Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму беларуская эканоміка даганяе ня Польшчу, а Расею? Аналіз эканаміста Крука

Сьцісла

  • Беларусь ня трапіла ў пастку нізкіх тэмпаў разьвіцьця, яе завялі ў гэтую пастку.
  • Бэнчмарк (узор, кропка адліку) для Беларусі — гэта яе суседзі, краіны Цэнтральнай Эўропы, якія эканамічна разьвіваюцца больш дынамічна, чым Беларусь.
  • Мадэль разьвіцьця эканомікі да канца стагодзьдзя паказвае, што ў выпадку эўраінтэграцыі Беларусі краіны паводле дабрабыту дагоніць Польшчу, пры інэрцыйным разьвіцьці яе дабрабыт складзе траціну ад польскага.
  • Пры інэрцыйным разьвіцьці суадносіны дабрабыту Беларусі і Расеі будуць прыкладна такімі ж, як сёньня.

Калі беларуская эканоміка будзе разьвівацца, як разьвівалася апошнія 30 гадоў, разрыў паміж беларускім і польскім дабрабытам можа павялічыцца ўдвая. Зламаць гэтую тэндэнцыю можа толькі эўраінтэграцыя Беларусі — кажа эканаміст, старшы супрацоўнік дасьледнага цэнтру BEROC Зьміцер Крук.

Пастка нізкіх тэмпаў разьвіцьця, у якую Беларусь завялі

ВУП на душу насельніцтва паводле парытэту пакупніцкай здольнасьці (у «міжнародных далярах» 2021 году) Беларусі і краінаў ЭЗ, сярэднегадавы рост у %, 2015-2024

ГРАФІК У ПОЎНЫМ ФАРМАЦЕ. Крыніца: Сусьветны банк


— Вы даволі даўно выказалі думку пра тое, што з пачатку 2010-х гадоў Беларусь трапіла ў пастку нізкіх тэмпаў росту эканомікі. Паводле дадзеных Сусьветнага банку тэмп росту эканомікі Беларусі быў ніжэй, чым у ладнай часткі краінаў ЭЗ, прычым ня толькі такіх, як Польшча і Літва, але і Баўгарыі і Румыніі. Але ў параўнаньні з сярэднім тэмпам росту па ўсім ЭЗ — дык яно і някепска выглядае, прыкладна столькі ж. Дык можа ня так усё і драматычна?

Зьміцер Крук
Зьміцер Крук

— Калі мы кажам аб Беларусі, я б тут, магчыма, нават пазьбягаў слова «пастка», таму што гэта не Беларусь у яе трапіла — Беларусь завялі ў гэтую сытуацыю нізкіх тэмпаў росту. У нашай сытуацыі нізкі рост эканомікі — гэта абсалютна штучная рэч. Гэта перш за ўсё штучныя бар’еры на шляху пераразьмеркаваньня працоўнай сілы і капіталу паміж галінамі эканомікі.

Параўноўваць Беларусь з усім Эўразьвязам не выпадае. Бо эканамічны рост — гэта такая рэч, што калі ты бедны, то табе хутка расьці значна прасьцей. У нас фундамэнтальныя перадумовы для росту даволі добрыя і нас варта параўноўваць з нашымі суседзямі ў Эўразьвязе. Іх тэмпы росту — гэта для нас узор. А паколькі Беларусь бяднейшая і за іх, то мы павінныя разьвівацца хутчэй за іх, са штогадавым тэмпам прыкладна 4-5%. Для нас бэнчмарк (эталён, узор для параўнаньня) — гэта ня ўвесь ЭЗ, гэта нашыя суседзі і ў цэлым Усходняя і Цэнтральная Эўропа.

ВУП на душу насельніцтва паводле парытэту пакупніцкай здольнасьці (у «міжнародных далярах» 2021 году) Беларусі і шэрагу краінаў, сярэднегадавы рост у %, 2015-2024

ГРАФІК У ПОЎНЫМ ФАРМАЦЕ. Крыніца: Сусьветны банк


— Больш дынамічна, чым беларуская эканоміка, разьвіваюцца эканомікі многіх іншых краінаў сьвету, прычым ня толькі дэмакратычных. І ня толькі камуністычныя Кітай і Віетнам, але і ня надта дэмакратычныя Банглядэш, Узбэкістан, Расея і Казахстан. Чаму тамтэйшыя аўтарытарыі могуць, а беларускі — ня надта?

— Я ўжо казаў, што бяднейшыя краіны пры астатніх роўных растуць хутчэй. Напрыканцы ХХ стагодзьдзя і ў першыя 20 гадоў ХХІ стагодзьдзя вельмі хутка разьвіваліся краіны, якія мелі танную працоўную сілу і якія былі ўбудаваныя ў сусьветную эканоміку. Гэта былі моцныя драйвэры для краінаў Паўднёвай Азіі. Для Кітаю гэта ўжо менш актуальна, а для такіх, як Банглядэш і Віетнам, гэта актуальна і дагэтуль.

Што тычыцца параўнаньня з Расеяй, то больш дынамічны рост эканомікі, чым у Беларусі, там быў толькі на кароткіх прамежках часу. Расеі, калі глядзець на дадзеныя з 1992 году, асабліва няма чым хваліцца.

Што тычыцца Казахстану, то там ёсьць нафта і трэба сказаць, што яны някепска ёй распарадзіцца. Пры гэтым улады Казахстану, нягледзячы на абсалютна недэмакратычны рэжым, разьвівалі чалавечы капітал, у іх шмат праграмаў навучаньня сваіх элітаў у заходніх краінах і выкарыстаньня найлепшых сусьветных практык.

Яшчэ цікавы выпадак — Узбэкістан. Да сьмерці Іслама Кірымава там сытуацыя была вельмі падобная на тую, якая была ў Беларусі з гледзішча тэмпаў росту эканомікі, але ў апошнія гады, пасьля прыходу да ўлады Шаўката Мірзіёева, там рост значна паскорыўся. Гэта, напэўна, адзін з аптымістычных прыкладаў, калі, нягледзячы на працяглую стагнацыю, можна не страціць свой патэнцыял.

Зь кім варта параўноўваць Беларусь?

Дабрабыт Беларусі як адсотак дабрабыту краінаў Эўразьвязу, суадносіны ВУП на душу насельніцтва паводле парытэту пакупніцкай здольнасьці (у «міжнародных далярах» 2021 году), 2015-2024

ГРАФІК У ПОЎНЫМ ФАРМАЦЕ. Крыніца: Сусьветны банк

— Вы ўжо казалі пра тое, што бедным краінам прасьцей забясьпечваць высокія тэмпы росту эканомікі. Некаторыя эканамісты сьцьвярджаюць , што з пачатку стагодзьдзя назіраецца сусьветная тэндэнцыя: эканомікі больш заможных краінаў растуць больш павольна, чым эканомікі больш бедных, разрыў паміж беднымі і багатым скарачаецца.

Можа тое, што вы называеце беларускай пасткай нізкіх тэмпаў — проста праява гэтай сусьветнай тэндэнцыі? Скажам, у Эўропе больш павольна, чым Беларусь, разьвіваліся эканомікі Нямеччыны, Францыі, Італіі, Гішпаніі — старой багатай Эўропы. Можа і Беларусь проста апынулася ў тым жа трэндзе?

— Мой адказ — не. Тут пытаньне — зь кім Беларусь параўноўваць? Калі зь Узбэкістанам, Таджыкістанам, нават Расеяй, дык мы сапраўды выглядаем вельмі някепска. Але калі зважаць на геаграфічнае становішча, на характарыстыкі чалавечага капіталу, дык у нас больш блізкасьці і падабенства з Эўропай, мы арганічна зьяўляемся часткай Эўропы. Мне падаецца трапным параўноўваць Беларусь з Польшчай і Літвой. Яны, як і мы, бяднейшыя за краіны Заходняй Эўропы, але разьвіваюцца значна больш дынамічна, чым і Заходняя Эўропа, і Беларусь.

Дабрабыт Беларусі як адсотак дабрабыту шэрагу краінаў, суадносіны ВУП на душу насельніцтва паводле парытэту пакупніцкай здольнасьці (у «міжнародных далярах» 2021 году), 2015-2024

ГРАФІК У ПОЎНЫМ ФАРМАЦЕ. Крыніца: Сусьветны банк


— У 2024 годзе ЗША былі паводле ВУП па ППЗ на душу насельніцтва былі прыкладна ў 3 разы багацей за Беларусь. А Кітай — на 20% бядней, чым Беларусь. Як жа Кітай, бяднейшы за Беларусь, змог стаць другой звышдзяржавай?

— Тут варта прыгадаць думку Ўінстана Чэрчыля, што дэмакратыя — самая горшая форма кіраваньня, але іншыя — яшчэ горш. Гэтак жа зь вымярэньнем багацьця і дабрабыту.

Мы карыстаемся паказчыкам ВУП на душу насельніцтва паводле парытэту пакупніцкай здольнасьці, проста таму, што лепшага няма. Але насамрэч і гэты паказчык можа ўводзіць у зман. Якая сытуацыя з Кітаем? Зь ім, як той казаў, памер мае значэньне. Кітай — вельмі вялікая эканоміка, прычым даволі багатая. І яны могуць дазволіць сабе разьвіваць тыя галіны, якія ня можа разьвіваць малая эканоміка нават з большым ВУП на душу насельніцтва. Я маю на ўвазе і штучны інтэлект, і біятэхналёгіі — прарыўныя рэчы, якія фактычна ствараюць падмурак для далейшага разьвіцьця.

— Наколькі я разумею, нават такі наш рэгіянальны «тыгр», як Польшча, шмат чаго з гэтага сабе дазволіць ня можа, нягледзячы на свае высокія тэмпы разьвіцьця?

— Так. Калі мы паглядзім на самыя багатыя краіны паводле ВУП на душу насельніцтва паводле ППЗ, дык гэта Сынгапур і Люксэмбур. Але іх эканомікі не назавеш самымі магутнымі ў сьвеце. Самая магутная — гэта ЗША. І Кітай. Там вялікае, гіганцкае насельніцтва і сярэдні тэмп штогадовага росту насельніцтва за апошнія 35 гадоў — больш за 8%. І там сапраўды пэўны парадокс: людзі бедныя (адносна), а краіна эканамічна магутная.

Як будзе разьвівацца Беларусь да канца стагодзьдзя?

ГРАФІК У ПОЎНЫМ ФАРМАЦЕ

ВУП на душу насельніцтва (ППЗ, у «міжнародных далярах» 2021 году«) Беларусі як % ад Польшчы, праекцыя, 1990-2098

Крыніца: Dzmitry Kruk, A Highly Likely Turning Point for Belarus: Can Early Action Shape the Outcome?

— Зьміцер, вы нядаўна апублікавалі артыкул з аналізам розных сцэнароў разьвіцьця Беларусі да канца стагодзьдзя. І вы там параўноўваеце Беларусь з Польшчай паводле таго самага паказьніку — ВУП на душу насельніцтва паводле ППЗ.

У 1992 годзе яны былі паводле яго амаль на адным узроўні. У 2024 годзе ў Беларусі гэты паказьнік складаў ўжо ўсяго дзьве траціны ад польскага. Вашыя прагнозы на 2098 год — ад сцэнару, калі Беларусь дагоніць Польшчу, да сытуацыі, калі гэты беларускі паказьнік будзе складаць толькі траціну ад польскага. Ад чаго залежыць, па якім сцэнары пойдзе разьвіцьцё?

— Гэта не зусім прагназаваньне, я б назваў гэта сымуляцыяй ці праекцыяй. Гэта даволі простая мадэль, якая працуе пры дапушчэньні розных уводных — як будзе мяняцца колькасьць насельніцтва, тэхналягічны прагрэс і гэтак далей. Мая публікацыя, пра якую вы гаворыце і зь якой узяты графік — частка больш шырокага праекту. У межах гэтага праекту мы вывучаем пэрспэктывы эўраінтэграцыі Беларусі.

— Я бачыў — Аляксандар Кныровіч ужо распавядаў пра частку гэтага дасьледаваньня . Вы там палічылі, колькі Беларусі будзе каштаваць адрыў ад Расеі.

— Я хачу патлумачыць крытыкам. Мы ня зьехалі з глузду, мы ня кажам, што заўтра Беларусь стане краінай Эўразьвязу, мы проста хочам увесьці ў абарот — не палітычны, а навуковы — гэтую ідэю, хочам вымерыць цану — набыткі і страты гэтага сцэнару.

Якая наша матывацыя? Яна ў тым, што калі Беларусь і яе заходнія суседзі будуць расьці тымі ж тэмпамі, якімі расьлі апошнія 25 гадоў, то вынік будзе жахлівы. Калі ўсё пойдзе паводле інэрцыі, гэтак, як ішло з пачатку стагодзьдзя, то цяперашнія дзьве траціны польскага дабрабыту, якія мае Беларусь, да канца ХХІ стагодзьдзя ператворацца ў траціну.

І другое, што мы паказваем — што прывязваньне да новага «якара» у выглядзе Эўразьвяз — гэта на сёньня выглядае адзінай магчымасьцю пераадолець гэты кон нізкіх тэмпаў росту эканомікі, «прымусіць» беларускую эканоміку расьці шпарчэй.

Дарэчы, нават у гэтым выпадку страчаны час апошніх 30 гадоў ня пройдзе бясьследна і нават у самым лепшым выпадку мы выйдзем на польскі ўзровень недзе да 2100 году. Паводле нашай экстрапаляцыі, калі Беларусь будзе разьвівацца па інэрцыі, то сёньняшняга ўзроўню дабрабыту Польшчы мы дасягнем недзе ў 2060-я гады.

— Я так зразумеў, што ў вашай сымуляцыі вы сыходзіце з дапушчэньня, што Польшча і далей будзе разьвівацца гэтак жа дынамічна, як яна разьвівалася апошнія 30 гадоў. Але гэта ж не факт. Скажам, нямецкая эканоміка пасьля 1948 года пёрла, як на дражжах. Бо была ўся разгромленая вайной, пёрла зь вельмі нізкай базы. А зараз ня вельмі прэ. Апошнія 30 гадоў пёрла польская эканоміка. Але нічога вечнага няма ў сьвеце. Яна можа стаць занадта багатай ці ўжо стала, каб разьвівацца гэтак жа шпарка.

— Цалкам імаверна, што так і будзе. І таму я не называю сваю мадэль прагнозам, гэта хутчэй экстрапаляцыя існых тэндэнцыяў. Я выкарыстоўваю вядомую мадэль Сусьветнага банку LTGM (Long-Term Growth Model). Там бярэцца некалькі паказьнікаў, сярод якіх сярэдні тэмп росту за апошнія 20 гадоў, і лічыцца, што будзе ў будучыні, калі ўсё пойдзе так, як ішло. Але я ўвёў у мадэль іншыя фактары ў выглядзе эўраінтэграцыі Беларусі. І яна дае больш дынамічны рост. Я ў прынцыпе згодны з вамі, што тэмп росту эканомікі Польшчы можа запаволіцца ў 2040-2050 гадах. Але Польшчы паводле ўзроўню дабрабыту яшчэ ёсьць каго даганяць у сваім рэгіёне — у Эўропе.

— Вы казалі, што на ваш погляд узор, кропка адліку і параўнаньня для Беларусі — гэта Эўропа. Але ўсё ж калі зрабіць падобную сымуляцыю ў параўнаньні не з Польшчай, а, скажам, з Расеяй ці Казахстанам? Яны крыху больш заможныя, чым Беларусь, і тэмпы росту там за апошнія 10 гадоў былі крыху вышэй, чым у Беларусі.

— Казахстан, хутчэй за ўсё, будзе ад нас адрывацца. Што тычыцца параўнаньня з Расеяй, то ў міжнародным асяродзьдзі эканамістаў наконт Беларусі віруе такі горкі жарт, які ўжо і не зусім жарт: «А навошта неяк адмыслова прагназаваць тэмп росту эканомікі Беларусі? Спрагназуйце тэмп росту эканомікі Расеі і дадайце ці адыміце пару доляў адсотку — вось і атрымаеце дакладны прагноз тэмпу росту беларускай эканомікі».

Самае сумнае, што ў апошнія гады гэтае правіла спраўджваецца амаль штогод. Зараз беларуская эканоміка, на жаль, прывязаная да Расеі. Таму, калі мы зробім экстрапаляцыю, сыходзячы з існага стану, то выснова — у Беларусі будуць прыкладна такія ж тэмпы росту, як і ў Расеі, і суадносіны дабрабыту будуць такімі ж, як сёньня, і праз дзесяцігодзьдзі. Павольны рост беларускай эканомікі зараз — у значнай ступені вынік таго, што яна прывязаныя да расейскай, якая расьце таксама павольна.

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Палітычны аглядальнік Радыё Свабода.

    Кандыдат фізыка-матэматычных навук. Аўтар кніг «Акцэнты Свабоды» (2009), «Сем худых гадоў» (2014), «Неверагодны 2020-ы» (2021).

    На Свабодзе — ад 1991 году.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG