Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады на роўным месцы стварылі палітычны блэкаўт. Аналіз Валера Карбалевіча

Лагойск бяз вулічнага асьвятленьня 4 лютага 2026
Лагойск бяз вулічнага асьвятленьня 4 лютага 2026

Сьцісла

  • У выніку рашэньня Лукашэнкі Менск і іншыя беларускія гарады пагрузіліся ў цемру.
  • Сацыяльныя сеткі выбухнулі нэгатыўнымі рэакцыямі ад беларусаў.
  • Такіх памылковых рашэньняў Лукашэнкі, якія пакорліва выконвае ўладная вэртыкаль, раней было шмат.

Сытуацыя з адключэньнем сьвятла ў беларускіх гарадах зь ініцыятывы Аляксандра Лукашэнкі высьвяціла праблему пэрсаналісцкіх аўтакратый. У іх адсутнічае сыстэма стрымак і проціваг, мэханізм адбракоўкі памылковых рашэньняў, няма нават простай страхоўкі ад элемэнтарных ляпаў у кіраваньні.

Менск пагрузіўся ў цемру

У той час, калі сьвет з жахам назірае, як у выніку расейскіх атак Кіеў ды іншыя ўкраінскія гарады пагружаюцца ў цемру, у Беларусі адбываецца нешта падобнае. Але ў выніку рашэньня Аляксандра Лукашэнкі. Тут адбываецца такі штучны, можна сказаць, палітычны блэкаўт.

Улады штучна стварылі аварыйную сытуацыю нацыянальнага маштабу

Усё пачалося з таго, што падчас нарады 3 лютага Лукашэнка абурыўся тым, што дзяржава нібыта выдаткоўвае велізарныя грошы на вулічнае асьвятленьне. У прыватнасьці, ён запатрабаваў уключаць асьвятленьне толькі, а 20-й гадзіне, а выключаць, а 7-й раніцы. Загад быў хутка выкананы.

Ужо ўвечары 4 лютага Менск і іншыя беларускія гарады пагрузіліся ў цемру. Двухмільённая сталіца на гадзіну апынулася без вулічнага асьвятленьня. Фантасмагарычная карціна, як у трылерах ці фантастычных фільмах. Улады штучна стварылі аварыйную сытуацыю нацыянальнага маштабу. У Дзяржаўнай аўтаінспэкцыі раней нагадвалі, што найбольш небясьпечны для аварыяў на дарогах час — зьмярканьне і сьвітанак. Пасьля загаду Лукашэнкі гарадзкое асьвятленьне зьнікла акурат тады, калі дарослыя людзі вяртаюцца з працы, а дзеці — з школаў пасьля другой зьмены.

Сацыяльныя сеткі загулі. У беларускім сэгмэнце сеціва зьявіліся тысячы абураных рэакцый ад людзей з розных канцоў Беларусі.

Няма мэханізму адбракоўкі памылковых рашэньняў

Цяперашні палітычны блэкаўт высьвяціў праблему пэрсаналісцкіх аўтакратый. У іх адсутнічае сыстэма стрымак і проціваг, мэханізм адбракоўкі памылковых рашэньняў, няма нават простай страхоўкі ад элемэнтарных ляпаў у кіраваньні. Гэта часта прыводзіць да сытуацыі, калі самая дробная памылка, запушчаны зьверху капрыз уладара, бесьперашкодна пераносіцца на ўсё грамадзтва з ўсімі адпаведнымі наступствамі. Цяпер маем якраз такі выпадак. Такія сытуацыі будуць паўтарацца, бо яны запраграмаваныя самой палітычнай сыстэмай.

Такія сытуацыі будуць паўтарацца, бо яны запраграмаваныя самой палітычнай сыстэмай

За больш як 30 гадоў лукашэнкаўскага кіраваньня падобных прыкладаў было шмат. Вялікі аматар хакею калісьці запатрабаваў, каб лядовыя палацы будаваліся ў райцэнтрах — у выніку велізарны фінансавы цяжар іх абслугоўваньня лёг на мясцовыя бюджэты.

У 2017 годзе Лукашэнка загадаў перанесьці пачатак заняткаў у школах з 8 на 9 гадзін, бо, маўляў, дзеці не высыпаюцца. І ў шматлікіх камэнтарах тады згадалі пра сына Колю, які ў той час быў школьнікам. Тым ня менш, школы перавялі на новы графік, што стварыла шмат нязручнасьцяў, асабліва там, дзе заняткі адбываліся ў дзьве зьмены.

Дэфіцыт ці прафіцыт электраэнэргіі

Тым часам дзяржаўная прапаганда імкнецца даказаць, якое мудрае рашэньне прыняў Лукашэнка з асьвятленьнем гарадоў. Газэта «Минская правда» даводзіць, што асьвятляць вуліцы ў Маладзечна «дапамагае падаючы сьнег». Вядомы прапагандыст Рыгор Азаронак даў дасьціпную параду: «Вечарам дома каханьнем трэба займацца».

Улада і грамадзтва жывуць у паралельных рэчаіснасьцях. Ніхто ня зьдзівіцца, калі зараз ГУБАЗіК пачне хапаць людзей за нэгатыўныя камэнтары і судзіць за «дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь».

Варта згадаць, што ў студзені на фоне аварыі на цепламагістралі ў Менску Лукашэнка загадаў зьнізіць тэмпэратуру ў кватэрах і дамах, каб зьменшыць нагрузку на цепласетку. Усё гэта дзіўна, бо з пабудовай АЭС у краіне зьявіўся прафіцыт электраэнэргіі, і ўлады неаднаразова абмяркоўвалі, што рабіць з гэтым лішкам, ці то біткойн майніць, ці электрамабілі ўкараняць.

Атрымоўваецца, што сьвятло на вуліцах — ня норма, а льгота, узнагарода ад дзяржавы за добрыя паводзіны?

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG