У сераду 11 сакавіка заплянаваны вывазны рэйс з Дубая. На гэты рэйс можна набыць білеты, паведамляе авіякампанія. Квіткі на адмененыя рэйсы ў Дубай і назад, а таксама з датамі вылету 29.03, 30.03, 31.03.2026 года можна вярнуць без штрафаў.
З 6 па 8 сакавіка авіякампанія зьдзейсьніла тры вывазныя рэйсы з Дубая. Паведамляецца, што ўсяго за тры дні ў Беларусь было дастаўлена 645 чалавек.
«Белавія» паведамляе, што цяпер працуе над атрыманьнем новых слотаў і дазволаў на палёты ў Дубай і працягвае сачыць за разьвіцьцём сытуацыі.
Дзяржаўнае агенцтва БелТА з спасылкай на амбасаду Беларусі ў Эгіпце паведаміла, што 10 сакавіка кампанія «Белавія» арганізуе эвакуацыйны рэйс з Аману. Вылет адбудзецца з горада Салала.
5 сакавіка міністар замежных справаў Беларусі Максім Рыжанкоў па тэлефоне паразмаўляў зь міністрам замежных спраў ААЭ Абдалом ібн Заедам аль-Нахаянам. Як паведамляе замежнапалітычнае ведамства Беларусі, размова тычылася становішча на Блізкім Усходзе. Рыжанкоў выказаў ААЭ ўдзячнасьць за клопат пра беларускіх турыстаў, якія апынуліся ў гэтай краіне, а таксама выказаў суразмоўцу спачуваньні ў зьвязку з разбурэньнямі ад абстрэлаў.
Пры гэтым варта адзначыць, што ўлады Беларусі, маючы добрыя зносіны з ААЭ, шчыльна сябруюць і з Іранам, які абстраляў Дубай і Абу-Дабі за супрацу са Злучанымі Штатамі. Раней Аляксандар Лукашэнка сустракаўся з аяталом Алі Хамэнэі, якога забілі ЗША і Ізраіль у паветранай атацы на Тэгеран. А 4 сакавіка ён сустрэўся з надзвычайным і паўнамоцным паслом Ірану ў Беларусі Алірэзом Санэі. Лукашэнка выказаў спачуваньні з прычыны гібелі Хамэнэі і назваў супольную апэрацыю Ізраілю і ЗША «вераломным нападам», у выніку якога загінулі мірныя жыхары і дзеці.
Форум