Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якое значэньне для Беларусі мае расейскі порт Усьць-Луга, які зноў атакавалі ўкраінцы

Расейскі порт Усьць-Луга, 2021 год. Ілюстрацыйнае фота
Расейскі порт Усьць-Луга, 2021 год. Ілюстрацыйнае фота

Украінскія вайскоўцы ўпершыню атакавалі расейскі порт Усьць-Луга ў студзені 2024 году. Вынікам удару бесьпілётнікаў сталі пажар на адным з тэрміналаў і моцна пашкоджанае газасховішча.

Сёлета з 23 сакавіка ўкраінцы штоночы атакуюць гэты порт. Галоўная цэль — нафтаналіўныя тэрміналы. Кожны ўдар заканчваецца моцнымі пажарамі. Адзін зь іх можна было пабачыць нават з тэрыторыі Эстоніі.

Порт забясьпечвае амаль палову экспартных нафтавых паставак Расеі і амаль цалкам — беларускі экспарт. Удары па гэтым порце і спыненьне яго дзейнасьці могуць істотна паўплываць на даходы Беларусі ад замежнага гандлю нафтапрадуктамі і ўгнаеньнямі.

Лукашэнка зацікавіўся Усьць-Лугай у 2020 годзе

Да 2020 году асноўныя пастаўкі беларускіх мінэральных угнаеньняў і нафтапрадуктаў ішлі празь літоўскі порт Клайпеду. Але ён спыніў прыём беларускай прадукцыі пасьля ўводу Эўразьвязам і Літвой санкцыяў за жорсткі разгон акцыяў пратэсту супраць сфальсыфікаваных вынікаў выбараў прэзыдэнта.

Упершыню Аляксандар Лукашэнка загаварыў пра Усьць-Лугу 25 верасьня 2020 году на сустрэчы з губэрнатарам Ленінградзкай вобласьці Аляксандрам Дразьдзенкам.

«Вельмі шмат мы цяпер гаворым і працуем над зьменай лягістыкі пастаўкі нашых тавараў. Порт Усьць-Луга — гэта ж Ленінградзкая вобласьць. Нам трэба дамовіцца што там б ні было. А пытаньне адно — гэта чыгуначныя тарыфы і перагрузка ў партах», — заявіў тады Лукашэнка.

Тады ж Лукашэнка ініцыяваў будаўніцтва «беларускага прычалу» Усьць-Лугі, як ён сказаў, за кошт зэканомленых на будаўніцтве Беларускай АЭС грошай.

5 кастрычніка 2020 году старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэту Беларусі Юры Сянько далажыў Лукашэнку аб значным скарачэньні замежнага гандлю цераз мытную мяжу з краінамі Балтыі, Польшчы і Ўкраіны. Тады толькі ў жніўні ён скараціўся на 15 адсоткаў — да 71 мільёна тон тавараў.

У лістападзе 2020 году Лукашэнка з гэтай нагоды патэлефанаваў расейскаму прэзыдэнту Ўладзіміру Пуціну.

Прэсавая служба Лукашэнкі назвала пытаньне перавалкі беларускіх тавараў з порту Усьць-Луга «іншым актуальным пытаньнем размовы» з Пуціным, хоць ужо тады было зразумела, што спыненьне супрацы з Клайпедай пагражала стратаю галоўнай крыніцы фармаваньня дзяржаўнага бюджэту Беларусі ўжо ў наступным годзе. Таму перабудаваньне лягістыкі патрабавала хуткага рашэньня.

Дамову аб вывазе грузаў праз Усьць-Лугу падпісалі ў пачатку 2021-га

19 лютага 2021 году ўрады Беларусі і Расеі падпісалі пагадненьне аб арганізацыі перавалкі нафтапрадуктаў у 2021–2023 гадах у аб’ёме больш за 9,8 мільёна тон.

Гэты дакумэнт прадугледжваў заключэньне кантрактаў на грунце прынцыпу take-or-pay. Гэта азначае, што калі адпраўнік дастаўляе менш грузу, чым прадугледжана, ён усё роўна мусіць заплаціць морскаму тэрміналу за ўвесь узгоднены раней аб’ём. Тады дамаўляліся аб штогадовай перавалцы ў аб’ёме, крыху большым за 3 мільёны тон.

Першыя пастаўкі нафтапрадуктаў пачаліся ўжо ў сакавіку 2021 году.

Наладжаную лягістыку выкарысталі і для мінэральных угнаеньняў

Практычна адразу пасьля першых паставак нафтапрадуктаў праз Усьць-Лугу бакі пачалі абмяркоўваць стварэньне інфраструктуры для вывазу беларускіх угнаеньняў.

Першую лінію для аміячных і сухіх угнаеньняў зь Беларусі на тэрмінале Port Favor адкрылі 13 сьнежня 2024 году. Сёлета празь яго плянавалі экспартаваць 14 мільёнаў тон беларускіх угнаеньняў.

Сярод новых задач кіраўніцтва порту і Ленінградзкай вобласьці вызначыла будаўніцтва новага чыгуначнага падыходу, які дазволіць прымаць грузы зь Беларусі.

«Гэта вельмі важна і для перанакіраваньня грузаў, бо дарога перагружаная і ўжо ёсьць дэфіцыт магутнасьцяў, і мы разьлічваем, што гэтая дарога будзе запатрабаваная і для беларускіх грузаў», — сказаў губэрнатар Ленінградзкай вобласьці Аляксандар Дразьдзенка на сустрэчы з Уладзімірам Пуціным 28 сакавіка 2025 году.

Беларускіх будаўнікоў далучаюць да рэканструкцыі тэрміналаў Усьць-Лугі

У лютым 2024 году дзяржаўнае выданьне «СБ» паведаміла, што ў порце Усьць-Лугі на рэканструкцыі комплексу для перавалцы і фракцыянаваньня стабільнага газавага кандэнсату працавалі арганізацыі беларускага холдынгу «Белбудцэнтар».

Пасьля ўводу санкцыяў за 5,5 году порт Усьць-Луга стаў адным з асноўных хабаў для грузаў зь Беларусі, ключавым у пераарыентацыі беларускага экспарту. Паведамлялі, што ў канцы 2025 году пастаўкі беларускіх нафтапрадуктаў праз гэты порт вырасьлі ў некалькі разоў.

Беларускі бок ня раз заяўляў аб жаданьні пабудаваць там спэцыялізаваны беларускі тэрмінал і ўвайсьці ў стывідорныя актывы Усьць-Лугі для забесьпячэньня доўгатэрміновай лягістыкі.

Расейскія ўлады не паведамляюць аб маштабах наступстваў украінскіх удараў. Пішуць пра адсутнасьць пацярпелых і ахвяраў, а таксама пра своечасовае тушэньне пажараў на тэрміналах.

Улады Беларусі таксама не камэнтуюць гэтую сытуацыю. Пакуль невядома, ці ад украінскіх атак пацярпелі беларускія грузы.

Украінскі бок сьцьвярджае, што ў порце пасьля ўдараў запаволеная або нават цалкам спыненая адгрузка нафтапрадуктаў на экспарт.

Беларускія прадпрыемствы выкарыстоўваюць 20 расейскіх партоў для паставак сваёй прадукцыі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG