Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Bloomberg: Расея разглядае магчымасьць выхаду зь мірных перамоваў

Пікет у падтрымку Украіны каля офісу Арганізацыі Аб'яднаных Нацый у дзень мірных перамоваў паміж Расеяй і Украінай пры пасярэдніцтве ЗША ў Жэневе, 17 лютага 2026 г. REUTERS
Пікет у падтрымку Украіны каля офісу Арганізацыі Аб'яднаных Нацый у дзень мірных перамоваў паміж Расеяй і Украінай пры пасярэдніцтве ЗША ў Жэневе, 17 лютага 2026 г. REUTERS

Расея ацэньвае магчымасьць выхаду зь бягучых мірных перамоваў з Украінай з удзелам ЗША, калі Украіна не пагодзіцца на тэрытарыяльныя саступкі, якіх дамагаецца Масква.

Аб гэтым 28 лютага піша агенцтва Bloomberg са спасылкай на крыніцы.

Паводле ананімных крыніц, знаёмых з хадой перамоваў, расейскія афіцыйныя асобы ўсё больш схіляюцца да таго, што працягваць мірныя перамовы пад эгідай ЗША з Украінай няма сэнсу, калі Кіеў не пагодзіцца вывесьці войскі з Данецкай вобласьці. Гэта застаецца галоўным расейскім патрабаваньнем. Пры гэтым, як сьцьвярджаецца, Расея гатовая падпісаць праект мэмарандуму аб мірным пагадненьні, калі Украіна саступіць.

Паводле крыніцы Bloomberg, Расея гатовая вывесьці свае войскі з акупаваных ёю частак Сумскай, Харкаўскай і Днепрапятроўскай абласьцей, а таксама ня будзе настойваць на пашырэньні кантролю ў Херсонскай і Запароскай абласьцях (усю іх тэрыторыю, нават падкантрольную Украіне, Масква лічыць расейскай — як і Данецкую і Луганскую вобласьці і Крым). Акрамя таго, паводле суразмоўцы агенцтва, Расея пагодзіцца на маніторынг перамір’я пад кіраўніцтвам ЗША і адмовіцца ад патрабаваньня абмежаваць колькасьць украінскай арміі. Будучыня атамнай электрастанцыі, якая знаходзіцца пад кантролем Расеі, усё яшчэ абмяркоўваецца.

Паводле суразмоўцаў агенцтва, перамовы, заплянаваныя на наступны тыдзень (меркавана 4-5 сакавіка), будуць мець вырашальнае значэньне, менавіта па іх выніках стане зразумела, ці змогуць бакі рушыць наперад да рэальнага пагадненьня аб спыненьні вайны або працэс зойдзе ў тупік.

Раней кіраўнік офісу прэзыдэнта Украіны Кірыл Буданаў заяўляў, што перамовы, тры раунды якіх адбыліся сёлета, падышлі да крытычнага моманту — бакі або дамовяцца аб міры, або працягнуць ваяваць, спыніўшы перамовы.

У Маскве паведамленьне Bloomberg пакуль не камэнтавалі, аднак раней у Расеі неаднаразова заяўлялі, што вывад украінскіх войскаў з Данбасу — абавязковае патрабаваньне. Пры гэтым гучалі і іншыя патрабаваньні, аб якіх Bloomberg ня згадвае. Прэзыдэнт Украіны неаднаразова казаў, што не гатовы перадаць не заваяваныя Расеяй тэрыторыі Данецкай вобласьці пад кантроль Масквы. Вывад украінскіх войскаў ён называў тэарэтычна магчымым пры ўмове, калі Расея таксама адвядзе свае войскі ў Данецкай вобласьці.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG