Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што, хоць значная частка стратэгічнага востраву Харг у Іране разбураная ў выніку авіяўдару ЗША, ён можа загадаць напасьці на востраў зноў, у той час як сяброўскія да ЗША арабскія дзяржавы ў рэгіёне паведамляюць пра парушэньні ў сваёй нафтавай прамысловасьці на фоне іранскіх нападаў, піша цэнтральная служба Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода.
14 сакавіка Трамп заявіў NBC News, што ўдары ЗША «цалкам зьнішчылі» большую частку востраву Харг, які знаходзіцца за пару дзясяткаў кілямэтраў ад мацерыковай часткі Ірану, але дадаў, што «мы можам ударыць па ім яшчэ некалькі разоў проста дзеля задавальненьня».
Адразу пасьля ўдару Трамп заявіў, што амэрыканскія войскі «цалкам зьнішчылі» іранскія ваенныя цэлі на востраве, але пакінулі нафтавую інфраструктуру некранутай. Аднак ён пагражаў ударыць і па гэтых аб’ектах, калі Іран парушыць рух у Армускай пратоцы.
Іранскія чыноўнікі заявілі, што экспарт сырой нафты бесьперапынна паступае з тэрміналу на востраве Харг пасьля таго, што Трамп назваў «адным з самых магутных бамбардаваньняў» у гісторыі Блізкага Ўсходу.
Удар па востраве Харг стаў важнай падзеяй у канфлікце, які пачаўся 28 лютага пасьля маштабных удараў ЗША і Ізраілю па іранскіх вайсковых і ядзерных аб’ектах.
Харг — галоўны экспартны нафтавы пункт Ірану, які служыць тэрміналам для каля 90% яго экспарту нафты. Ён разьмешчаны прыкладна за 24 км ад іранскага ўзьбярэжжа і прыкладна за 480 км на поўнач ад Армускай пратокі.
Трамп «зьдзіўлены», але не гатовы да ўгоды
Трамп заявіў NBC, што ён «зьдзіўлены» таму, што Тэгеран вырашыў атакаваць іншыя краіны Блізкага Ўсходу ў адказ на ўдары ЗША і Ізраілю па Іране. Ён таксама заявіў, што Тэгеран імкнецца заключыць угоду, каб спыніць канфлікт, але ўмовы, якія прапануюць іранцы, не адпавядаюць ягоным патрабаваньням.
Ён не ўдакладніў, якіх умоваў ён шукае, але дадаў, што яны павінны быць «вельмі цьвёрдымі» і ўключаць абавязаньне Тэгерану адмовіцца ад любых ядзерных амбіцый.
Асьцярогі з нагоды росту цэнаў
Трамп прыменшыў любыя асьцярогі спажыўцоў з нагоды коштаў на энэрганосьбіты.
«Я думаю, што яны зьнізяцца ў параўнаньні з тымі, якія былі раней, і я меў на ўвазе рэкордна нізкія цэны», — сказаў Трамп пра цэны на газ, дадаўшы, што яны зьнізяцца неўзабаве пасьля заканчэньня вайны ў Іране.
Іран паабяцаў трымаць пратоку закрытай і заявіў, што цэны на нафту могуць дасягнуць 200 даляраў, а гэта прыкладна ўдвая вышэй за цяперашнія, ужо павышаныя цэны.
Заявіўшы напярэдадні, што ВМС ЗША неўзабаве пачнуць суправаджаць караблі праз пратоку, Трамп, здавалася, адмовіўся ад гэтага намеру.
«Я не хачу вам нічога пра гэта казаць», — сказаў ён у інтэрвію, але дадаў, што «гэта магчыма».
У ранейшым паведамленьні ў сацыяльных сетках Трамп напісаў: «Краіны сьвету, якія атрымліваюць нафту праз Армускую пратоку, павінны клапаціцца пра гэты праход, і мы дапаможам — вельмі! ЗША таксама будуць каардынаваць свае дзеяньні з гэтымі краінамі, каб усё прайшло хутка, гладка і добра».
Рэгіянальныя хаўрусьнікі ЗША нанесьлі ўдары
Рэгіянальныя хаўрусьнікі ЗША таксама паведамілі пра напады на аб’екты нафтавай прамысловасьці, што выклікала яшчэ большую занепакоенасьць з нагоды масавых перабояў з пастаўкамі энэргіі.
Улады паўаўтаномнага ірацкага Курдыстану заявілі, што апэрацыі на нафтаперапрацоўчым заводзе Lanaz у горадзе Ірбіль раніцай 15 сакавіка заставаліся прыпыненымі, хоць пажар, які ўспыхнуў пасьля ўдару бесьпілётніка, быў зьлякалізаваны.
Іран будзе атакаваць аб’екты амэрыканскіх кампаній у рэгіёне, калі ягоныя энэргетычныя аб’екты будуць атакаваныя, заявіў міністар замежных спраў Абас Аракчы на дзяржаўнай тэлевізіі пасьля ўдараў ЗША па востраве Харг.
Іран, падобна, павярнуў свой гнеў на Аб’яднаныя Арабскія эміраты, сьцьвярджаючы, што напад амэрыканскіх войскаў на востраў Харг быў зьдзейсьнены якраз адтуль. Прадстаўнік іранскіх вайскоўцаў прасіў жыхароў ААЭ пакінуць парты, докі і «амэрыканскія схованкі».
Чыноўнікі ААЭ адмаўляюць, што амэрыканскія вайскоўцы пачалі атаку з базаў у іхнай краіне, але заявілі, што пакідаюць за сабой права на абарончыя дзеяньні.
«ААЭ маюць права абараняцца ад гэтай навязанай тэрарыстычнай агрэсіі, але яны ўсё яшчэ аддаюць прыярытэт розуму і лёгіцы, працягваючы праяўляць стрыманасьць і шукаючы выйсьця для Ірану і рэгіёну», — заявіў у этэры на X дарадца прэзыдэнта Анвар Гаргаш.
ААЭ «прыкладалі шчырыя намаганні да самага апошняга моманту, каб пасярэднічаць паміж Вашынгтонам і Тэгеранам, каб пазбегнуць гэтай вайны», — дадаў ён.
14 сакавіка консульства ААЭ ў аўтаномным курдзкім рэгіёне Іраку было атакаванае ў другі раз на працягу тыдня. Па словах чыноўнікаў, два супрацоўнікі службы бясьпекі былі параненыя, а будынак пашкоджаны.
Пажар у Фуджайры
Некаторыя апэрацыі па пагрузцы нафты ў эміраце Фуджайра ў ААЭ, важным глябальным цэнтры запраўкі суднаў, былі прыпыненыя пасьля таго, як прэс-служба эмірату паведаміла, што бесьпілётнік быў перахоплены, але абломкі, якія падалі, выклікалі вялікі пажар.
Разьмешчаная ў Аманскай затоцы, Фуджайра месьціцца прыкладна ў 100 км ад Армускай пратокі, якая ў значнай ступені закрытая для руху, што павялічвае важнасьць Фуджайры для паставак энэргіі на ўсясьветныя рынкі празь яе порты.
У эміраце Абу-Дабі кампанія ADNOC закрыла свой нафтаперапрацоўчы завод у Рувайсе ў адказ на пажар пасьля ўдару бесьпілётніка, паведаміла агенцтва Reuters.
Іранскі Корпус вартавых Ісламскай рэвалюцыі (КВІР) позна ўвечары 14 сакавіка заявіў, што нанёс ракетны ўдар па амэрыканскіх войсках, разьмешчаных на базе Прынц Султан у Саудаўскай Аравіі.
КВІР заявіў, што база выкарыстоўваецца для абслугоўваньня «зьнішчальнікаў F-35 і F-16, а таксама ёсьць месцам захоўваньня паліўных танкераў».
15 сакавіка Міністэрства абароны Саудаўскай Арабіі паведаміла, што перахапіла і зьнішчыла 10 бесьпілётнікаў над Эр-Рыядам і ўсходнімі рэгіёнамі краіны.
Упраўленьне цывільнай авіяцыі Кувэйту паінфармавала, што міжнародны аэрапорт краіны зазнаў некалькіх атакаў бесьпілётнікаў, што пашкодзіла яго радарную сыстэму і прымусіла закрыць паветраную прастору.
Вайсковая апэрацыя ЗША і Ізраілю супраць Ірану
28 лютага Дональд Трамп аб’явіў аб пачатку супольнай з Ізраілем маштабнай ваеннай апэрацыі супраць рэжыму ў Іране. Патрэбу ў апэрацыі зьвязалі з правалам перамоваў аб іранскай ядзернай праграме.
Аятала Алі Хамэнэі й іншыя прадстаўнікі найвышэйшага іранскага кіраўніцтва былі забітыя. Прэзыдэнт Ірану Масуд Пэзэшкіян назваў забойства Хамэнэі страшным злачынствам і паабяцаў адпомсьціць. Іран пачаў апэрацыю ў адказ і нанёс удары па амэрыканскіх аб’ектах на Блізкім Усходзе.
Масква наўпрост асудзіла агрэсію Ізраілю і ЗША супраць Ірану. Улады Беларусі адрэагавалі стрымана. Лукашэнка ў першыя два дні пасьля гібелі Хамэнэі не сказаў ані слова, а МЗС Беларусі 28 лютага двойчы выступіў з заявамі. У адной прагучала заклапочанасьць абвастрэньнем канфлікту вакол Ірану. У другой заяве атака на Іран асуджаецца, але Ізраіль і ЗША не названыя, акцэнт робіцца на гуманітарным аспэкце.
Беларуская дзяржаўная авіякампанія «Белавія» празь небясьпеку ўзаемных абстрэлаў на Блізкім Усходзе скасавала шэраг рэйсаў і 2 сакавіка накіравала эвакуацыйны самалёт зь Менску ў Доху, каб забраць беларускіх турыстаў, што апынуліся ў Катары, які таксама абстрэльваў Іран.
Паводле іранскага таварыства Чырвонага Паўмесяца, у Іране загінулі больш за 200 чалавек, параненыя больш за 700. Паводле іранскага інфармацыйнага агенцтва IRNA, 118 чалавек сярод загінулых — школьнікі.
Афіцыйныя асобы Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў заявілі пра трох загінулых і 58 параненых у краіне з пачатку іранскіх атак на рэгіён Пэрсыдзкай затокі, якія сталі адказам на ваенныя апэрацыі ЗША і Ізраілю.
У выніку іранскага ракетнага ўдару па горадзе Бэйт-Шэмэш у Ізраілі, што за 40 км ад Ерусаліму, як мінімум 9 чалавек загінулі і 28 атрымалі раненьні. З пачатку новага абвастрэньня па тэрыторыі Ізраілю рэгулярна б’юць ракетамі.
2 сакавіка да баявых дзеяньняў у рэгіёне далучылася праіранская ісламісцкая групоўка «Хэзбала», якая пачала з тэрыторыі Лібану абстрэльваць Ізраіль.
У наступныя дні іранскія войскі працягвалі наносіць удары па Саудаўскай Арабіі, Бахрэйне, ААЭ, Кувэйце за іх супрацу з амэрыканцамі па разьмешчаных там амэрыканскіх актывах, а таксама па гатэлях і іншых аб’ектах. ЗША і Ізраіль працягнулі ўдары па вайсковых аб’ектах Ірану.
8 сакавіка іранская Асамблея экспэртаў абрала Муджтабу Хамэнэі новым кіраўніком краіны. Гэта 56-гадовы сын забітага паветранай атакай Алі Хамэнэі. Жонка Муджтабы Хамэнэі, Захра Хадад Адэль, таксама загінула падчас таго ж амэрыканска-ізраільскага ўдару, у якім быў забіты яе цесьць — найвышэйшы кіраўнік (рахбар) Ірану.
Форум