Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прымусовае выправаджэньне з краіны і зьдзекі з бацькоў пры дзецях,— новы даклад Групы незалежных экспэртаў ААН пра Беларусь

Дзяржаўныя сьцягі ля будынку Рады правоў чалавека ААН у Жэнэве, архіўнае фота
Дзяржаўныя сьцягі ля будынку Рады правоў чалавека ААН у Жэнэве, архіўнае фота

Група незалежных экспэртаў у пытаньні правоў чалавека ў Беларусі выпусьціла даклад для Рады правоў чалавека (РПЧ) ААН.

Праваабарончы цэнтар «Вясна» пераказвае ключавыя пункты дакумэнту, у якім Група абагульніла свае высновы аб парушэньнях правоў чалавека і злачынствах супраць чалавечнасьці, учыненых уладамі Беларусі пасьля 1 траўня 2020 году, ад пачатку прэзыдэнцкай кампаніі.

«Улады Беларусі працягвалі адвольна арыштоўваць і затрымліваць людзей за іх фактычную або меркаваную апазыцыйнасьць ураду, а затым караць іх нялюдзкімі ўмовамі ўтрыманьня пад вартай, неправамерным абыходжаньнем і катаваньнямі», — канстатуе Група.

Група таксама задакумэнтавала практыку транснацыянальных рэпрэсіяў супраць беларусаў, якія апынуліся ў выгнаньні.

Праваабаронцы занепакоеныя сьмерцю ў зьняволеньні васьмі палітычных вязьняў.

Працяглая практыка парушэньняў

Група незалежных экспэртаў зьбірае сьведчаньні й матэрыялы аб тым, што адбываецца ў Беларусі з 1 траўня 2020 году.

«Улады праз свае сілавыя структуры сыстэматычна ўціскаюць свабоду думак, мірныя сходы, аб’яднаньне і справядлівы судовы разбор. Беларусы цярпяць ад нялюдзкіх умовах утрыманьня пад вартай, неправамернага абыходжаньня і катаваньняў. Правы лесьбіянак, геяў, бісэксуальных, трансгендэрных, квір- ды інтэрсэкс-людзей таксама былі патаптаныя», — гаворыцца ў высновах Групы.

Нялюдзкія ўмовы ўтрыманьня пад вартай

Група незалежных экспэртаў лічыць, што дзяржава Беларусь працягвае сыстэматычна парушаць свае міжнародныя абавязаньні што да абыходжаньня са зьняволенымі, якіх трымаюць у калёніях, турмах, сьледчых ізалятарах. Група прыводзіць у спавешчаньні прыклад:

«Адзін з апытаных, бацька шасьцёх дзяцей, паведаміў, што ў 2021 годзе ў Менску яго арыштавалі на вачах сям’і за меркаваны ўдзел у пратэстах 2020 году. Ён быў вызвалены ў студзені 2025 году пасьля больш як чатырох гадоў адвольнага ўтрыманьня пад вартай у чатырох розных установах, раскіданых па тэрыторыі Беларусі. Ён апісаў умовы свайго ўтрыманьня пад вартай як „катаваньне холадам“ і падрабязна расказаў, як сон цягам некалькіх гадоў на ледзяной бэтоннай падлозе камэры памерам два на два мэтры ў папраўчых калёніях № 15 і № 17 аказаў сур’ёзны і працяглы ўплыў на яго фізычнае й псыхічнае здароўе».

Катаваньні й неправамернае абыходжаньне

Пэрыяд пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі быў адзначаны паўсюдным ужываньнем сіламі бясьпекі катаваньняў і неправамернага абыходжаньня, накіраваных у першую чаргу на пакараньне дэманстрантаў, каб узьнік страх, лічыць Група:

«Апытаныя апісвалі нанясеньне ўдараў кулакамі і нагамі, пабіцьцё дручкамі або іншымі прадметамі, а таксама ўзьдзеяньне электрашокавымі прыладамі на розныя часткі цела, калі затрыманыя былі зьнерухомленыя. У абмежаваным ліку выпадкаў паведамлялі пра абліваньне вадой перад ударамі токам. Група таксама атрымала заявы аб сэксуальным гвалце і пагрозах яго ўжываньня».

Парушэньні права на свабоду асацыяцыі

Група размаўляла з былымі працаўнікамі сядзібы «Імагуру» — кампаніі, якая аб’ядноўвае прадпрымальнікаў, інвэстараў і адмыслоўцаў у дзелавых апэрацыях.

«Пасьля хвалі адвольных арыштаў і затрыманьняў многія зь яе суппрацоўнікаў уцяклі зь Беларусі. У ліпені 2023 году былы дырэктар кампаніі быў арыштаваны і асуджаны, а ў жніўні 2023 году кампанія была ўключана ў сьпіс экстрэмісцкіх фармаваньняў у Беларусі й пасьля зьліквідаваная. Заснавальнікі, якія ўцяклі зь Беларусі і былі апытаныя Групай незалежных экспэртаў, былі завочна ў сьнежні 2024 асуджаныя на 11 і 12 гадоў пазбаўленьня волі адпаведна. Акрамя таго, іхную маёмасьць сканфіскавалі, а банкаўскія рахункі замарозілі».

Прымусовае выгнаньне з краіны

Да новых відаў практык парушэньняў правоў чалавека, якія раней Група не апісвала, адносяцца:

  • Прымусовае выгнаньне з краіны — улады ў 2025 годзе вызвалілі з турмы, а затым выслалі з краіны агулам 192 чалавекі, зь якіх прынамсі 162 былі затрыманыя з палітычна матываваных прычынаў.
  • Прымусовыя памілаваньні — супрацоўнікі пэнітэнцыярнай службы, байцы АМАПу або прадстаўнікі Генэральнай пракуратуры аказвалі палітычна матываваны ціск на людзей, якія знаходзяцца пад вартай, каб тыя прасілі аб памілаваньні.
  • Транснацыянальныя рэпрэсіі — дзеяньні, якія ўчыняе дзяржава з мэтай перасьледу, прымусу да маўчаньня або пакараньня за іншадумства, за крытыку ў яе адрас або выступу ў абарону правоў чалавека за межамі яе тэрыторыі. Да іх адносяцца: публічныя пагрозы ад Лукашэнкі, крымінальныя справы, завочныя судовыя разборы, канфіскацыя маёмасьці й замарожваньне актываў, уключэньне ў сьпіс экстрэмісцкіх арганізацыў і ў сьпісы «экстрэмістаў» і «тэрарыстаў», перасьлед журналістаў у выгнаньні, перашкоды для мабільнасьці (т. зв. «пашпартны ўказ»), ціск на сваякоў.


Умяшаньне ў сямейнае жыцьцё

Экспэрты праверылі выпадкі, калі ўлады арыштоўвалі і затрымлівалі з палітычна матываваных прычынаў абаіх бацькоў дзяцей, а таксама чалавека, які быў адзіным апекуном дзіцяці. Арышты суправаджаліся гвалтам, а супрацоўнікі сілавых органаў часта абражалі бацькоў у прысутнасьці іхных дзяцей. Пасьля арыштаў бацькоў везьлі, ня даўшы ім магчымасьці растлумачыць сытуацыю сваім дзецям.

Група задакумэнтавала выпадак, калі маці дваіх дзяцей арыштавалі і асудзілі ў 2020 годзе на пяць гадоў зьняволеньня, а мужа яе таксама ўзялі пад варту:

«Пасьля яе арышту ейныя бацькі ўзялі на сябе апеку над унукамі. Бабуля дзяцей наважылася ўцякаць зь Беларусі разам з унукамі, бо баялася, што ўлады зьмесцяць іх у дзіцячы дом, бо іхныя мама і тата былі затрыманыя паводле крымінальных абвінавачаньняў».

Парушэньні правоў жанчын у зьняволеньня

Жанчыны, арыштаваныя або затрыманыя на падставе палітычна матываваных абвінавачаньняў, часта праходзілі неабгрунтаваны надгляд з разьдзяваньнем, часам у прысутнасьці мужчын. Таксама жанчынам не хапала або ім адмаўлялі ў доступе да мэдычнай дапамогі, якая адпавядае іхным патрэбам:

«Яны таксама былі пазбаўленыя асноўных прадметаў гігіены, уключна з гігіенічнымі пракладкамі. Умовы ўтрыманьня пад вартай, у тым ліку ўзьдзеяньне холаду, згубна адбіваліся на здароўі жанчын-зьняволеных, якія пачыналі хварэць, у тым ліку на ўралягічныя хваробы», — паведамляе Група.

Брак супрацы ўраду

Група незалежных экспэртаў расказвае, што ня раз спрабавала зьвязацца з уладамі дзяржавы з просьбай дазволіць ёй наведаць Беларусь.

Аднак «на момант складаньня спавешчаньня ўсе паведамленьні застаюцца без адказу».

Выступ «афіцыйнай» дэлегацыі ў ААН

У сваю чаргу, улады Беларусі адмаўляюць усякія абвінавачаньні і вэрбальна нападаюць на праваабарончыя ініцыятывы на міжнародных пляцоўках. Праца Рады правоў чалавека ААН «усё больш і больш становіцца правальнай, ператвараецца ў фарс». З такой заявай выступіў намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Ігар Сякрэта на сэгмэнце высокага ўзроўню 61-й сэсіі Рады правоў чалавека ААН 24 лютага, паведаміла беларускае МЗС.

Пра спэцыяльных спавяшчальнікаў і незалежных экспэртаў беларускі чыноўнік заявіў, што яны «прысабечылі ролю квазісьледчых і квазісудовых органаў: наўпрост умешваюцца ўва ўнутраныя справы сувэрэнных дзяржаваў».

Такім быў адказ уладаў Беларусі на заклік 17 праваабарончых арганізацыяў працягнуць і ўзмацніць мандаты спэцыяльнага спавяшчальніка ААН аб правах чалавека ў Беларусі і профільнай Групы незалежных экспэртаў.

Пра тое, чаму ўлады перашкаджаюць працы незалежных міжнародных экспэртаў у краіне і чаму ў дзяржаве надалей шырока перасьледуюць за палітычныя погляды, Ігар Сякрэта нічога не сказаў.

Мандат спэцыяльнага спавяшчальніка аб правах чалавека ў Беларусі Нілса Муйжніекса дзейнічае да ліпеня 2026 году. Яго даклад будзе прэзэнтаваны РПЧ на яе 62-й сэсіі ў чэрвені.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG