Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Размовы былі: падумай добра». Расказваем пра журналіста Паўла Дабравольскага, якога асудзілі на 9 гадоў за «здраду дзяржаве»

Павал Дабравольскі. Фота з прыватнага архіву
Павал Дабравольскі. Фота з прыватнага архіву

Расказваем пра журналіста Паўла Дабравольскага, якога асудзілі на 9 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму за «здраду дзяржаве».

Білі ў судзе

«Ня вельмі эмацыйны, аматар „разумных кніжак“, ня страціў здольнасьці зьдзіўляцца новаму. І ён вельмі верыў у людзей, у тое, што добрых — пераважная большасьць», — апісвае Паўла былы калега (не называем ягонага імя дзеля бясьпекі. — РС).

Павал Дабравольскі скончыў журфак Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Пачаў працаваць яшчэ студэнтам для газэты «Туризм и отдых». Працаваў для беларускіх і замежных мэдыя, у тым ліку для парталаў «Ежедневник», Tut.by, украінскага часопіса NV.ua (да пачатку паўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну).

У 2016 годзе Дабравольскага пабілі міліцыянты ў судзе Фрунзэнскага раёну Менску падчас працэсу ў «справе графіцістаў». Туды Павал прыйшоў як журналіст парталу Tut.by і здымаў затрыманьне актывістаў, якія разгарнулі расьцяжку «Не — палітычным перасьледам».

Дабравольскага тады запхнулі ў адзін з пакояў суду разам з гэтымі актывістамі, паклалі на падлогу тварам уніз і білі нагамі каля 20 хвілін, парвалі яму штаны і куртку. У выніку Дабравольскага аштрафавалі на тагачасныя 9,45 мільёна рублёў за нібыта «непавагу да суду» і «непадпарадкаваньне законным патрабаваньням службовай асобы». Крымінальную справу на людзей, якія яго білі, так і не завялі.

Сьляды пабіцьця сілавікамі Паўла Дабравольскага ў 2016 годзе. Архіўнае фота
Сьляды пабіцьця сілавікамі Паўла Дабравольскага ў 2016 годзе. Архіўнае фота
Павал Дабравольскі пасьля пабіцьця. 2016 год, архіўнае фота
Павал Дабравольскі пасьля пабіцьця. 2016 год, архіўнае фота

Апошняе месца працы Дабравольскага ў Беларусі — незалежная інфармацыйная кампанія БелаПАН. У кастрычніку 2020 году Паўла арыштавалі на 15 дзён. У лістападзе 2021 году КДБ прызнаў БелаПАН «экстрэмісцкім фармаваньнем».

«У яго не было сталага месца жыхарства»

Павал зьехаў зь Беларусі ўвосень 2021 году з адным заплечнікам, бяз ноўтбуку. Наведаў пасьля гэтага паўсотні краін: Латвію, Гішпанію, Італію, Армэнію, Кіпр, Францыю, а таксама Расею і Іран. Дзесьці жыў толькі месяц, дзесьці атрымліваў адукацыю, як у Латвіі.

Восем месяцаў беларус пражыў у Лацінскай Амэрыцы: у Эквадоры, Панаме, Пэру, Балівіі, Аргентыне, Бразыліі. Там наведваў таксама крымінальныя раёны, трушчобы. У Буэнас-Айрэсе на яго з спадарожнікам напалі ўзброеныя мужчыны, пабілі і скралі ў Паўла айфон, расказваў ён раней у сетках.

«У яго не было сталага месца жыхарства, ён шмат падарожнічаў, на адпаведнай мапе пазначаў мясьціны, якія наведваў. Сярод апошняга — Грузія, Іран (тады было спакойна), Расея. Шмат здымаў для свайго інстаграм-акаўнту», — кажа былы калега Паўла.

«Размовы былі: падумай добра»

Перад вяртаньнем у Беларусь Павал два месяцы пражыў у Грузіі. У кастрычніку 2024 году ён вярнуўся ў Менск.

«Ня факт, што ён плянаваў заставацца ў Беларусі, бо яго заўсёды вабілі вандроўкі», — кажа суразмоўца.

На волі Павал прабыў менш за тры месяцы. У студзені 2025 году Дабравольскага затрымалі. Публічна вядома пра гэта стала толькі ў жніўні таго ж году.

«Усе дарослыя людзі, ён таксама. Пэўна, узважыў „за“ і „супраць“. Натуральна, размовы былі: падумай добра, ці варта спакушаць лёс, бо некалькі гадоў таму адна з уладных „тг-памыйніц“ зьвярнула на Дабравольскага ўвагу, калі „Наша ніва“ зрабіла пра яго матэрыял на падставе ягоных уласных выказваньняў у сетках», — кажа былы калега Паўла.

Павал Дабравольскі ў судзе, сакавік 2016 году
Павал Дабравольскі ў судзе, сакавік 2016 году

Паўла да суду каля году трымалі ў СІЗА КДБ у Менску. Судовы працэс над ім праходзіў у Менскім гарадзкім судзе ў закрытым рэжыме. Паўла асудзілі на 9 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму за «здраду дзяржаве». Як паведаміла выданьне «Позірк», абвінавачаньне зьвязанае з прафэсійнай дзейнасьцю журналіста падчас масавых акцыяў пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG