артыкулаў на 4,5 года пазбаўленьня волі.
Падобная сытуацыя адбылася і з палітзьняволеным журналістам Дзьмітрыем Наважылавым, які быў у першапачатковых сьпісах на вызваленьне, але з калёніі так і ня выйшаў. Затое на волі апынуўся палітвязень Уладзіслаў Наважанцаў, якога не было ў сьпісах памілаваных.
Дзьмітрыя Наважылава абвінавацілі ва «ўдзеле у экстрэмісцкім фармаваньні» і «ўхіленьні ад сплаты падаткаў», асудзілі 6 кастрычніка 2022 году на 6 гадоў пазбаўленьня волі і штраф у 700 базавых (22 400 рублёў). Журналіст адбываў пакараньне ў ПК-3 «Віцьба».