Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Плятформа доўга заплюшчвала вочы», — Вячорка пра выдаленьне каналаў дзяржСМІ з YouTube

Сустрэча Сьвятланы Ціханоўскай зь віцэ-прэзыдэнткай па публічнай палітыцы ў YouTube (справа) і віцэ-прэзыдэнткай па ўрадавых сувязях і публічнай палітыцы ў Google (зьлева). Архіўнае фота.
Сустрэча Сьвятланы Ціханоўскай зь віцэ-прэзыдэнткай па публічнай палітыцы ў YouTube (справа) і віцэ-прэзыдэнткай па ўрадавых сувязях і публічнай палітыцы ў Google (зьлева). Архіўнае фота.

«Магла спрацаваць агульная колькасьць парушэньняў правілаў плятформы», кажа Франак Вячорка пра выдаленьне з YouTube каналаў БелТА, АНТ і СТВ

YouTube выдаліў каналы дзяржаўнага інфармагенцтва БелТА, а таксама тэлеканалаў АНТ і СТВ. Белтэлерадыёкампанія ў адказ прыгразіла прызнаць пляцоўку «экстрэмісцкай». Лідэрка дэмакратычных сілаў Сьвятлана Ціханоўская і яе каманда неаднаразова камунікавалі з прадстаўнікамі Google, абмяркоўваючы ў тым ліку дзейнасьць прапагандысцкіх СМІ на плятформе YouTube. Старэйшы дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка пракамэнтаваў для Свабоды рашэньне YouTube выдаліць каналы БелТА, АНТ і СТВ.

Паводле Франака Вячоркі, гэтыя прапагандысцкія каналы заўжды хадзілі на мяжы, і меліся б быць заблякаваныя ўжо даўно і за парушэньне правілаў YouTube, і праз санкцыі.

«Нічога супольнага з журналістыкай там няма. Плятформа сапраўды доўга заплюшчвала вочы на ўсё гэта, і прапагандысты дзейнічалі, і пагражалі — што калі нас заблякуюць — то мы заблякуем YouTube цалкам. У асобных — краінах — доступ да каналаў ужо абмежаваны досыць працяглы час, але так каб цалкам закрывалі — такога пакуль не было. Тут магла спрацаваць агульная колькасьць парушэньняў правілаў плятформы. Чаму менавіта гэтыя тры — хутчэй за ўсё — адміністратар акаўнту той самы, і калі блякаваньне за парушэньні плятформы — то караюць усе каналы, якія належаць парушальніку. Калі ж заблякавалі праз санкцыі, то гэтымі трыма блякаваньне не абмяжуецца. Пад санкцыямі знаходзіцца Белтэлерадыёкампанія, але напрыклад, уласьнік каналу можа быць фармальна іншы, і трэба даказаць сувязь паміж падсанкцыйнымі Белтэлерадыёкампанія ці асобамі, і самімі каналамі. Фармальна арганізацыі, якія стаяць за каналамі, пад санкцыямі, але каб іх заблякавалі, павінен быць запыт ад дзяржавы, і YouTube блякуе каналы ў тых краінах, якія такі запыт накіравалі».

Старэйшы дарадца Ціханоўскай згадвае пра сустрэчы лідэркі дэмсілаў з кіраўніцтвам Google i Youtube, апошні раз з віцэ-прэзыдэнткай Youtube.

«Яны выдатна ведаюць праблему, і самі знаходзяцца перад складаным выбарам — блякаваць парушальнікаў, ці заплюшчваць вочы, каб тыя не шкодзілі плятформе. Рэжым жа на працягу працяглага часу займаецца палітычным шантажом, што калі нас будуць блякаваць — мы адключым усю плятформу. І я думаю, гэты шантаж і стрымліваў захады ў дачыненьні да парушальнікаў. Мы падымалі і іншыя пытаньні — напрыклад, у выніках пошуку Google заўжды і дагэтуль наверсе прапагандысцкія СМІ, толькі потым незалежныя. Google іх успрымае як нейкія афіцыйныя каналы, што ў нейкай ступені дыскрымінуе незалежныя мэдыі. Ну і вядома, заўжды гаворым пра падтрымку беларускай мовы на плятформах, незалежных мэдыяў, магчымасьці манэтызацыі для незалежных журналістаў і доступу да тых ці іншых інструмэнтаў гэтых кампаній».

  • YouTube выдаліў каналы дзяржаўнага інфармагенцтва БелТА, а таксама тэлеканалаў АНТ і СТВ. Белтэлерадыёкампанія ў адказ прыгразіла прызнаць пляцоўку «экстрэмісцкай».
  • «Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь нэгатыўна ацэньвае гэты недружалюбны і беспадстаўны крок і пакідае за сабой права на прыняцьцё неабходных мераў рэагаваньня», — заявілі ў Мінінфарме.
  • «YouTube, здаецца, зрабіў апошнія крокі да прызнаньня экстрэмісцкай пляцоўкай і поўнай блякіроўкі ў Беларусі. Амаль усе асноўныя дзяржаўныя YouTube-каналы Беларусі (БЕЛТА, АНТ, СТВ) выдаленыя зь YouTube!» — заявілі ў Белдзяржтэлерадыёкампаніі.
  • Дзяржаўнае інфармагенцтва БЕЛТА паведаміла, што каналы былі выдаленыя 3 красавіка «адміністрацыяй відэахостынгу» з прычыны санкцый. Пры гэтым дадала, што БЕЛТА не знаходзіцца пад санкцыямі.
  • «YouTube-канал CTVBY быў выдалены праз санкцыі! Пры гэтым ЗАТ „Сталічнае тэлебачаньне“ і кіраўніцтва кампаніі не знаходзяцца пад санкцыямі! Хвалёная „дэмакратыя“ ў дзеяньні», — заявілі ў СТВ.
  • На тэлеканале АНТ адзначылі, што не атрымлівалі ніякіх апавяшчэньняў.
  • Адзін з найбуйных прапагандысцкіх тэлеграм-каналаў у адказ на выдаленьне каналаў дзяржСМІ заклікаў задумацца аб працы відэахостынгу ў Беларусі краіне.
  • Старшыня кіраўніцтва праўладнага Беларускага сюзу журналістаў Андрэй Крывашэеў абяцае, што арганізацыя будзе скардзіцца ва ўсе міжнародныя інстанцыі.
  • Пра палітычную цэнзуру кажуць прапагандысты рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, які пасьля агульнанацыянальных пратэстаў супраць сфальсыфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі 2020 году цалкам зьнішчыў свабоду слова і выказваньняў у краіне. Усе незалежныя грамадзка-палітычныя мэдыя былі абвешчаныя «экстрэмісцкімі» і выціснутыя за мяжу. Незалежная журналістыка і яе спажываньне былі крыміналізаваныя. Дзясяткі беларускіх журналістаў і блогераў, сотні тых, хто спажываў кантэнт незалежных мэдыя, сталі палітычнымі вязьнямі, правялі гады за кратамі. Пасьля поўнамаштабнай вайсковай агрэсіі Расеі супраць Украіны ў лютым 2022 году прапагандысцкія афіцыйныя СМІ Беларусі пашыраюць расейскія наратывы, апраўдваюць злачынствы супраць чалавечнасьці. Бюджэтнае фінансаваньне на дзясяткі мільёнаў даляраў штогод яны маюць за кошт беларускіх падаткаплатнікаў.
Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG