Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз заклікаў Google і Meta прасоўваць незалежныя беларускія СМІ


Сымболіка кампаніі Google
Сымболіка кампаніі Google

Эўрапейская камісія заклікае Google і іншыя буйныя тэхналягічныя кампаніі дапамагаць незалежным беларускім СМІ, прасоўваючы іх матэрыялы вышэй, чым тыя, што публікуюць праўладныя СМІ, якім спрыяюць альгарытмы пошуку.

Пра гэта піша ўплывовае выданьне Financial Times.

Беларускія журналісты ў выгнаньні паскардзіліся ў Эўракамісію на тое, што кантэнт з крытыкай рэжыму Аляксандра Лукашэнкі не дасягае мэтавай аўдыторыі, у тым ліку з прычыны альгарытмаў пошуку, якія выкарыстоўваюцца кампаніямі Google, Meta і іншымі, якія, як яны сьцьвярджаюць, неправамерна ўлічваюць правілы цэнзуры СМІ Лукашэнкі.

«Барацьба з дэзынфармацыяй і прасоўваньне свабоды СМІ — гэта два бакі аднаго мэдаля, і мы хочам, каб Big Tech займаўся абодвума», — заявіла Financial Times віцэ-прэзыдэнтка Эўракамісіі Вера Ёўрава.

«Гэта азначае забесьпячэньне бачнасьці ў інтэрнэце праўдзівай інфармацыі, а не прапаганды Менску ці Крамля», — дадала яна, раскрытыкаваўшы плятформы за распаўсюд прапаганды зь Беларусі і Расеі.

Віцэ-прэзыдэнтка Эўракамісіі Вера Ёўрава
Віцэ-прэзыдэнтка Эўракамісіі Вера Ёўрава

Беларускія журналісты паведамілі, што сытуацыя пагаршаецца тым, што Google News недасяжны на беларускай мове, і гэта абмяжоўвае тое, што чытачы краіны могуць знайсьці ў інтэрнэце.

ЭЗ раней вызваліў дзяржаўныя беларускія СМІ ад санкцый, уведзеных супраць Беларусі пасьля ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ў 2022 годзе, у адрозьненьне ад забаронаў на расейскія навіновыя сайты.

Чыноўнікі ў Брусэлі прызнаюць, што няма падставаў штрафаваць або распачынаць судовыя справы супраць тэхналягічных кампаній за тое, што яны не дапамагаюць журналістам-дысыдэнтам зь Беларусі ці іншых краін, якія не ўваходзяць у ЭЗ, у іх барацьбе з аўтарытарнымі рэжымамі.

У кампаніі Google з гэтай нагоды заявілі выданьню, «прыкладаюць усе намаганьні, каб ствараць нашы прадукты і забясьпечваць выкананьне нашай палітыкі спосабамі, якія не бяруць да ўвагі палітычныя прыхільнасьці». Кампанія дадала, што пошук «заўсёды можа быць лепшым», але папярэдзіла, што існуюць «сотні фактараў, якія вызначаюць, якія вынікі будуць паказаны».

Кампанія Meta не адказала на запыт аб камэнтары.

Раней кіраўнік Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец зьвяртаў увагу, што такія глябальныя карпарацыі, як Google, вызначаюць заблякаваныя ў Беларусі сайты незалежных мэдыяў і паніжаюць іх прыярытэт пры выдачы ў пошукавых запытах.

На гэтую тэму рабілі заявы і беларускія дэмакратычныя сілы, у 2022 годзе Офіс Сьвятланы Ціханоўскай праводзіў сустрэчы з прадстаўнікамі тэхналягічных кампаніяў Microsoft, Google, Meta і TikTok.

18 лютага 2023 года Ціханоўская і прадстаўнікі Аб'яднанага пераходнага кабінэту сустрэліся з віцэ-прэзыдэнтамі YouTube і Google і ўздымалі пытаньні беларускай мовы ў прадуктах Google і YouTube, спыненьні злоўжываньня рэклямнымі інструмэнтамі з боку беларускіх і расейскіх і прапагандыстаў, доступу да сайтаў і каналаў незалежных мэдыяў, прызнаных у Беларусі экстрэмісцкімі, праз пошукавыя сыстэмы і іншыя інструмэнты «Google».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG