Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жаночае беспрацоўе ў Беларусі складае 2,2%, — Міністэрства працы

Жанчына працуе на Лідзкай абутковай фабрыцы. Архіўнае фота
Жанчына працуе на Лідзкай абутковай фабрыцы. Архіўнае фота

Узровень беспрацоўя сярод жаночага насельніцтва ў Беларусі складае 2,2%, у мужчын — 2,9%. Такія зьвесткі прывяла на прэс-канфэрэнцыі 5 сакавіка намесьніца міністра працы і сацыяльнай абароны Юлія Берднікава.

Паводле яе, Беларусь знаходзіцца на 28-м месцы з 172 краін адпаведна індэксу гендэрнай няроўнасьці (у рамках Праграмы разьвіцьця ААН) і на 54-м з 148 — адпаведна індэксу гендэрнага разрыву (у рамках Усясьветнага эканамічнага форуму), піша Позірк.

Намесьніца старшыні Нацыянальнага статыстычнага камітэту Натальля Тарасюк адзначыла, што, паводле органаў статыстыкі, сярэдні ўзрост беларускай жанчыны складае 44 гады, сярэдні ўзрост уступленьня ў першы шлюб — 27 гадоў.

Пры гэтым, паводле прадстаўніцы Белстату, апошнімі гадамі «зазначылася цікавая тэндэнцыя: жанчыны ва ўзросьце 65 гадоў і старэйшыя ўсё часьцей ствараюць сем’і, у 2025 годзе іх было 713, што амаль на 13% больш, чым у 2024-м, прычым 44 жанчыны ўступілі ў шлюб упершыню (на 33% больш, чым год таму)».

Усяго ў Беларусі за 2025 год было заключана 52 000 шлюбаў, сказала Тарасюк.

У 2024 годзе ў Беларусі жылі 4,9 млн жанчын, або 54% ад усяго насельніцтва, амаль 80% жанчын жылі ў гарадзкой мясцовасьці. У сярэднім на 1000 мужчын, якія жывуць у краіне, прыходзяцца 1167 жанчын, адзначыла чыноўніца, дадаўшы, што «карціна не мяняецца ўжо цягам пэўнага часу». Пры гэтым, калі ў маладым узросьце на 1000 юнакоў прыходзяцца 957 дзяўчат, то «ў старэйшых узростах жанчын амаль удвая больш, чым мужчын», удакладніла яна.

Узровень занятасьці жанчын у Беларусі складае 65%, у працаздольным узросьце — 86%, у той час як «у мужчын гэты паказьнік на 1,5% ніжэйшы», што, паводле намесьніцы кіраўніка Белстату, «унікальна з гледзішча ўсясьветных тэндэнцыяў».

42% працоўных жанчын маюць вышэйшую адукацыю, у мужчын гэты паказьнік складае каля 30%. Самымі «жаночымі» сфэрамі дзейнасьці застаюцца ахова здароўя і адукацыя (каля 80% ад усіх занятых). «Дастаткова сур’ёзна», як сказала Тарасюк, расьце «ўдзельная вага жанчын у ІТ-сфэры» (34%). Сярод беларускіх прадпрымальнікаў жанчыны складаюць 42%.

6 сакавіка 2025 году на аналягічнай прэс-канфэрэнцыі Натальля Паўлючэнка, якая займала тады пасаду міністра працы і сацыяльнай абароны, паведаміла, што з 2020 году жаночае беспрацоўе ў Беларусі скарацілася з 3,3% да 2,7%. Такім чынам, за год, паводле афіцыйнай статыстыкі, гэты паказьнік скараціўся яшчэ на 0,5 адсотку.

Аляксандр Лукашэнка абвясьціў 2026 год «Годам беларускай жанчыны».


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG