Дасьледаваньне Цэнтру Мерашэўскага выйшла пад назвай «Нявыкарыстаны патэнцыял? Беларуская культура ў Польшчы».
Новая справаздача Цэнтру Мерашэўскага пра беларускую культуру ў Польшчы раскрывае маштабы актыўнасьці творцаў, арганізацый і ініцыятыў, якія зьявіліся пасьля 2020 году. У дакумэнце апісваецца экасыстэма творцаў, якія працуюць у розных галінах мастацтва — ад літаратуры і музыкі да выяўленчага мастацтва, тэатру і кіно, піша Польскае радыё.
Дакумэнт узьнік як спроба апісаць маштаб зьявы і праблемы, зь якімі сутыкаецца беларуская культурная супольнасьць у Польшчы, гаворыць кіраўніца Аддзелу ў камунікацыі Алімпія Бранавіцка.
Справаздачу стварылі як практычны інструмэнт, у першую чаргу для польскіх культурніцкіх устаноў. Дакумэнт павінен паказваць маштаб і патэнцыял беларускай творчай супольнасьці ў Польшчы.
«Справаздача, і гэта было намерам яе аўтараў, гэта таксама спроба зьмяніць мысьленьне ад адносін, заснаваных на салідарнасьці, вельмі важнай пасьля 2020 году, да адносінаў, заснаваных на партнэрстве. Сёньня мы бачым, што гэтая салідарнасьць была патрэбнай, але яна ня можа быць адзінай мадэльлю супрацы ў бліжэйшыя гады. Справаздача — гэта таксама запрашэньне да дыскусіі і, магчыма, першы крок да больш сыстэмнага падыходу да прысутнасьці беларускай культуры ў Польшчы, якая выходзіць за межы выпадковых або ізаляваных мерапрыемстваў», — кажа Алімпія Бранавіцка.
Даныя пра агульную колькасьць беларусаў, якія жывуць у Польшчы сёньня, істотна вагаюцца ў залежнасьці ад мэтаду падліку. Аднак дакумэнт тычыцца каля 120 арганізацый і амаль 200 творцаў. Гэта, на думку аўтаркі, адна з найбуйнейшых канцэнтрацый культуры беларускай эміграцыі ў гісторыі.
Пасьля 2020 году беларускія мастацкія суполкі дзейнічаюць у кожным буйным польскім горадзе — Варшаве, Кракаве, Гданьску, Беластоку, Познані, Уроцлаве і іншых. І хоць прыклады культурніцкай супрацы ёсьць, але толькі невялікай колькасьці беларускіх творцаў удалося інтэгравацца ў мясцовы культурны кантэкст і знайсьці значную аўдыторыю па-за дыяспарай.
Алімпія Бранавіцка прызнае, што назва справаздачы «Нявыкарыстаны патэнцыял» можа быць крыху правакацыйнай, але, паводле Цэнтру Мерашэўскага, гэта трапны дыягназ.
«Бо патэнцыял гэтай супольнасьці велізарны, але ён затрымаўся ў лёгіцы салідарнасьці і мімалётнасьці. Аднак у цяперашні час не хапае сыстэмы або мэханізмаў для інтэграцыі і доўгатэрміновага мысьленьня. Капітал таксама велізарны, але ён, безумоўна, працуе ніжэй за свой патэнцыял, і таму мы спадзяемся, што гэты дакумэнт дазволіць польскім культурніцкім установам прызнаць гэты патэнцыял і ўзмацніць супрацу».
У апошняй частцы зьмешчаныя парады ад аўтараў.
«Для нас самае галоўнае — наша рэкамэндацыя рухацца ў бок сыстэмнага мысьленьня. Гэта азначае, сярод іншага, стварэньне трывалых мэханізмаў для супрацы, стаўленьне да беларускіх творцаў як да партнэраў, а ня як да рэсурсу, падтрымку інтэграцыі праз супольныя праекты і прысутнасьць у польскім культурным ляндшафце. Большая падтрымка беларускай мовы таксама мае для нас вырашальнае значэньне, у тым ліку як элемэнт культурных правоў, або проста ўкладаньні ў пераклад, адукацыю і заўважнасьць гэтай культуры ў Польшчы.
Аднак самае важнае — зьмена сьветапогляду. То бок ня стаўленьне да дыяспары як да рэсурсу, а як да адзінага субʼекту, сустваральніка культуры ў Польшчы. Гэта для нас першараднае», — патлумачыла Алімпія Бранавіцка.
У Цэнтры Мерашэўскага адзначаюць, што дакумэнт будзе дапаўняцца, а таму творцы, якіх пакуль няма ў справаздачы, могуць зьвярнуцца да аўтараў, каб быць дададзенымі ў каталёг.
Форум