Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камітэт абароны журналістаў патрабуе неадкладна вызваліць экс-кіраўнікоў Intex-Press Янукевіча і Пакаленку

Былыя кіраўнікі баранавіцкага парталу навін BAR24, а раней — незалежнай газэты Intex-Press Андрэй Пакаленка і Ўладзімер Янукевіч. Каляж: БАЖ
Былыя кіраўнікі баранавіцкага парталу навін BAR24, а раней — незалежнай газэты Intex-Press Андрэй Пакаленка і Ўладзімер Янукевіч. Каляж: БАЖ

З патрабаваньнем да ўладаў Беларусі неадкладна вызваліць былых кіраўнікоў баранавіцкага незалежнага парталу навін bar24.by (раней незалежная газэта і сайт Intex-Press) Уладзімера Янукевіча і Андрэя Пакаленку выступіў Камітэт абароны журналістаў (CPJ).

Старшы дасьледнік CPJ у Эўропе і Цэнтральнай Азіі Ганна Браха адзначыла, што камітэт «глыбока ўзрушаны» пакараньнем Янукевіча і Пакаленкі на 14 і 12 гадоў пазбаўленьня волі адпаведна.

«Гэты вырак закліканы падтрымліваць атмасфэру тэрору вакол незалежных СМІ ў краіне. Улады павінны неадкладна вызваліць Янукевіча і Пакаленку разам з усімі зьняволенымі журналістамі», — заявіла прадстаўніца арганізацыі.

Адзначаецца, што CPJ накіраваў у Сьледчы камітэт электронны ліст з просьбай пракамэнтаваць справу Янукевіча і Пакаленкі, аднак «адказу не атрымаў».

Берасьцейскі абласны суд 26 лютага абвясьціў вырак двум чалавекам, якіх, паводле інфармацыі Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ), абвінавацілі ў «здрадзе дзяржаве» (арт. 356 КК). Акрамя пазбаўленьня волі, ім таксама прызначылі штрафы: Янукевічу — 3000 базавых велічынь (135 тыс. рублёў), Пакаленку — 1000 б.в. (45 тыс. рублёў). Яшчэ суд пастанавіў спагнаць зь іх дадаткова 200 тыс. рублёў у якасьці «кампэнсацыі нанесенай краіне шкоды».

Праваабарончая супольнасьць Беларусі прызнала журналістаў палітвязьнямі.

Янукевічу 65 гадоў. Ён быў дырэктарам і галоўным рэдактарам рэгіянальнай газэты Intex-Press. 44-гадовы Пакаленка працаваў у выданьні намесьнікам дырэктара ў разьвіцьці. Пасьля ліквідацыі газэты ўладамі мэдыямэнэджары стварылі рэгіянальны партал навін bar24.by.

Сайт bar24.by апошні раз абнаўляўся 8 сьнежня 2024 году. 13 студзеня 2025-га ён перастаў адкрывацца. Незалежныя баранавіцкія журналісты зазнаюць перасьлед з 2020 году.

Рэдакцыя Intex-Press сутыкнулася з праблемамі ў працы пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году.

Паводле зьвестак БАЖ, у месцах пазбаўленьня волі за сваю прафэсійную дзейнасьць знаходзяцца ня менш як 28 прадстаўнікоў мэдыя.

XS
SM
MD
LG