23-гадовую мігрантку з Гвінэі дэпартавалі зь Беларусі ў жніўні 2025 году, яе дачку, якая нарадзілася з вагой 600 грамаў, пакінулі ў дзіцячым доме ў Менску. Жанчына прыбыла ў Беларусь з надзеяй трапіць у Эўразьвяз, але сутыкнулася зь цяжкасьцямі. Улады Беларусі дэпартавалі Мар’ям, ня даўшы ёй магчымасьці забраць дачку. У выніковым «ПіКу Свабоды» мы запыталіся праваабаронцу Эніру Браніцкую з групы абароны правоў замежных грамадзян і асобаў без грамадзянства ў Беларусі Human Constanta пра тое, наколькі дэпартацыя маці без дачкі адпавядае беларускаму і міжнароднаму заканадаўству.
— Пачну зь міжнароднага боку. Адназначна былі парушаныя інтарэсы дзіцяці, прадугледжаныя Канвэнцыяй аб правах дзіцяці, да якой Беларусь, безумоўна, далучылася. Таксама было парушана права на сям’ю — як у Мар’ям, так і ў маленькай Сабіны. Беларускі бок прыняў крайняе рашэньне: спачатку затрымаць Мар’ям, а потым дэпартаваць яе на падставе адміністрацыйнага правапарушэньня, а менавіта знаходжаньня на тэрыторыі Беларусі зь нерэгулярным статусам. На той момант у яе скончыўся дазвол на жыхарства.
Фармальна можна сказаць, што ўлады Беларусі маюць такое права — яны сапраўды мусяць гэта кантраляваць. Але пры гэтым не былі ўлічаныя ніякія іншыя абставіны. Мар’ям не ўчыняла ніякіх правапарушэньняў. Яна не хавалася, рэгулярна кантактавала з рознымі дзяржаўнымі органамі. Улады ведалі, дзе яна жыве. У яе на тэрыторыі Беларусі знаходзілася нованароджанае дзіця, зь якім яна спрабавала ўзьяднацца, якое імкнулася даглядаць. Усе гэтыя абставіны не былі прынятыя да ўвагі — сытуацыя зь дзіцем была проста праігнараваная, і Марыю прымусова выправадзілі з тэрыторыі Беларусі.
Што да нацыянальнага заканадаўства, ацаніць гэтую сытуацыю значна больш складана, бо насамрэч мы ня маем усіх матэрыялаў гэтай справы з боку ўладаў Беларусі. У Марыі на руках няма, напрыклад, рашэньня аб пазбаўленьні яе бацькоўскіх правоў ці аб пачатку такой працэдуры. Таксама няма дакумэнтаў, якія сьведчылі б, што прызналі сацыяльна небясьпечнае становішча дзіцяці і сям’і. Таму вельмі складана сказаць, чым кіраваліся беларускія органы, прымаючы гэтыя рашэньні.
На сёньня склалася трагічная сытуацыя. Улады Беларусі працягваюць пэўную камунікацыю, дзіця знаходзіцца ў доме дзіцяці. Паводле беларускага заканадаўства, калі дзіця знаходзіцца ў доме дзіцяці, гэта можа быць адной з падставаў для пазбаўленьня бацькоўскіх правоў, але, наколькі нам вядома, такога рашэньня прынята не было. Зь бюракратычных прычынаў сям’я дагэтуль ня можа ўзьяднацца — у тым ліку таму, што ў дзіцяці няма дакумэнтаў. Ніхто не прымае рашэньня, хто павінен іх аформіць — гвінэйскі ці беларускі бок — і якім чынам гэта павінна быць зроблена. Хоць беларускі бок мог бы выдаць дзіцяці праязны дакумэнт: так званы travel document, такая практыка ў нас існуе, і арганізаваць транспартаваньне.
Гэтая сытуацыя відавочна ня ёсьць прыярытэтам для ўладаў Беларусі. Але праз адно бюракратычнае рашэньне органаў унутраных справаў ужо амаль год сям’я застаецца разьяднанай, а маці надалей спрабуе ўзьяднацца з сваім дзіцем.
— Гэта не адзіная чалавечая трагедыя ў сувязі з інсьпіраваным уладамі Беларусі міграцыйным крызісам, які заходнія палітыкі называюць «гібрыднай агрэсіяй» супраць Эўразьвязу. Што вядома праваабаронцам пра іншыя чалавечыя трагедыі, парушэньні правоў чалавека, зь якімі сутыкаюцца мігранты, што едуць у Беларусь з разьлікам трапіць у ЭЗ? Ці вядзецца такі маніторынг?
— Мы вядзём такі маніторынг у межах нашых сілаў і магчымасьцяў. На жаль, так, гэтая сытуацыя ня самая простая для маніторынгу, але да нас зьвяртаюцца мігранты, і мы іх кансультуем. З пачатку гэтага мігранцкага крызісу на сёньня ў беларускіх лясах і балотах загінулі ня менш як 78 мігрантаў. Гэта тыя выпадкі, пра якія паведаміў Дзяржаўны памежны камітэт. Аднак, паводле зьвестак праваабаронцаў суседніх дзяржаваў (калегі апытваюць мігрантаў, якія перайшлі мяжу), мы маем дастатковыя доказы таго, што ёсьць яшчэ як мінімум дваццаць загінулых, якіх памежны камiтэт не зафіксаваў. Гэта азначае, што права мігрантаў на жыцьцё было парушана. Безумоўна, існуюць і сытуацыі зь сем’ямі гэтых мігрантаў. Многія зь іх, магчыма, ніколі не даведаюцца, дзе загінулі іхныя родныя, як гэта адбылося і дзе целы. Да нас зьвяртаюцца сваякі зьніклых бязь вестак. Часам нам удаецца знайсьці цела — тады памежны камітэт публічна паведамляе, дзе яно знаходзіцца, адбываецца ідэнтыфікацыя, перадача дакумэнтаў аб сьмерці, родныя ведаюць месца пахаваньня. У гэтай сытуацыі сумны, але найбольш спрыяльны вынік — калі прынамсі вядома, што чалавек загінуў і дзе ён пахаваны. Але атрымаць гэтую інфармацыю вельмі складана — і знайсьці яе, і дамагчыся.
Гэта адна катэгорыя ахвяраў. Іншая катэгорыя — на жаль, усё часьцей мы сутыкаемся з выпадкамі, калі на тэрыторыю Беларусі прывозяць ахвяраў гандлю людзьмі. Гэта людзі, якіх прадаюць, вывозяць з іхных краін далей, і, магчыма, у Беларусі яны маглі б кудысьці ўцячы і зьвярнуцца па дапамогу, але, на жаль, сёньня ім фактычна няма куды зьвяртацца. Адзіная арганізацыя, якая займаецца ахвярамі гандлю людзьмі, — гэта Міжнародная арганізацыя міграцыі. Аднак многія мігранты, а часьцей за ўсё мігранткі, баяцца туды зьвяртацца, бо ўспрымаюць яе як структуру, набліжаную да ўладаў. Да таго ж паводле беларускага заканадаўства сам факт таго, што чалавек ёсьць ахвярай гандлю людзьмі, не спыняе ўлады Беларусі ад яго дэпартацыі. Такіх людзей, перадусім жанчын, становіцца ўсё больш. Мы бачым гэтыя выпадкі, гэтыя людзі ў стане поўнай бездапаможнасьці.
Яшчэ адна катэгорыя — ахвяры гвалту ўвогуле. Гэта і жанчыны, і мужчыны, якія цярпяць як ад сэксуальнага, так і ад іншых відаў гвалту — і з боку іншых мігрантаў, на жаль, і з боку прадстаўнікоў дзяржаўных органаў, напрыклад, памежных службаў, а таксама іншых людзей, якія карыстаюцца сытуацыяй. На жаль, ёсьць гісторыі, калі людзям няма дзе жыць, існуюць пэўныя дамы, дзе ім кажуць: «Так, вы можаце тут застацца», але найчасьцей гэта адбываецца ў абмен на сэксуальныя паслугі. Гэтыя людзі вельмі ўразьлівыя.
— Яшчэ адна гісторыя. Грамадзянка Індыі Мінабэн Джошы заявіла, што яе завабілі ў Беларусь выгаднай прапановай працы, але падманулі, і яна ня мае грошай, каб вярнуцца дадому. Жанчына паведаміла, што ў Беларусі ў яе не было ежы, жыльля і падтрымкі. Яе прымусілі даглядаць жывёлу і «пасялілі ў кароўніку за 350-400 кілямэтраў ад Менску». «Шмат людзей апынуліся тут у пастцы», — расказала яна. У МУС Беларусі назвалі гэтую гісторыю фэйкам. Наколькі неабароненыя якія-кольвек мігранты ў Беларусі? Ці зазнаюць яны дыскрымінацыю на дзяржаўным і на чалавечым узроўні?
— Апошнія два гады ўвогуле беларускі бок актыўна пачаў прыцягваць працоўных мігрантаў. Гэта абвешчана на самых высокіх узроўнях, пачалі рабіцца пэўныя крокі ў гэтым кірунку, у тым ліку заканадаўчыя. Ёсьць пэўныя праўныя інструкцыі, правілы, якія спрашчаюць магчымасьць прыезду іншаземцаў. Раней, напрыклад, каб іншаземец пачаў працаваць у многіх спэцыяльнасьцях, працадаўца мусіў атрымаць спэцыяльны дазвол у дэпартамэнтах працы і сацыяльнай абароны. На сёньня такія дазволы патрэбныя, але не для ўсіх відаў працы, многія вакансіі вызваленыя ад гэтай патрэбы. З аднаго боку, гэта азначае, што для большай колькасьці людзей цяпер прасьцей прыяжджаць, але гэта таксама азначае меншы кантроль. З другога боку — куды прыяжджаюць мігранты, дзе яны будуць працаваць, як будуць працаваць — гэты кантроль не заўсёды эфэктыўны.
Усе паведамленьні беларускіх дзяржаўных органаў і высокіх чыноўнікаў за апошні год несьлі такі мэсыдж: «Мы будзем кантраляваць мігрантаў. Гэта для людзей, для беларусаў. Ня бойцеся: калі яны нешта парушаць, мы іх абавязкова выправадзім». Але ніякіх паведамленьняў для працадаўцаў пра тое, што яны павінны забясьпечваць правы працоўных мігрантаў, няма. Для мяне гэта адназначны сыгнал, што працадаўцы могуць не баяцца парушаць правы такіх мігрантаў. У Беларусі сыстэма пабудаваная так, што працоўны мігрант цалкам залежыць ад свайго працадаўцы. Усякае пагаршэньне адносінаў з працадаўцам прывядзе да страты кантракту, а значыць, страты дазволу на жыхарства. У работніка будзе толькі 15 дзён, каб знайсьці новую працу, інакш ён страціць дазвол на жыхарства і падлягае выправаджэньню з тэрыторыі Беларусі. Такім чынам, на сёньня працоўныя мігранты ў Беларусі надзвычай неабароненыя, а паведамленьні ўладаў зусім не накіраваныя на іх абарону.
Шмат прапановаў працы ў Беларусі цяпер можна знайсьці ў інтэрнэце. Мы бачым у Індыі, у Банглядэш аб’явы, маўляў, «мы дапаможам вам працаўладкавацца ў Беларусі». Ёсьць індыйскія і іншыя пасярэднікі ў Беларусі, і, вядома, не заўсёды яны сумленныя. Яны заключаюць дамовы зь беларускімі пасярэднікамі і арганізоўваюць прыезд гэтых работнікаў туды, дзе вельмі высокая імавернасьць злоўжываньняў. У цэлым для мігрантаў Беларусь ніколі не была вельмі прывабнай і дружалюбнай краінай. Усё пабудавана на жорсткім кантролі, забраць дазвол на жыхарства шмат падставаў. Чалавек цалкам залежыць ад розных структураў, якія могуць лёгка пазбавіць яго дазволу на жыхарства, і ён будзе выправаджаны. Сытуацыя з грамадзкімі арганізацыямі за апошнія гады стала вельмі сумнай — чалавеку няма куды зьвярнуцца. Калі ўявіць беларуса, які ня вельмі абаронены ў сваёй краіне, то мігрант абаронены ўдвая менш.
Форум