У Смаленскай вобласьці 25 лютага адбыўся выбух на буйным прадпрыемстве, якое вырабляе аміячную салетру. Пра тое, што адбываецца ў Смаленскай вобласьці пасьля паветранага ўдару па хімічным прадпрыемстве, расказала Расейская служба Радыё Свабода.
Раніцай 25 лютага бесьпілётнікі (БПЛА) атакавалі Смаленскую вобласьць. У выніку ўдараў па прадпрыемстве «Дарагабуж», якое вырабляе аміяк і салетру, загінулі сем супрацоўнікаў заводу. Жыхары Дарагабужа і навакольных вёсак у першыя ж гадзіны пасьля нападу раскупілі ваду ў бутэльках і прадукты першай патрэбы.
Губэрнатар вобласьці Васіль Анохін паабяцаў эвакуаваць жыхароў. Але вечарам 25 лютага ніякай эвакуацыі арганізавана не было, паведамляе праект Расейскай службы Радыё Свабода Север. Реалии.
Жыхары Дарагабужа і бліжэйшых да заводу вёсак Палібіна і Нова-Міхайлаўка расказваюць, што атака пачалася паміж 4:30 і 5 гадзінамі раніцы 25 лютага. Мясцовыя жыхары расказвалі пра пажар і палёты дронаў, пра тое, што ўсе дарогі, якімі можна было ўцячы ад небясьпекі, былі перакрытыя.
Пазьней Сьледчы камітэт Расеі і губэрнатар Смаленскай вобласьці пацьвердзілі, што каля 30 дронаў з выбуховымі прыладамі атакавалі прадпрыемства «Дарагабуж». Завод знаходзіцца за 120 кілямэтраў на ўсход ад Смаленску і прыкладна за сто кілямэтраў ад Вязьмы. Да Беларусі — каля 180 кілямэтраў. Афіцыйна гэтае прадпрыемства вырабляе мінэральныя ўгнаеньні.
Аднак аміячная салетра, названая ў пераліку вытворчых магчымасьцяў прадпрыемства, выкарыстоўваецца ў тым ліку для вырабу выбуховых рэчываў. Публічнае акцыянэрнае таварыства «Дарагабуж» уваходзіць у групу кампаніяў «Акрон», 94% акцыяў якой валодае мільярдэр Вячаслаў Кантар.
Пракуратура Смаленскай вобласьці паведамляе аб пажарах наступнае: «Пры падзеньні абломкаў БПЛА на тэрыторыю заводу адбылося ўзгараньне. Пашкоджаныя элемэнты інфраструктуры, будынак пажарнай часткі, спэцтэхніка».
«Загінулі сем чалавек. Дзесяць атрымалі раненьні. Усе пацярпелыя — супрацоўнікі прадпрыемства», — паведамляе сьледчы камітэт вобласьці.
Жыхары Дарагабужа прызнаюцца, што баяцца заставацца ў родным горадзе, але абяцанай эвакуацыі няма. З крамаў зьніклі вада і ежа.
Форум