Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Палітыка зь Юрыем Дракахрустам». Зяленскі зьмяняе падыход да Беларусі. 4 гады вайны і новыя сыгналы

Ігар Кізім, Уладзімір Зяленскі, Юры Дракахруст, каляж
Ігар Кізім, Уладзімір Зяленскі, Юры Дракахруст, каляж

У інтэрвію «Люстэрку» прэзыдэнт Украіны Зяленскі вызначыў новую палітыку адносна Беларусі? Які сыгнал і каму пасылае Ўкраіна санкцыямі супраць Лукашэнкі? Ці можа Ўкраіна пачаць баявыя дзеяньні супраць суагрэсара-Беларусі? Чаго ў Кіеве чакаюць ад супрацы зь Ціханоўскай?

На гэтыя пытаньні ў праграме «Палітыка зь Юрыем Дракахрустам» адказвае былы амбасадар Украіны ў Беларусі, былы спэцпрадстаўнік Украіны ў пытаньнях Беларусі Ігар Кізім.

Глядзіце размову на відэа цалкам

00:00 – Ці будзе Ўкраіна весьці баявыя дзеяньні на тэрыторыі Беларусі?
10:14 – Чым рызыкуе Беларусь?
12:24 – Чаму беларускае войска не ваюе ва Ўкраіне?
19:13 – Санкцыі супраць Лукашэнкі – сыгнал Трампу?
23:30 – Чаго Украіна чакае ад Ціханоўскай?
31:32 – Ці дазволяць палку Каліноўскага вызвольны паход у Беларусь?
35:17 – Ці даруюць украінцы беларусам пасьля вайны?

Тут фрагмэнт інтэрвію

— Заўтра — 4-я гадавіна пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі з Ўкраінай, расейскай агрэсіі супраць Украіны. Беларускі партал «Люстэрка» апублікаваў інтэрвію прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага. У інтэрвію Зяленскі сказаў, што ў 2022 годзе, пасьля пачатку вайны, калі зь Беларусі расейскія войскі нападалі на Ўкраіну, яго каманда была за тое, каб нанесьці ўдары прынамсі па пазыцыях расейцаў у Беларусі. Ён быў супраць. А зараз ён ня выключыў апэрацыі супраць рэтрансьлятараў расейскіх дронаў і пазыцыяў «Арэшніка». Чаму зьмяніўся падыход?

— Я засьпеў пачатак вайны ў самой Беларусі. Я ня ведаю, як каманда Зяленскага тады адрэагавала на першыя ўдары. Але тады было вельмі незразумела, у якой ступені Лукашэнка кантраляваў сытуацыю. Зыходзячы зь інтэрвію Зяленскага «Люстэрку» і яго папярэдніх выступаў, у яго адразу пасьля пачатку вайны была размова з Лукашэнкам і той заявіў, што ён не кантраляваў аб’екты, якія знаходзіліся на тэрыторыі Беларусі, месцы, адкуль быў нанесены ўдар. Відавочна, гэта была ілюзія.

Але потым ён кантраляваў усё падчас тых ракетна-бомбавых удараў, якія наносіліся з тэрыторыі Беларусі. Хачу нагадаць, што апошнія ўдары, якія мы зафіксавалі з тэрыторыі Беларусі, былі ў кастрычніку 2022 году.

Што зьмянілася з таго часу? На маю думку, тады яшчэ была надзея, што Лукашэнка спыніцца раней, чым Пуцін. У першыя дні вайны менавіта на тэрыторыі Беларусі адбываліся перамовы Украіны з прадстаўнікамі Расеі, у якіх я асабіста ўдзельнічаў. І таму магу сказаць, што ў той час не было яснасьці адносна ўдзелу Лукашэнкі і беларускага боку ў гэтай вайне. Скажу шчыра, што ў мяне тады было чаканьне і надзея, што ўсё гэта вельмі хутка скончыцца.

Зяленскі кажа, што спачатку была нейкая, хоць і наіўная, вера ў тое, што Лукашэнка сапраўды не кантралюе гэтую сытуацыю, не змаўляецца з расейцамі. А цяпер сытуацыя зьмянілася. Не зьвяртаючы ўвагі ні на якія папярэджаньні, якія былі зробленыя Лукашэнку, ён працягвае падтрымліваць агрэсію. У тым ліку і пры дапамозе прапаганды, якая таксама зьяўляецца пэўным фактарам гібрыднай вайны. Ён дапамагае ВПК Расеі, перадае расейцам зброю і дадзеныя выведкі, супрацоўніцтва ідзе па поўнай праграме.

На тэрыторыі Беларусі дзейнічаюць цэнтры, якія кіруюць бесьпілётнікамі, і яны былі зафіксаваныя нашай разьведкай, пра што адкрыта сказаў Зяленскі. Пазыцыя ўкраінскай дзяржавы — не рабіце глупстваў і ўсё будзе добра. Зрабіў нешта дрэннае — атрымаў адказ. Ужо дайшло да таго, што мы вымушаныя рэагаваць ваеннымі мэтадамі на тыя дзеяньні, якія рэжым Лукашэнкі зараз праводзіць у дачыненьні да Ўкраіны.

Беларускія войскі ніколі не перасякалі мяжу. Я хачу вярнуцца да слоў нашага былога кіраўніка МЗС Дзьмітра Кулебы, што ваенныя дзеяньні Ўкраіны адносна Беларусі будуць, як толькі толькі першы бот беларускага салдата перасячэ мяжу з Украінай. Відавочна, што нікому не патрэбны другі фронт. На мяжы зь Беларусьсю былі разьмешчаныя пэўныя падразьдзяленьні. Але гэта быў хутчэй фактар стрымліваньня, каб Лукашэнка зноў не зрабіў нейкай дурасьці, ня ўвёў свае войскі на тэрыторыю Ўкраіны.

Нашыя ацэнкі былі такія, што беларуская армія не была гатовая змагацца на гэтым фронце самастойна. І мы больш-менш спакойна ставіліся да такой пагрозы. Я заўсёды пісаў і казаў, што для Ўкраіны нашым саюзьнікам зьяўляецца беларускі народ, а не беларускі рэжым.

Я меў зносіны з беларусамі, калі там працаваў, і пытаўся: «Ці пайшла б армія Беларусі ваяваць супраць Украіны?» У цэлым адказ быў адмоўным. Калі я спытаў у адной жанчыны пра ўдзел беларусаў у вайне з Украінай, яна мне нагадала, што ў беларусаў вялікі вопыт партызанскай вайны. «Мы ў лес пойдзем, але ня будзем ваяваць супраць Украіны» — сказала яна.

«Палітыка зь Юрыем Дракахрустам»

Разам з гасьцямі палітычны аглядальнік Свабоды Юры Дракахруст спрабуе зразумець сэнсы таго, што адбываецца ў беларускай і сусьветнай палітыцы, прааналізаваць тэндэнцыі, якія хаваюцца за інфармацыйным шумам, заглянуць у невядомую будучыню.

Глядзіце новыя выпускі на YouTube-канале Свабода Premium штотыдзень.

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Палітычны аглядальнік Радыё Свабода.

    Кандыдат фізыка-матэматычных навук. Аўтар кніг «Акцэнты Свабоды» (2009), «Сем худых гадоў» (2014), «Неверагодны 2020-ы» (2021).

    На Свабодзе — ад 1991 году.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG