Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сяброўства гадзюкі з чарапахай»: Вадзім Дубноў пра тое, што хавалася за руцінным пасяджэньнем Вышэйшага савету саюзнай дзяржавы

Уладзімір Пуцін (зьлева) і Аляксандар Лукашэнка. Масква, 26 лютага 2026
Уладзімір Пуцін (зьлева) і Аляксандар Лукашэнка. Масква, 26 лютага 2026

Сьцісла

  • Узаемадзеяньне Беларусі і Расеі нагадвае гадзюку і чарапаху зь вядомай прыпавесьці, гэта сымбіёз без асаблівых сымпатыяў, але пры ўзаемнай залежнасьці.
  • Лукашэнка ня толькі сёньня ў Крамлі, але і раней ніяк не адрэагаваў на новую палітыку Ўкраіны адносна Беларусі. Магчыма, сваёй стрыманасьцю ён хоча зрабіць добрае ўражаньне на Трампа.
  • Калі б Беларусь стала новым фронтам вайны, гэта было б поўным кашмарам для Лукашэнкі, асабліва з улікам уразьлівасьці тэрыторыі Беларусі для патэнцыйцных удараў украінскіх дронаў у адказ.

Вынікі пасяджэньня Вышэйшага савету саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі пракамэнтаваў для Свабоды расейскі палітычны аналітык, аглядальнік праграмы «Эхо Кавказа» Вадзім Дубноў.

Шпілька Лукашэнкі для Пуціна

— Cёньня ў Маскве адбылося пасяджэньне Вышэйшага Савету саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі. Парадак дня быў даволі руцінны, зацьвярджэньне справаздачаў урадаў, прыняцьцё плянаў на гады наперад. Тым ня менш, на што вы зьвярнулі ўвагу ў заявах Лукашэнкі і Пуціна, што, на ваш погляд, мае найбольшае значэньне?

Вадзім Дубноў
Вадзім Дубноў

— Я зьвярнуў увагу на шпільку Лукашэнкі, калі ён сказаў, што кітайцы зайздросьцяць рэгіянальнаму супрацоўніцтву Расеі зь Беларусьсю. Мелася на ўвазе, што Крамлю якраз ня надта падабаецца супрацоўніцтва Беларусі з расейскімі рэгіёнамі, а ў Лукашэнкі даўняя слабасьць да такога супрацоўніцтва. Прагучала таксама рэакцыя на бягучыя палітычныя выклікі — у прыватнасьці, на разьмяшчэньне «Арэшніка» ў Беларусі і на тое, як гэта было ўспрынята ва Ўкраіне.

Нядаўна з Масквы прагучалі вокрыкі наконт таго, што Беларусь спрабуюць адвесьці ад Расеі і што Масква гэтага ніколі не дапусьціць. Прагучалі і дзяжурныя словы аб вялікім сяброўстве.

Аднак гэтае сяброўства нагадвае вядомую прыпавесьць аб тым, як чарапаха перавозіла гадзюку праз рэчку. І насамрэч гэта шмат у чым сымбіёз, які склаўся яшчэ ў 90-я гады. Гэта значыць бакі пакусваюць адзін аднаго, але даюць адзін аднаму зразумець, што могуць укусіць і сур’ёзна. Масква дае зразумець, што яна не адчувае захапленьня ад зьнешнепалітычнай актыўнасьці Беларусі, але ў Масквы ўсё гэта пад кантролем і яна можа глядзець на рухі цела Лукашэнкі на міжнароднай арэне напаўпрыкрытымі вачыма.

— Часам паказчыкам значэньня такіх сустрэч зьяўляецца тое, пра што на іх публічна не заяўлялася. На сёньняшняй сустрэчы ў Крамлі не казалі ні пра Ўкраіну, ні пра Трампа. Чаму?

— Трамп — гэта пэрсона грата і для Пуціна, і для Лукашэнкі, і ён не вораг абодвум. Зрэшты, Лукашэнка згадаў, што «Вэнэсуэла, Куба, Іран — нашы агульныя партнэры — сталі абʼектамі найгрубейшага ўмяшаньня». Але чыйго — Лукашэнка ўстрымаўся пад ўдакладненьня. Адносіны з Трампам — матэрыя далікатная, разумней наўпрост пра яго ўвогуле не казаць.

Чаму Лукашэнка нічога не сказаў пра Украіну?

— А чаму нічога не было сказана аб Украіне?

— Пазыцыя Украіны ў адносінах да Беларусі істотна зьмянілася. Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі намякнуў на тое, што Беларусь пры пэўных абставінах зараз можа стаць яшчэ адным фронтам вайны. Калі Расея зноў увядзе буйныя вайсковыя сілы ў Беларусь, лінія фронту можа распаўсюдзіцца і на яе. І гэта было б сапраўдным кашмарам для Лукашэнкі. Асабліва з улікам таго, што ўся тэрыторыя Беларусі ўразьлівая для патэнцыйных удараў украінскіх дронаў.

Вашае пытаньне, чаму сёньня не было сказана пра Украіну, я б пашырыў — Лукашэнка і сёньня, і раней ніяк не адрэагаваў на зьмену палітыкі Ўкраіны, на рэзкія заявы прэзыдэнта Зяленскага. Адно тлумачэньне, праўда, не вельмі верагоднае — што яшчэ ня выпрацаваны адказ. Але хутчэй за ўсё Лукашэнка вырашыў, што пакуль ня час адказваць.

Ён стварае вобраз лідэра, які не адказвае на вострую крытыку маладзейшага калегі, таму што яму важней не асабістыя адносіны, а мір ва ўсім сьвеце. Можа быць, ён спадзяецца прадаць гэты вобраз Трампу або эўрапейцам. Гэта не вычарпальнае тлумачэньне, але хутчэй за ўсё ён проста чакае большай дакладнасьці ў сытуацыі, каб разьлічыць сілу і кірунак адказу.

— Адным з матываў новай палітыкі Ўкраіны ў Кіеве называюць разьмяшчэньне ў Беларусі ракет «Арэшнік». І Лукашэнка сёньня ў Крамлі «Арэшнік» згадаў, як этап умацаваньня супрацоўніцтва Менска і Масквы. Мог бы і ня ўзгадваць на фоне ўкраінскіх асьцярог і абвінавачаньняў.

— «Арэшнік» у Беларусі накіраваны не на Украіну, а на Эўразьвяз.

— Як сказаць. Па Ўкраіне двойчы наносіліся ўдары «Арэшнікам».

— Але з Расеі. «Арэшнік» у Беларусі патрэбны Расеі, таму што Беларусь — эўрапейская краіна, яна бліжэй да Эўропы, зь яе тэрыторыі зручней, калі будзе адпаведнае рашэньне, наносіць удары па краінах Эўразьвязу. І разьмяшчэньне гэтых ракет у Беларусі — інструмэнт праверкі адзінства NATO.

Якія новыя «дрэвы» Пуцін падрыхтаваў для Беларусі?

— Тэму вайсковай бясьпекі закрануў на сустрэчы ў Крамлі ня толькі Лукашэнка, але і прэзыдэнт Расеі. Пуцін сказаў: «Мы і надалей будзем рабіць усё неабходнае, каб вайсковая бясьпека саюзнай дзяржавы была забясьпечана ўсімі наяўнымі ў нашых краін сіламі і сродкамі». Гэта дзяжурная рыторыка ці анонс нейкіх новых практычных крокаў? У дадатак да «Арэшніка» прывязуць яшчэ якія-небудзь «Сасну» ці «Платан»?

— Я думаю, што гэта хутчэй дзяжурная рыторыка, абавязковая праграма на такіх сустрэчах. Разьмяшчэньню новых відаў узбраеньняў у Беларусі звычайна папярэднічае мэдыйная кампанія па падрыхтоўцы гэтага кроку. Цяпер гэтага не назіраецца, таму наўрад ці словы Пуціна — пралёг разьмяшчэньня ў Беларусі нейкіх «Соснаў» ці «Платанаў».

— Пытаньне, якое задаецца з 24 лютага 2022 года — ці можа Пуціну спатрэбіцца беларускае войска на фронце? Які сёньняшні адказ на гэтае пытаньне?

— Сытуацыя за 4 гады ў нечым зьмянілася, а ў нечым засталася нязьменнай. Не зьмянілася яна ў тым, што Масква ўваходзіць у становішча Менску, які дае ёй зразумець, што яму не хацелася б поўнамаштабным чынам уступаць у вайну. Уступленьне беларускай арміі ў вайну азначала б і мабілізацыю, і прызнаньне Беларусі краінай, якая ваюе. Масква гэта разумее, і бонусы, якія можа ёй даць удзел беларускага войска ў вайне, не перавешваюць палітычных рызык і страт ад гэтага рашэньня.

А што зьмянілася — дык гэта характар вайны. Я не вайсковы спэцыяліст, але спэцыялісты кажуць, што цяперашняя вайна — гэта вайна дронаў. А гэта ў параўнаньні зь лютым 2022 года павышае ўразьлівасць тэрыторыі Беларусі для ўдараў у адказ у выпадку разьмяшчэньня на ёй буйных расейскіх сілаў і выкарыстаньня іх для нападу на Ўкраіну. Думаю, што ў Маскве ўлічваюць гэтую акалічнасьць, плянуючы розныя сцэнары працягу вайны.

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Палітычны аглядальнік Радыё Свабода.

    Кандыдат фізыка-матэматычных навук. Аўтар кніг «Акцэнты Свабоды» (2009), «Сем худых гадоў» (2014), «Неверагодны 2020-ы» (2021).

    На Свабодзе — ад 1991 году.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG