Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 2 сакавіка: дзьвюх жанчын асудзілі за «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»

абноўлена
Менскі гарадзкі суд, архіўнае фота
Менскі гарадзкі суд, архіўнае фота

Свабода працягвае сачыць за абнаўленьнем «экстрэмісцкіх» сьпісаў і публікуе іншыя факты перасьледу, абапіраючыся на ўласную інфармацыю, публікацыі іншых выданьняў і зьвесткі праваабаронцаў.

Два прысуды за «садзейнічаньне экстрэмізму»

Карына Куцко асудзілі ў Менскім гарадзкім судзе паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361‑4 Крымінальнага кодэксу (садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці).

Карына родам з аграгарадка Хадакі Івацэвіцкага раёну. У 2019‑м скончыла БНТУ і засталася ў Менску. Апошнім часам працавала ў філіяле будаўніча-мантажнага ўпраўленьня № 7 «Белсельэлектрасеткібуд» — арганізацыі, што займаецца электрыфікацыяй.

Карына займала пасаду галоўнай спэцыялісткі ў распрацоўцы каштарыснай дакумэнтацыі, паведаміла «Наша Ніва».

Акрамя асноўнай працы на дзяржаўным прадпрыемстве, Карына шукала сябе ў творчасьці. Яна скончыла курсы па 3D-візуалізацыі і дызайне інтэр’ераў, вяла пра гэта блог у інстаграме і выкладвала свае працы на Behance.

Паводле так званага «садзейнічаньня экстрэмізму» асудзілі таксама бухгальтарку зь Менску. 43-гадовая Віталіна Міхаленя родам з Узды. Жанчына вучылася ў Маладэчанскім гандлёва-эканамічным каледжы, а ў 2006 атрымала дыплём эканамісткі ў Беларускім гандлёва-эканамічным унівэрсытэце спажывецкай каапэрацыі ў Гомлі. У жанчыны ёсьць непаўналетні сын.​

Міхаленя з 2008 году працавала галоўнай бухгальтаркай у розных фірмах — ад прадусарскага цэнтру «Спамаш» да кампаній, якія займаюцца будаўніцтвам і гандлем. У 2013‑м Віталіна зарэгістравала ІП і стала кансультанткай у падаткаабкладаньні. Апошнія гады яна працавала яшчэ і рэкрутаркай, паведаміла «Наша Ніва».

Віталіна цікавіцца вінтажнымі рэчамі і шклом. Піша ў сацсетках пра юрыдычныя пытаньні.

Віталіну таксама судзілі ў Менскім гарадзкім судзе і паводле тых самых частак артыкулу 361-4 КК, як і Куцко — «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці». Падобна, ёй прысудзілі «хатнюю хімію».

«Экстрэмісцкі» чат школьнікаў і сеткі Human Constanta

У чаце непаўнагадовыя школьнікі раёну распаўсюджвалі «экстрэмісцкія» матэрыялы і відэа — сярод іх нібыта былі нацысцкая сымволіка і атрыбутыка.

Пазьней гэты Telegram-чат суд прызнаў «экстрэмісцкім», піша Вясна.

Сайт і сацсеткі праваабарончай арганізацыі Human Constanta прызнаныя «экстрэмісцкімі». Такое рашэньне прыняў суд Чашніцкага раёну 24 лютага.

Акрамя гэтага, у «экстрэмісцкі» сьпіс трапілі відэа «Путин готовит захват Беларуси — Лукашенко согласился? Что происходит. Демченко», старонкі ў TikTok «nna», «Palatno Media», «Темная Галерея», Telegram-каналы і чаты «Чат избирательного округа # 100», «Контроль оккупантов и автозаков. Минск», старонкі ў Threads «Andrew Džan», «Оля Токарчук».

Праваабаронцы прызналі былых кіраўнікоў Intex-Press палітвязьнямі

27 лютага стала вядома аб прысудзе супрацоўнікам баранавіцкага рэгіянальнага выданьня Intex-press Уладзімеру Янукевічу і Андрэю Пакаленку. Асудзілі абодвух журналістаў паводле артыкулу 356 Крымінальнага кодэксу — «здрада дзяржаве». Янукевічу суд прызначыў 14 гадоў пазбаўленьня волі і 3000 базавых велічыняў (135 тысяч рублёў) штрафу, Пакаленку — 12 гадоў і 1000 базавых (45 тысяч). Судовы працэс праходзіў у закрытым рэжыме.

2 сакавіка праваабарончая супольнасьць Беларусі прызнала зьняволеных журналістаў палітвязьнямі, піша «Вясна».

Праваабаронцы адзначылі, што крымінальны перасьлед Уладзімера Янукевіча і Андрэя Пакаленкі ёсьць працягам рэпрэсій у дачыненьні да незалежных беларускіх мэдыя і журналістаў.

Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.

Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.

Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.

Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.

На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.

Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».

Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG