Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новаабраны прэзыдэнт Чэхіі: Украіна мае далучыцца да NATO пасьля завяршэньня вайны


Новаабраны прэзыдэнт Чэхіі Пэтр Павэл
Новаабраны прэзыдэнт Чэхіі Пэтр Павэл

Новаабраны прэзыдэнт Чэхіі Пэтр Павэл перакананы, што Ўкраіна будзе «маральна і практычна гатовая» далучыцца да Паўночнаатлянтычнага альянсу адразу пасьля завяршэньня вайны.

«Украінскія вайскоўцы будуць, напэўна, самымі спрактыкаванымі вайскоўцамі ў Эўропе. Украіна заслугоўвае, каб быць часткай супольнасьці дэмакратычных краін», — сказаў Пэтр Павэл у інтэрвію BBC.

У сваім першым інтэрвію міжнародным СМІ пасьля свайго выбраньня прэзыдэнтам генэрал Павэл цьвёрда падтрымаў вайсковую дапамогу Захаду Кіеву і заявіў, што не павінна быць «амаль ніякіх абмежаваньняў» у тым, што краіны павінны накіроўваць ва Ўкраіну.

Пэтр Павэл таксама сказаў, што для яго адпраўка заходніх зьнішчальнікаў, такіх як F-16, «не табу», але ён ня ўпэўнены, што яны могуць быць дастаўленыя ў тэрміны, неабходныя Кіеву.

«Я ганаруся тым, што мая краіна адна зь першых аказала Ўкраіне значную вайсковую дапамогу», — заявіў прэзыдэнт Чэхіі.

Чэхія была першай заходняй краінай, якая накіравала ў Кіеў танкі і баявыя машыны пяхоты — Т72 і БМП1 савецкай распрацоўкі — у рамках паставак цяжкага ўзбраеньня ў сакавіку 2022 году.

Амаль праз год краіны, у тым ліку Вялікая Брытанія, ЗША і Нямеччына пачалі адказваць на неаднаразовыя заклікі Кіева даслаць сучасныя танкі заходняй вытворчасьці, такія як Leopard 2s, Challenger 2s і M1 Abrams.

«Напэўна, мала хто мог сабе ўявіць, што заходнія краіны захочуць даць Украіне сучасныя асноўныя баявыя танкі або дальнабойную артылерыю або зэнітныя сыстэмы. Але цяпер гэта рэальнасьць», — адзначыў ён.

«У той жа час мы бачым, што гэтага ўсё яшчэ недастаткова», каб супрацьстаяць значным рэсурсам Расеі ў людзях і тэхніцы, дадаў ён.

Украіна папрасіла 300 такіх танкаў. Захад паабяцаў даслаць прынамсі 120. Але генэрал Павэл выказаў надзею, што дапамога прыскорыцца, асабліва калі Расея пачне чаканы вясновы наступ.

Пэтр Павэл перакананы, што вайсковую дапамогу заходніх краін нельга разглядаць як эскаляцыю канфлікту:

«У нас няма альтэрнатывы. Калі мы пакінем Украіну без дапамогі, яны, хутчэй за ўсё, прайграюць гэтую вайну. А калі прайграюць — прайграем усе».

Хто такі Пэтр Павэл

  • Генэрал Пэтр Павэл перамог на выбарах прэзыдэнта Чэхіі, якія адбыліся 28 студзеня.
  • Пэтр Павэл — кадравы вайсковец, першы ў гісторыі Чэхіі і краін былога савецкага блёку кіраўнік Вайсковага камітэту NATO (у 2015–2018 гадах).
  • Займае жорсткую пазыцыю ў дачыненьні да расейскага нападу на Ўкраіну, выступае за заходнюю арыентацыю Чэхіі, пры гэтым апэлюе і да патрыятычных пачуцьцяў.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG