Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галасаваньне ў ААН: Беларусь у коле адыёзных рэжымаў

Вынікі галасаваньня за ўхваленьне праекту рэзалюцыі ў падтрымку ўстойлівага міру ва Ўкраіне ў 4-ю гадавіну ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, штаб-кватэра Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у Нью-Ёрку. 24 лютага 2026
Вынікі галасаваньня за ўхваленьне праекту рэзалюцыі ў падтрымку ўстойлівага міру ва Ўкраіне ў 4-ю гадавіну ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, штаб-кватэра Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у Нью-Ёрку. 24 лютага 2026

Сьцісла

  • Фактычна цягам усяго пэрыяду лукашэнкаўскага кіраваньня Беларусь падвяргалася крытыцы за парушэньне правоў чалавека ў структурах ААН. А пасьля нападу Расеі на Ўкраіну ў 2022 годзе да гэтага дадалося асуджэньне за статус суагрэсара.
  • У ходзе галасаваньня ў ААН з Расеяй не салідарызаваліся нават саюзьнікі па АДКБ! Толькі Беларусь падтрымлівае РФ.
  • Намесьнік кіраўніка МЗС Беларусі даводзіць, што галоўнай прычынай неэфэктыўнасьці ААН зьяўляецца «праваабарончы парадак дня». У перакладзе на зразумелую мову гэта значыць, што нельга замінаць дыктатарам рабіць з сваімі народамі ўсё, што яны захочуць.

Галасаваньне ў ААН паказвае, што Беларусь і Расея супрацьпаставіла сябе абсалютнай большасьці дзяржаў сьвету. Іх падтрымлівае невялічкая купка самых адыёзных рэжымаў у сьвеце. І іх прэтэнзія на тое, каб выступаць ад імя Глябальнай большасьці, ня мае падставаў.

ААН для Беларусі — варожая тэрыторыя

24 лютага адбыліся дзьве падзеі, зьвязаныя з пазыцыянаваньнем Беларусі ў структурах Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (ААН). На Генэральнай асамблея ААН Беларусь стала адной з 12 дзяржаў, прагаласаваўшых супраць рэзалюцыі «Падтрымка ўстойлівага міру ва Ўкраіне», якую ініцыяваў украінскі бок з нагоды чатырох гадоў вайны, распачатай Расеяй. А на 61-й сэсіі Савета ААН па правах чалавека намесьнік міністра замежных спраў краіны Ігар Сакрэта раскрытыкаваў дзейнасьць гэтай структуры.

Сёньня стала модным крытыкаваць ААН на недзеяздольнасьць у вырашэньні вастрэйшых праблем, якія паўсталі перад чалавецтвам. І дзеля гэтага ёсьць падставы. Беларускія афіцыйныя асобы, прапагандысты ў гэтым пляне не застаюцца ў баку, таксама кажуць пра неабходнасьць неяк рэфармаваць гэтую арганізацыю.

Беларусь у ААН апынулася там у пэўнай ізаляцыі, у статусе ізгоя

Аднак у афіцыйнага Менску ёсьць яшчэ адна прычына нэгатыўнага стаўленьня да ААН. Беларусь апынулася там у пэўнай ізаляцыі, у статусе ізгоя. Фактычна цягам усяго пэрыяду лукашэнкаўскага кіраваньня Беларусь падвяргалася крытыцы за парушэньне правоў чалавека ў структурах ААН. А пасьля нападу Расеі на Ўкраіну ў 2022 годзе да гэтага дадалося асуджэньне за статус суагрэсара.

Беларускае кіраўніцтва рэагуе на такую пазыцыю ААН даволі нэрвова. Аляксандар Лукашэнка 15 чэрвеня 2023 года абрынуўся з крытыкай не на яе:

«Арганізацыя Аб’яднаных Нацый з цывілізаванай дыялёгавай пляцоўкі для вырашэньня спрэчак і дыскусій аб будучым разьвіцьці сьвету ператварылася казыно, дзе запраўляюць заходнія верхаводы».

27 ліпеня таго ж года ён зноў зьвярнуўся да гэтай тэмы:

«Гэтая арганізацыя, ператвараецца ў такую арганізацыю „Чаго пажадаеце?“. Ад буйных дзяржаў больш залежыць. Гэта ненармальна. Пры тым націску, які аказваюць буйныя дзяржавы, Захад».

То бок для Лукашэнкі ААН — варожая тэрыторыя.

Чырвоным пазначаны краіны, якія прагаласавалі супраць рэзалюцыі, што заклікала да міру ва Ўкраіне
Чырвоным пазначаны краіны, якія прагаласавалі супраць рэзалюцыі, што заклікала да міру ва Ўкраіне

Беларусь і Расея — супраць Глябальнай Большасьці

І тут мы назіраем вялікую супярэчнасьць з той карцінай сьвету, якую старанна малююць апошнімі гадамі прапагандысцкія машыны Беларусі і Расеі. Гэтая карціна грунтуецца на ідэалягічным канструкце, што асноўным канфліктам сучаснасьці зьяўляецца супрацьстаяньне паміж Захадам і Глябальнай Большасьцю. Маўляў заходні сьвет працягвае сваю каляніяльную палітыку, прыгнятае і эксплуатуе народы Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амэрыкі. А вось Расея разам зь Беларусьсю аб’явілі сябе лідэрамі гэтых народаў у антыкаляніяльнай барацьбе, авангардам руху Глябальнай Большасьці супраць дамінаваньня Захаду.

Аднак паглядзім на вынікі галасаваньняў у ААН па рэзалюцыях, прысьвечаных вайне РФ супраць Украіны. Вось рэзалюцыя Генасамблеі ААН ад 2 сакавіка 2022 году з асуджэньнем Расеі. За яе прагаласавала 141 краіна, супраць — 5.

Аналягічная рэзалюцыя Генасамблеі ААН ад 12 кастрычніка 2022 году: «за» — 143, «супраць» — 5.

Рэзалюцыя Генасамблеі ААН ад 23 лютага 2023 году падобнага зьместу падтрымана 141 краінай, супраць выступілі 7 дзяржаў.

Беларусь разам з Расеяй увесь час галасавалі супраць.

Беларусь і Расею падтрымлівае невялічкая купка самых адыёзных рэжымаў у сьвеце

У рэзалюцыі Генэральнай асамблеі ААН ад 24 лютага 2026 году «Падтрымка ўстойлівага міру ва Ўкраіне» адзначаецца, што «поўнамаштабнае ўварваньне Расейскай Фэдэрацыі ва Ўкраіну працягваецца ўжо чатыры гады і па-ранейшаму мае вельмі згубныя і доўгатэрміновыя наступствы для Ўкраіны і для рэгіянальнай і глябальнай стабільнасьці». Пацьвярджаецца «цьвёрдая прыхільнасьць сувэрэнітэту, незалежнасьці, адзінству і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны ў межах яе міжнародна-прызнаных межаў».

Рэзалюцыя была прынятая 107 галасамі «за». Устрымалася 51 краіна, супраць было 12. Акрамя Беларусі і Расіі гэта Іран, КНДР, Куба, Малі, Нікарагуа, Нігер, Эрытрэя, Судан, Буркіна-Фасо і Бурундзі.

То бок гэтыя галасаваньні ў ААН яскрава засьведчылі, што ўсе размовы пра Глябальную Большасьць — прапагандысцкі міт, ідэалягічная канструкцыя для спажываньня ўнутранай аўдыторыяй Расеі і Беларусі. Няма ніякай кансалідаванай большасьці, якая супрацьстаіць Захаду. Наадварот, Беларусь і Расея супрацьпаставіла сябе абсалютнай большасьці дзяржаў сьвету. Іх падтрымлівае невялічкая купка самых адыёзных рэжымаў у сьвеце.

Сярод краін на тэрыторыі былога СССР цяперашнюю рэзалюцыю падтрымалі Грузія, Латвія, Літва, Малдова, Эстонія, устрымаліся Армэнія, Казахстан, Кыргызстан, Таджыкістан, Узбэкістан, не галасавалі Азэрбайджан, Туркмэністан.

З Масквой не салідарызаваліся нават саюзьнікі па АДКБ! Толькі Беларусь ня можа выскачыць з прарасейскай каляіны.

Ігар Сакрэта: ААН сапсавала праблема правоў чалавека

Тым часам у Жэнэве на 61-й сэсіі Савета ААН па правах чалавека (СПЧ) намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Ігар Сакрэта назваў асноўны чыньнік, як прадукуе неэфэктыўнасьць ААН.

«Супярэчлівы і разьяднальны праваабарончы парадак дня стаў галоўнай прычынай такога стану нашай арганізацыі», — заявіў ён.

То бок калі б ААН не займалася тэмай правоў чалавека, то арганізацыя квітнела б, разьвівалася, была эфэктыўнай. Яе сапсавалі праваабарончыя пытаньні, таму, маўляў «праца СПЧ усё больш і больш становіцца правальнай, ператвараючыся ў фарс».

Агрэсіўная прапаганда — адзінае, што можа беларускі рэжым супрацьпаставіць крытыцы з боку ААН

Паводле Ігара Сакрэты, Захад выкарыстоўвае тэму правоў чалавека дзеля ўмяшаньня ва ўнутраныя справы другіх краін, вырашэньня сваіх геапалітычных задач. У перакладзе на зразумелую мову гэта азначае, што нельга перашкаджаць дыктатарскім рэжымам рабіць з сваімі народамі ўсё, што яны захочуць.

Намесьнік міністра выцягнуў з архіву і выклаў старую савецкую канцэпцыю, што галоўным для людзей зьяўляецца права на бясьпеку, а таксама сацыяльна-эканамічныя правы, а не грамадзянскія ці палітычныя свабоды. І ў сфэры сацыяльна-эканамічных правоў, маўляў, Беларусь робіць больш, чым заходнія суседзі, краіны Эўропы.

Агрэсіўная прапаганда — гэта адзінае, што можа беларускі рэжым супрацьпаставіць крытыцы з боку ААН, апраўдаць ізаляцыю краіны ў гэтай арганізацыі.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Палітычны аглядальнік Радыё Свабода

    Кандыдат гістарычных навук, аўтар кнігі «Александр Лукашенко. Политический портрет» (2010), адзін з самых цытаваных палітычных камэнтатараў Беларусі.

    На Свабодзе — ад 1999 году.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG