У Крамлі заявілі пра «паўзу» ў перамовах трохбаковага фармату аб завяршэньні вайны ва Ўкраіне

Адзін з апошніх раўндаў перамоваў. Абу-Дабі, люты 2026 году. Ілюстрацыйнае фота
Адзін з апошніх раўндаў перамоваў. Абу-Дабі, люты 2026 году. Ілюстрацыйнае фота

Дзьмітрый Пяскоў, прэсавы сакратар расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна, заявіў, што ў перамоўным працэсе Расеі і Ўкраіны пры пасярэдніцтве ЗША вынікла паўза.

Як паведаміла Расейская служба Радыё Свабода, у той жа час Пяскоў адзначыў, што дзейнасьць двухбаковай расейска-амэрыканскай працоўнай групы, якая займаецца эканамічнымі пытаньнямі, працягваецца.

«Трохбаковая група — на паўзе», — цытуюць Пяскова з спасылкай на расейскае выданьне «Известия».

У той жа час Пяскоў дадаў, што Масква працягвае кантактаваць з Кіевам у пытаньнях абмену палоннымі і целамі загінулых вайскоўцаў.

Апошні раўнд трохбаковых перамоваў паміж Расеяй, Украінай і ЗША прайшоў у Жэнэве (Швайцарыя) 17–18 лютага. Было анансавана, што ў пачатку сакавіка дэлегацыі сустрэнуцца ў Абу-Дабі, але кансультацыі перанесьлі.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі адзначаў, што рашэньне перанесьці сустрэчу ўхвалілі з ініцыятывы амэрыканскага боку праз пачатую Ізраілем і ЗША ваенную апэрацыі супраць Ірану.


​
XS
SM
MD
LG