5 лютага варшаўскі шэлтар для беларусаў наведала Сьвятала Ціханоўская і прадстаўнікі яе каманды. Яны даведаліся пра праблемы прытулку ад яго заснавальніц, а таксама паразмаўлялі з жыхарамі.
Спачатку беларускі шэлтар у Варшаве называлі «Церамком», потым гэты назоў раскрытыкавалі за тое, што ён не беларускі і жартам прытулак сталі называць «Людзі на балоце» (ён месьціцца на вуліцы Блотнай — РС). Цяпер шэлтар вырашылі назваць «Зацішша» (недалёка станцыя мэтро з такой назвай).
Раней у варшаўскі шэлтар прыяжджалі людзі зь Беларусі, якія адбылі тэрмін пакараньня, выехалі за мяжу самі альбо іх эвакуявалі з дапамогай фонду BySol, распавяла заснавальніца шэлтару Ганна Федаронак.
«Да нас ехалі людзі зь Беларусі і ведалі, што ў іх ёсьць прытулак для пражываньня ў Варшаве прынамсі на 2 месяцы, пакуль яны знойдуць жытло, працу. У людзей быў гарантаваны дах над галавой.
Пасьля вялікага сьнежаньскага вызваленьня палітвязьняў мы прынялі 16 чалавек. Больш мы ня можам засяліць, бо людзям будзе ня вельмі камфортна жыць: у нас толькі адна кухня і два санвузлы. Хочацца больш камфортных умоваў для людзей», — кажа спадарыня Ганна.
Людзі вызваляюцца з калёній і таксама хочуць прыехаць. Але пакуль іх няма куды прыняць. Толькі на гэтым тыдні адмовілі семярым чалавекам зь Беларусі, бо іх фізычна няма куды пасяліць, працягвае яна.
«Канечне, можна разьмясьціць яшчэ некалькі чалавек у агульнай залі — тут ёсьць дзьве канапы. Але людзям будзе некамфортна жыць. Нам патрэбны больш вялікі дом, хаця б на чалавек 30. А калі будуць наступныя вялікія партыі вызваленых, узьнікнуць новыя праблемы і выклікі», — мяркуе Ганна Федаронак.
Мэрыя Варшавы пакуль ня можа дапамагчы
Беларусы зьвярталіся ў мэрыю Варшавы, каб ім дапамаглі арандаваць больш вялікі дом. Ім адказалі, што пакуль працуюць праграмы адаптацыі для ўкраінцаў (прынамсі, да сакавіка 2026 года) — беларусам нічым ня могуць дапамагчы. Да таго ж, пад шэлтары многія гаспадары ня хочуць здаваць свае дамы. Таму Ганна Федаронак і Алеся Буневіч просяць офіс Сьвятланы Ціханоўскай таксама паспрыяць знайсьці больш прасторны дом пад шэлтар.
Шэлтар цалкам абсталяваны мэбляй, нядаўна зьявілася чацьвёртая лядоўня, ёсьць некалькі тэлевізараў — гэта ўсё прыносілі беларусы. Зараз арэнда гэтага дома з камунальнымі паслугамі абыходзіцца ў 4 тысячы эўра, выдаткі пакрывае Міжнародны гуманітарны фонд, дапамагае ініцыятыва «Вольныя».
Таксама зацягваецца рэгістрацыя ўласнага фонду «Прытуляй мяне», які заснавалі Ганна Федаронак і былая палітзьняволеная Алеся Буневіч (юрыстка няправільна аформіла дакумэнты, іх давялося перарабляць). А пакуль няма рэгістрацыі, няма афіцыйнага рахунку. Пра гэтыя праблемы заснавальніцы шэлтару падзяліліся са Сьвятланай Ціханоўскай.
Жыхары шэлтара выказалі падзяку ўсім беларусам, якія пастаянна прыносяць прадукты, адзеньне, іншыя неабходныя рэчы. У гаражы шэлтара цэлы склад адзеньня, кажа Ганна Федаронак.
«Запрашаем усіх беларусаў прыходзіць за рэчамі. Ёсьць шмат пампэрсаў на немаўлятак ад 3 да 5 кг — раздаем іх задарма. Шмат адзеньня і абутку на дарослых у добрым стане — прыходзьце, калі ласка».
«Салідарнасьць беларусаў ня мае межаў»
Сьвятлана Ціханоўская падзякавала Ганне Федаронак і Алесі Буневіч.
«На такіх людзях і трымаецца гэта салідарнасьць. Дзякуй што вы гэтым займаецеся: ведаю як гэта цяжка. Я адчуваю, што тут мала прасторы. І што новая партыя вызваленых таксама ляжа на нашы плечы. Я вельмі ўдзячная і героям: што вы вытрымалі, не здаліся. І ўпэўнена: калі вы самі станеце на ногі, будзеце таксама дапамагаць. Салідарнасьць беларусаў ня мае межаў, я ў гэтым пераканалася», — сказала Сьвятлана Ціханоўская.
Больш за гадзіну былыя палітвязьні размаўлялі са Сьвятланай Ціханоўскай, задавалі пытаньні, дзяліліся сваімі праблемамі. Былі і пачастункі: дранікі, выпечка.
Форум