«Мы абмяркоўвалі зьмест дакумэнтаў (праекты мірнай дамовы — РС) з прэзыдэнтам. Я лічу, што Ўкраіна зрабіла вельмі шмат на шляху да таго, каб рашэньне было прымальным. Я таксама лічу, што там ёсьць шэраг балючых саступак, якія Ўкраіна павінна зрабіць і гатова гэта зрабіць, калі гэта прывядзе да міру», — сказаў ён на сумеснай прэс-канфэрэнцыі з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім у Кіеве.
Пэтр Павэл адзначыў, што таксама неабходна прыкласьці «усе намаганьні, каб уся гэтая праца, праведзеная падчас падрыхтоўкі гэтых дакумэнтаў, не была марнай, бо Расея адразу яе адкіне».
Па яго словах, Расея будзе адкідаць мірныя дамовы, пакуль «мы не пачнем дзейнічаць сумесна — гэта як эканамічны, так і палітычны ціск».
Таксама чэскі лідэр адзначыў, што Эўропа павінна ўзяць большую адказнасьць за эўрапейскую бясьпеку, уключна з вырашэньнем сытуацыі ва Ўкраіне.
«На жаль, сумны факт у тым, што бяз ЗША ня будзе вырашэньня пытаньня вайны ва Ўкраіне. І гэта балюча для Эўропы, што ключавую ролю ўсё ж адыгрываюць Штаты. Але гэта не азначае, што Эўропа і эўрапейскія краіны павінны быць па-за гэтымі намаганьнямі. Эўропа павінна ўзяць большую адказнасьць за эўрапейскую бясьпеку, уключна з вырашэньнем сытуацыі ва Ўкраіне... Некаторыя праблемы, зь якімі мы сутыкаемся, мы павінны мець магчымасьць вырашаць без ЗША, з разуменьнем адказнасьці за нашае будучае», — заявіў Павэл.
Раней Пэтр Павэл ужо рабіў падобную заяву. Напрыклад, у сакавіку 2025 года ён адзначаў, што ў выніку перамоваў Украіне, магчыма, давядзецца пайсьці на пэўныя кампрамісы, у тым ліку тэрытарыяльныя.
Прэзыдэнт Чэхіі знаходзіцца з візытам ва Ўкраіне. У першы дзень візыту, 15 студзеня, Пэтр Павэл наведаў Львоў.
Гэта ўжо трэці яго візыт ва Ўкраіну. У красавіку 2023 года, акрамя Кіева, ён таксама наведаў Дняпро, а ў мінулым годзе ў сакавіку прыбыў з Малдовы ў Адэсу і адтуль выправіўся ва ўкраінскую сталіцу. У абодвух выпадках ён праводзіў перамовы з прэзыдэнтам Зяленскім і іншымі ўкраінскімі чыноўнікамі.
Павэл прыбыў ва Ўкраіну менш чым праз тыдзень пасьля візыту міністра замежных спраў Чэхіі. Міністар, у прыватнасьці, пацьвердзіў свайму ўкраінскаму калегу, што пастаўкі боепрыпасаў ва Ўкраіну ў рамках чэскай ініцыятывы працягнуцца і з урадам прэм’ера Андрэя Бабіша, але Чэхія не ўкладае ў гэта свае сродкі.
Раней новы ўрад ставіў гэтую ініцыятыву пад сумнеў і ў цэлым прытрымліваецца больш стрыманай пазыцыі адносна падтрымкі Украіны, чым папярэдні кабінэт Пэтра Фіялы.
Форум